Каментарыі Т.І. Доўнар да статута

Статут 1588

Поўная версія тэксту [PDF]

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 годаПрывілей Жыгімонта III ад 11.02.1588 года падкацлеру Вялікага княства Літоускага Льву Сапегу на права друкаваць і выдаваць Статут дае права і даручае падканцлеру дзяржавы друкаваць і выдаваць законы і статуты. Неабходнасць друкавання законаў абгрунтоўваецца тым, што рукапісныя законы ствараюць шкодную разнастайнасць закона і цяжкасць у яго разуменні.

Прывілей аб зацвярджэнні Статута ад 28.01.1588 г. выдадзены ў сувязі з тым, што кандыдат на каралеўскі трон (прастол) у Рэчы Паспалітай швецкі каралевіч Жыгімонт Ваза, імкнучыся заручыцца падтрымкай феадалаў Вялікага княства Літоўскага (кандыдатамі на каралеўскі трон вылучаліся таксама аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян і рускі цар Фёдар Іванавіч), на наступны дзень пасля каранацыі 28.01.1588 года падпісаў прывілей аб зацвярджэнні Статута, які ўводзіўся ў дзеянне з 6 студзеня 1589 года.

Прысвячэнне Статута і зварот да ўсіх станаў

Леў Сапега, звяртаючыся не толькі да Жыгімонта ІІІ, але да шырокага кола насельніцтва Княства, папярэджвае на гістарычных прыкладах аб небяспечнасці тыраніі манарха ў дзяржаве. Спасылаючыся на аўтарытэт Арыстоцеля, ён амаль даслоўна цытуе яго словы: «Хто патрабуе, каб панаваў закон, відавочна патрабуе, каб панавалі боскасць і розум, а хто патрабуе, каб панаваў чалавек, прыўносіць у гэта жывёльны пачатак… Закон - гэта свабодны ад бессвядомых позваў розум». Спасылаючыся затым на Цыцэрона, Л.Сапега гаворыць, што закон з'яўляецца мундштуком або удзілам, які стрымлівае бяспраўе і злых, нястрыманых людзей і далей сцвярджае, што людзі з'яўляюцца нявольнікамі закона для таго, каб маглі свабодна карыстацца вольнасцямі ў дзяржаве. Нават сам гаспадар дзяржавы павінен дзейнічаць у межах закона. Тым самым Л.Сапега тэарэтычна абгрунтоўвае неабходнасць абмежавання ўлады манарха, захавання рэжыму законнасці і правапарадку ў дзяржаве з мэтай забеспячэння праваў чалавека і яго свабоднага развіцця. Ён ганарыцца тым, што сам Статут напісаны не якой-небудзь "обчай" (агульнай) мовай (мелася на ўвазе латынь), а сваёй уласнай мовай, мовай народа.

Раздзел 1

Арт. 1. Замацоўваецца прававы прынцып адзінства права. Гаспадар аб'яўляе, што ўсе феадалы, шляхта, гараджане і ўвогуле ўсе падданыя дзяржавы, усе «от вышшого стану аж до нижшого», таксама і чужаземцы з гэтага часу будуць судзіцца і справавацца пісаным правам - артыкуламі дадзенага Статута. Упершыню аналагічная норма з'явілася у Статуце 1529 года (р. 1, арт. 9).

Арт. 2. Забарона завочнага абвінавачвання утрымлівалася ўжо ў граматах (1434, 1447 гадоў і інш.), затым была ўведзена ў папярэднія Статуты. Узбуджаныя справы павінны былі разглядацца толькі ў судовым парадку, у прысутнасці абвінавачанага і абвінаваўцы. Апошні ў выпадку ілжывага агавору належыў такому пакаранню, якое пагражала абвінавачанаму.

Арт. 4. Тэрмін «ображенье маестату господарского», які быў запазычаны з рымскага права, азначаў усялякія дзеянні, накіраваныя супраць манарха. Ад адказнасці за такія злачынствы не вызваляліся ніякія асобы, нават самыя радавітыя. Не вызвалялі ад адказнасці і дадзеныя раней прывілеі. Такія справы разглядаліся судом у адпаведнасці з законам. Тыя ж справы, якія тычыліся шляхецкага гонару, або за якія прадугледжавалася смяротнае пакаранне, разглядаліся соймавым судом.

