Акт Крэўскай унii 1385 года (выдадзены ў Крэве 14 жнiўня 1385 года)

АКТ КРЭЎСКАЙ УНII 1385 года*

Выдадзены ў Крэве 14 жнiўня 1385 года. 

Мы, Ягайла, з ласкi Божай (virtute Dei) вялiкi князь Лiтоўскi, Pyci гаспадар (dominus) i спадкаемец (дзедзiч, у тэксце - haeres, heres) прыроджаны, абвяшчаем yciм, каму належыць, i тым, якiя гэты лiст бачыць будуць, тое, пра што нам паведамiлi з боку найяснейшай пaнi, з Божай ласкi (Е.) (Альжабеты) каралевы1 Вугорскай, Польскай, Далмацкай i г.д., шляхетныя (годныя) i шаноўныя мужы айцец Стэфан, пробашч (dominos praepositum) Ханадзенскi, Уладзiслау, сын Какаса дэ Каза, каштэлян (castellanum) з Патока, Влодка, падчашы (чашнiк, pincernam) Кракаускi, Мiкалай, каштэлян 3aвіxocкi i Крыстын (Хрысцiян), дзяржаўца (tutorem) Kaзiмipcкi. Спачатку тады сказалi, што Ягайла, як асвечаны князь лiтоўскi, выправiў cвaix паунамоцных паслоу папярэдне да паноў зямян польскiх, а затым да яе каралеўскай вялiкасцi. Тыя ж паслы, якія да каралеўскай вялiкасцi (maiestatem) былi пасланы, узялi з сабой даверчыя лiсты ад галоўнага i вярхоўнага пасла яснавяльможнага пана2 (князя) Скiргайлы, брата вялiкага князя Ягайлы, якi з пэўных прычын не мог асабiста з'явiцца да яе каралеўскай вялiкасцi. Паслы яго, князь Барыс i Ганка, староста (capitaneus) вiленскi, стаўшы перад каралевай Вугорскай, гэтак, выкладаючы справу гаварылi:

«Многа цэзараў, каралёў i розных князёў пpaгнyлi ўвайсцi у сталыя стасункi сваяцтва з тым жа вялiкiм князем лiтоўскiм; але Бог усемагутны наканаваў гэта асобе вашай каралеўскай ягамосцi (вялiкасцi).

Таму, найяснейшая пaнi, споўнi гэтае дабратворнае прадвызначэнне, вазьмi вялiкага князя Ягайлу за сына i аддай яму у жонкi найбольш каханую дачку сваю, Ядвiгу, каралеву Польскую. Упэўненыя, што з гэтага саюзу вынiкне хвала Богу, збавенне душам, пашана (гонар) людзям i памнажэнне каралеуству3 (Regni extitisse). Перш як тое, пра што iдзе мова, да адпаведнага канца дойдзе, вялiкi князь Ягайла з yciмi братамi, яшчэ не ахрышчонымi, а таксама з крэўнымi, са шляхтай, зямянамi большымi i меншымi, якiя на землях яго жывуць, хоча, зычыць i прагне прыняць веру каталiцкую святога рымскага Касцёла. Не мaглi схiлiць яго да гэтага, як настойлiва не дамагалiся, шмат якiя цэзары i розныя князi, бо Бог усемагутны славу гэтую для вашай каралеўскай4 вялiкасцi захаваў. Дзеля несумненнасцi i моцы сказанага абяцае вялiкi князь Ягайла сабраць (скласцi) i выкарыстаць (выдаць) (ponere et exhibere5) увесь свой скарб (усе свае скарбы) для вяртання страт, якiя панеслi як Польшча, так i Лiтва, калi толькi каралева Вугорская дачку сваю, Ядвiгу, каралеву Польскую, шлюбам сямейным злучыць. Вялiкi князь Ягайла6 абяцае суму, умоўленую (памiж) каралевай Вугорскай i князем Аустрыi (et ducem Austriae), менавiта двойчы сто тысяч фларэнаў, сабраць (скласцi) i выплацiць. Той жа вялiкi князь Ягайла абяцае i гарантуе ўласнымi сродкамi i стараннем (намаганнем) вярнуць каралеўству Польскаму ўсе кpai, кiм бы яны ад яго не (былi) адарваны i забраны. Той жа вялiкi князь Ягайла абяцае вярнуць першасную вольнасць yciм хрысцiянам, у першую чаргу людзям абодвух полаў з зямлi польскай звычаем вайсковым забраных i пераселеных, i кожны або кожная будзе мець магчымасць падацца туды, куды захоча. Нарэшце, той жа вялiкi князь Ягайла абяцае землi свае лiтоўскiя i рускiя на вечныя часы да Кароны каралеўства Польскага далучыць».

Таму мы, вышэйназваны вялiкi князь Ягайла, на спамянутую пасольскую прапанову, дадзеную i выказаную ад нашага iмя панам каралеўства Польскага праз вышэйназванага Скiргайлу, брата нашага улюбёнага, а таксама на паручыцельства, учыненае найяснейшай каралеве вугорскай Альжабеце упаўнаважанымi, накiраванымi тым жа братам нашым, у прысутнасцi паслоў пaнi каралевы, як Вугорцаў, так i Палякаў, да нашай высокасцi пасланых, разам з братамi нашымi, князямi лiтoўcкiмi Скiргайлам, Карыбутам, Вiтаўтам, Лiгвенам, а таксама ад iмя iншых братоў нашых, прысутных i непрысутных, згаджаемся i абвяшчаем як вышэйназванай пaнi каралеве, так i спамянутым панам кэралеуства польскага; гэтыя ж прапановы пасольскiя мы загадалi зацвердзiць нашымi i нашых братоў пячаткaмi i тое ўсе пацвярджаем. (Quasquidem legationes cum nostri ас fratrum nostrorum praescriptorum sigillorum praesentium [appensione]7 duximus fore ratificatas et per omnia modis praemissis affirmatas).

***

Вiшнеўскi А.Ф., Юхо А.Я. Гiсторыя дзяржавы i права Беларусi: У дакументах i матэрыялах (са старажытных часоў да нашых дзён). - Мн., 1998. - С. 34-35.

_________________________________

* У гiстарычный лiтаратуры выказваецца думка, што «Акт Крэўскай унii 1385 года» з'яуляецца тыповай фальсiфiкацыяй сярэдневякоўя. / Гл.: Юхо Я.A. Kapoткi нарыс гiсторыi дзяржавы i права Беларусі: вучэбны дапаможнiк. Мінск, 1992. С. 84-85. Пераказ дагавора Крэўскай унii прыведзены ў кнiзe I.M. Данiловiча «Скарбнiца грамат...» («Skarbiec dyplomatow ...». Т. 1-2. Wilno, 1860, 1862).

1 У арыгiнале - regina, regina, пазней першы выраз закрэслены i той жа рукою напiсана - Е.

2 Principe, у арыгiнале - principi.

3 Augmentum, у арыгiнале - agmentum.

4 Reginali, у арыгiнале - reginalis.

5 У арыгiнале exibere.

6 Гэты выраз напiсаны гэтай жа рукою на iнтэрлiнii (fr.interligne - памiжраддзе).

7 У арыгiнале гэты цi iншы выраз апушчаны.