Арт. 6. Рэгламентуецца крымінальная адказнасць за такое дзяржаўнае злачынства, як уцёкі з тэрыторыі дзяржавы з мэтай здрады.

Арт. 10. Закон ахоўвае парадак пры двары вялікага князя, што было абумоўлена і наяўнасцю у шляхты зброі (у тым ліку і агнястрэльнай).

Арт. 11. Пад пагрозай крымінальнага пакарання забаранялася супярэчыць судовым пастановам вялікакняжацкага суда і суда паноў радных.

Арт. 12. Рэгламентуюцца падставы і парадак выдачы пэўным асобам з вялікакняжацкай канцылярыі ахоўнай граматы (глейта, жалезнага ліста). Упершыню гэта норма была ўведзена Статутам 1566 года (р.1, арт.7).

Арт. 14. Рэгламентуюцца падставы і парадак выдачы з вялікакняжацкай канцылярыі т.зв. мандату - спецыяльнага нарматыўнага акту. Вызначаецца падсуднасць судоў пры разглядзе спраў па першай інстанцыі.

Арт. 16. Развіваюцца палажэнні папярэдніх статутаў аб адказнасці за падробку і фальшаванне пячатак, а таксама розных дзяржаўных, службовых і судовых дакументаў.

Арт. 18. Паўтараюцца палажэнні агульназемскіх грамат (1434, 1447 гг. і інш.) і папярэдніх Статутаў аб адказнасці кожнага чалавека за ўласную віну (прынцып індывідуалізацыі адказнасці).

Арт. 20. Вялікі князь абавязваецца ў выпадку ўзнікнення спрэчак адносна сваіх землеўладанняў і царкоўных, а таксама ўласных і шляхецкіх, судзіцца тым жа законам, што і ўсе падданыя дзяржавы, што сведчыла аб нарматыўнай рэалізацыі абвешчанага Статутам прынцыпа адзінства права.

Арт. 21. Рэгламентуецца парадак выдачы з вялікакняжацкай канцэлярыі спецыяльных лістоў адносна прыпынення або адкладу разгляда судовай справы, даецца дакладны пералік падстаў выдачы.

Арт. 22. Усе службовыя асобы дяржавы абавязваліся ў мірны час неадкладна з'яўляцца па вызаву ў суд. Закон не дазваляў адмаўляцца ад яўкі ў суд пад матывам выканання службовых абавязкаў. Таксама і вялікі князь не меў права іх вызваляць ад гэтага сваімі спецыяльнымі лістамі. Кожны са службоўцаў абавязваўся асабіста, або праз уапўнаважаных спецыяльнымі лістамі пэўных асоб, удзельнічаць у разглядзе судовай справы ў адпаведнасці з законам. Выключэнне складалі выпадкі, прадугледжаныя арт.21 гэтага раздзела, а таксама арт.23 чацвертага раздзела (цяжкая хвароба). Такім чынам рэалізоўваліся абвешчаныя Статутам прынцыпы справядлівасці і ўсеагульнасці права.

Арт. 27. Рэгламентуецца парадак выдачы ахоўнага (жалезнага) ліста асобам, якія апынуліся ў складаным жыццёвым становішчы. Забаранялася выдаваць іх пэўным асобам. Паводле Статута 1566 года жалезныя лісты не выдаваліся супраць шляхты простым людзям, купцам, яўрэям.

Арт. 28. Калі ў адпаведнасці са Статутам 1566 года справы аб шляхецкім гонару разглядаліся вялікакняжацкім судом, то дадзены артыкул рэгламентуе неадкладны разгляд справы на бліжэйшым паседжанні сойма, а ў крайнім выпадку - на наступным. Да судовага разбіральніцтва асоба лічылася невінаватай. Гэты артыкул сведчыў (як і іншыя артыкулы Статута) аб заканадаўчай рэгламентацыі прынцыпа прэзумпцыі невінаватасці.

Арт. 29. Дадзены артыкул развівае палажэнні папярэдніх статутаў, рэгламентуе мытныя пошліны і абавязкі мытнікаў, забараняе жыхарам дзяржавы самавольна ўтвараць новыя мытні і інш. Ён накіраваны на развіцце рамяства і гандлю ў дзяржаве.

Арт. 30. Дазваляецца ўсім феадалам свабодна гандляваць збожжам, якое было вырашчана на іх уласных землях, без выплаты гандлевых пошлін. Дапаўняльна да аналагічнага артыкула папярэдняга Статута прыводзіцца тэкст прысягі адносна таго, што гэта збожжа (або тавар) менавіта з уласнага маёнтка, а не купленыя дзе-небудзь у іншым месцы.

Арт. 32. Паўтараюцца палажэнні папярэдніх Статутаў адносна таго, што законнымі прызнаваліся тыя вялікакняжацкія граматы на маёнткі і пасады, якія былі выдадзены першымі ў часе. У выпадку, калі хто-небудзь атрымаў паўторную грамату, законнай прызнавалася першая.

Арт. 34. У сувязі з тым, што феадалы часта займалі па некалькі пасад у дзяржаве, упершыню рабілася спроба абмежавання атрымання адной асобай некалькіх службовых пасад.

Раздзел 2

Арт. 1. Вызначае катэгорыі насельніцтва, якія нясуць воінскі абавязак і адказнасць за ўхіленне ад яе выканання. Вялікі князь абяцае прызначаць на пасаду гетмана дзяржавы (галоўнай вайсковай асобы) толькі годных і дасведчаных шляхціцаў, якія з'яўляюцца ўраджэнцамі дзяржавы.

Арт. 2. Заканадаўча замацоўваецца правіла вырашэння пытанняў адносна вайны і ваенных падаткаў толькі на агульнадзяржаўным сойме, прычым вайну можна было пачынаць толькі з дазволу ўсіх станаў.

Арт. 3. Закон не дазваляе ні вялікаму князю ні гетману вызваляць ваеннаабавязаных асоб ад воінскай службы. Выключэнне складалі асобы, якія знаходзіліся на іншай дзяржаўнай службе.

Раздзел 3

Арт. 1. Вялікі князь абяцае пад прысягаю ўсім жыхарам дзяржавы, нягледзячы на Люблінскую ўнію, захоўваць суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага, правы саслоўя шляхты і ўсіх іншых станаў, клапаціцца аб прыбытках і узвышэнні дзяржавы.

Арт. 2. Паўтараюцца палажэнні папярэдняга Статута. Гаспадар дзяржавы абяцае захоўваць усіх людзей у дзяржаве пры свабодах і вольнасцях. Палажэнне гэта толькі пракламіравалася і, магчыма, было ўведзена ў якасці даніны старажытнасці, калі ўсе свабодныя людзі маглі ўдзельнічаць у вечавых сходах, бо фактычна простыя людзі не мелі такіх правоў. У артыкуле даецца пералік вялікіх князей Вялікага Княства Літоўскага, акрамя Стэфана Баторыя, што сведчыць аб тым, што менавіта пры ім распрацоўваўся праект гэтага Статута.

Арт. 3. У сувязі з існаваннем у дзяржаве розных рэлігійных канфесій, вялікі князь абавязваецца ахоўваць у грамадстве парадак і спакой паміж рознымі ў веравызнанні людзьмі.

Арт. 4. Артыкул дапаўняе палажэнні першага артыкула дадзенага раздзела і абавязвае гаспадара, нягледзячы на Люблінскую унію, не толькі захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, але і дамагчыся звароту тых зямель, якія былі адарваны раней ад дзяржавы.

Арт. 5. Паўтараюцца і ўдакладняюцца палажэнні арт.4 трэцяга раздзела Статута 1566 года, у якіх вялікі князь пад прысягай абяцае ўсім жыхарам дзяржавы не адымаць у іх зямель, не пазбаўляць вольнасцей, дарчых грамат і іншых прывілеяў, падпарадкоўвацца статутавым нормам.

Арт. 6. Удакладняюцца і дапаўняюцца палажэнні папярэдняга Статута 1566 года адносна парадка выбару дэпутатаў ад паветаў на сойм дзяржавы. Гаворыцца аб дзейнасці павятовых соймікаў, удакладняецца кампетэнцыя сойма як вышэйшага заканадаўчага органа дзяржавы.

Арт. 7. Рэгламентуецца памер сумы грошай, якія выдаваліся павятовым дэпутатам на ўтрыманне пры ад'ездзе на сойм.

Арт. 8. Гаворыцца аб скліканні перад пачаткам вальнага сойма галоўнага з'езда (сойміка) у Слоніме з мэтай выпрацоўкі агульнай ад усіх зямель і паветаў інструкцыі адносна тых пытанняў, якія будуць разглядацца на сойме.

Арт. 9. Рэгламентуецца парадак склікання пасля паседжання вальнага сойма, павятовых соймікаў з мэтай справаздачы павятовых дэпутатаў. Пастановы сойма павінны былі запісвацца ў кнігі гродскіх судоў і захоўвацца ў земскіх судах.

Арт. 10. Паўтараюцца і дапаўняюцца палажэнні папярэдніх законаў адносна таго, што ўся шляхта павінна ў дзяржаве захоўвацца пры іх свабодах і вольнасцях. Як правіла, забараняліся арышт і папярэдняе зняволенне аседлага шляхціца, за выключэннем затрымання яго на месцы здзяйснення такога злачынства, за якое пагражала смяротнае пакаранне.

Арт. 12. Як і у папярэдніх заканадаўчых актах, забаранялася раздача чужаземцам пасад, званняў, зямель і іншай маёмасці.

Арт. 13. Адзін з тых артыкулаў, які сведчыў аб захаванні суверэнітэта Вялікага княства Літоўскага насуперак Люблінскай уніі. Паны радныя і іншыя службовыя асобы дзяржавы захоўваліся пры ўсіх годнасцях і ў пашане.

Арт. 14. Паўтараюцца палажэнні папярэдніх заканадаўчых актаў адносна абяцання гаспадара дзяржавы не пазбаўляць пасад і выслугаў па завочнаму абвінавачванню.

Арт. 15. Паўтораны палажэнні арт.12 трэцяга раздзела Статута 1566 года, у якіх вялікі князь абавязваецца не парушаць і не адмяняць папярэдніх законаў, а новыя законы прымаць толькі на сойме з ведама і парады паноў радных і дазволу ўсіх станаў дзяржавы.

Арт. 16. Як і Статут 1566 года, артыкул дазваляе асобам усялякага стану свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем тых дзяржаў, з якімі Вялікае княства знаходзілася ў стане вайны.

Арт. 21. Чужаземец, які набыў нерухомасць у Вялікім княстве Літоўскім, карыстаўся правамі шляхціца, калі ў вызначаным законам парадку даказваў шляхецкую годнасць.

Арт. 24. Новая норма, якая сведчыць аб зараджэнні новых, буржуазных правадносін у дзяржаве. Шляхціц, які пачаў займацца ліхвярствам, усяроўна павінен быў на падставе пастановы сойма несці воінскую службу.

Арт. 26. Як правіла, наданне шляхецкай годнасці простым лядзям дазвалялася ў выключных выпадках. Толькі ў 1775 годзе мяшчанам дазволілі набываць на праве ўласнасці шляхецкія маёнткі.

Арт. 29. Упершыню гэта норма была замацавана на Гродзенскім сойме граматай 1434 года. Артыкул гаворыць, што ад дзяржаўных павіннасцей і падаткаў вызваляюцца ўсе прыватнауласніцкія цяглыя людзі і гараджане, за выключэннем добраахвотнай згоды іх уладальнікаў, або спецыяльнай пастановы сойма дзяржавы.

Арт. 31. Заканадаўча замацоўваецца прынцып разгляду спраў свецкіх феадалаў у свецкіх судах, спраў духавенства - ў духоўных судах. Парушэнне гэтага правіла цягнула значныя матэрыяльныя страты.

Арт. 35. Вызначаецца, якім правам судзіцца гарадское насельніцтва. У гарадах, якія мелі самакіраванне - гараджане судзіліся ўласнымі судамі па магдэбургскаму праву, у іншых гарадах, а таксама ў Вільні - павінны былі судзіцца ў адпаведнасці са Статутам.

Арт. 39. Паўтараюцца і дапаўняюцца палажэнні арт.31 раздзела трэцяга Статута 1566 года аб тым, што жанчыны ў Вялікім княстве Літоўскім (дадавалася: усялякага стану) захоўваюцца пры іх вольнасцях і маюць права свабодна, за каго пажадаюць, выходзіць замуж.

Арт. 41. Упершыню на Берасцейскім сойме 1.06.1566 года была прынята пастанова аб свабодным распараджэнні усіх феадалаў сваімі маёнткамі. (Раней гэта рабілася толькі са згоды князя, а Статут 1529 года дазволіў ім распараджацца 1/3 часткай нерухомасці). Гэты артыкул быў уключаны ў Статут 1566 года, што паклала пачатак развіццю інстытута буржуазнай уласнасці. Палажэнні яго паўтораны ў дадзеным артыкуле.

Арт. 45. Для дысцыплінаванасці ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін замацоўваюцца тэрміны іскавай даўнасці, што сведчыць аб актыўным развіцці ў дзяржаве эканамічных адносін.

Арт. 46. Вялікі князь з панамі раднымі абавязваюцца судзіць усіх аднолькава справядліва і сваечасова разглядаць судовыя справы. Тыя справы, якія закраналі шляхецкі гонар, разглядаліся князем разам з панамі раднымі на сойме. Артыкул удакладняе і ў пэўнай ступні паўтарае палажэнні арт.28 першага раздзела, што сведчыць аб асаблівым клопаце ўлады аб ахове шляхецкай годнасці.

Арт. 51. Удакладняецца кампетэнцыя сойма адносна дзяржаўных падаткаў. Новыя падаткі і пошліны з дзяржаўных маёнткаў уводзіліся толькі са згоды ўсіх станаў пастановамі сойма.

Раздзел 4

Раздзел, які налічвае 105 артыкулаў, прысвечаны ў асноўным судоваму ладу і судаводству. У ім гаворыцца аб дзейнасці выбарных, аддзеленых ад выканаўчай улады земскіх судоў (арт.1), аб забароне сумяшчэння судовых пасад з адміністрацыйнымі і духоўнымі пасадамі (арт.2), аб зацвярджэнні вялікім князем кожнаму павету гербавай пячаткі (арт.12) і інш.

Арт. 57-59. Рэгламентуюцца працэсуальныя гарантыі абароны правоў асобы, у тым ліку права кожнага чалавека на абарону сваіх правоў у судзе з дапамогай адваката. Паўтараюцца і ўдакладняюцца палажэнні папярэдняга Статута 1566 года ў тым ліку і адносна таго, што калі хто-небудзь па сваёй беднасці не мог наняць адваката, асабліва гэта тычылася ўдоў і сіратаў, то адвакат яму павінен быў прызначацца бясплатна. Закон дазваляў адмовіцца ад паслуг пэўнага адваката, або замяніць яго ў судовым працэсе.

Раздзел 6

Арт. 1. Рэгламентуецца ўзрост дзеяздольнасці асобы ў Вялікім княстве Літоўскім: для мужчын з 18, для жанчын з 13 гадоў (па папярэднім Статутам - з 15 гадоў). З гэтага ўзросту яны вызваляліся з-пад апекі, маглі здзяйсняць здзелкі, распараджацца маёмасцю і інш.

Раздзел 7

Арт. 1. Паўтараецца большасць палажэнняў папярэдняга Статута. Акрамя таго, гаворыцца аб праве кожнага чалавека на валоданне сваёй маёмасцю і распараджэнне ёю.

Раздзел 8

Арт. 1. Закон забараняе завяшчаць маёмасць на карысць нявольнага чалавека да таго часу, пакуль не будзе аформлена вольная. Артыкул, які ўпершаню быў запісаны ў Статуце 1566 года, сведчыць аб пашырэнні правоў гэтай катэгорыі насельніцтва.

Раздзел 9

Арт. 32. Аб абавязках гараджан і сельскіх жыхароў трымаць дарогі ў належным стане, своечасова іх рамантаваць было запісана яшчэ ў прывілеях. Вызначэнне габарытаў дарог і правілаў дарожнага руху, зробленыя ўпершыню Статутам 1566 года, сведчыць аб імкненні заканадаўцы ахапіць заканадаўчай рэгламентацыяй як мага больш грамадскіх адносін.

Раздзел 10

Нормы раздзела прысвечаны не толькі абароне феадальнай зямельнай уласнасці, але і рэгламентацыі лясных промыслаў, ахове прыродных багаццяў і навакольнага асяроддзя. Замацоўваецца парадак карыстання зямельнымі і ляснымі ўгоддзямі (пушчамі, рэкамі, азерамі і інш.), рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з паляваннем, рыбнай лоўляй, бортніцтвам і г.д. Пад аховай закона знаходзяцца флора і фауна. Аб гэтым сведчыць вызначэнне штрафа за разбурэнне птушыных гнёздаў, даволі поўная рэгламентацыя штрафаў за дзікіх звяроў (арт.2), заканадаўчае замацаванне тэрмінаў палявання (арт. 18) і шмат іншае.

Раздзел 11

Арт. 28. Палажэнні артыкула накіраваны на абарону правоў чалавека. Пад пагрозай пакарання забараняецца ўтрымліваць самавольна ва ўласнай турме чалавека, які не быў прызнаны вінаватым у судовым парадку.

Арт. 68. Заканадаўца клапоціцца аб захаванні правапарадку ў дзяржаве і таму забараняе хаваць у сваім доме тых людзей, якія былі аб'яўлены судом па-за законам.

Раздзел 12

Арт. 1. Статут аб'яўляе, што кожны чалавек павінен паважаць чалавечыя і боскія законы і калі іх пераступае нават асоба, належачая да самага прывілеяванага саслоў'я дзяржавы, яна павінна адказваць у адпаведнасці з законам.

Крымінальная адказнасць за забойства шляхціцам простага чалавека вызначалася і папярэднімі законамі, аднак упершыню ў якасці меры пакарання прадугледжваўся не проста грашовы штраф (галоўшчына), але смяротнае пакаранне, што сведчыць аб імкненні заканадаўцы аднолькава абараняць жыццё кожнага чалавека незалежна ад яго класавай і саслоўнай прыналежнасці.

Арт. 20. Артыкул сведчыць аб адмоўных адносінах заканадаўцы да стану няволі чалавека.

Арт. 24. З 1496 года да сярэдзіны XVI ст. соймы Вялікага княства прынялі больш дзесятка пастаноў, якія прадпісвалі пераследаваць лёзных людзей (людзей без пэўных заняткаў), што знайшло адлюстраванне і ў гэтым артыкуле.

Раздзел 14

Арт. 3. Палажэнні артыкула замацоўваюць фактычна адзін з важнейшых прававых прынцыпаў - прэзумпцыю невінаватасці. Закон прама абавязвае суд у няпэўных выпадках, пры ўзнікненні сумненняў суддзяў адносна вінаватасці падсуднага схіляцца да вызвалення яго ад адказнасці. Гэта правіла пашыралася і на простых людзей.

Арт. 11. Артыкул сведчыць аб тэндэнцыі гуманізацыі права ў Вялікім княстве Літоўскім. Узрост крымінальнай адказнасці асобы павялічваецца з 14 гадоў (па Статуту 1566 года) да 16 гадоў.

Арт. 36. Адмоўнае стаўленне заканадаўцы да стану няволі чалавека пацвярджаецца абмежаваннем крыніц нявольніцтва і ўвядзеннем замест назвы "чэлядзь нявольная" новай назвы - «чэлядзь дваровая».

Арт. 37. Артыкул рэгламентуе парадак увядзення ў дзеянне Статута 1588 года.

Каментарыі Т.І. Доўнар