/ / Общественно-политические
10.07.2023

Закон аб бяспецы пры выкарыстанні атамнай энергіі пачне працу ў кастрычніку

Папярэдні закон аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, які пакуль дзейнічае ў Беларусі, у свой час стаў добрай прававой пляцоўкай для рэалізацыі аднаго з самых маштабных праектаў у Беларусі – будаўніцтва БелАЭС. Аднак з улікам удасканалення навуковых падыходаў, з'яўлення новых тэхналагічных і арганізацыйных рашэнняў у галіне атамнай энергетыкі, напрацаванага эксплуатацыйнага вопыту спатрэбілася комплексна палепшыць прававое рэгуляванне адносін у сферы ядзернай бяспекі. З гэтай прычыны летась быў прыняты новы закон, аднак у поўным аб’ёме ён запрацуе сёлета з кастрычніка, паведамілі эксперты, якія расказалі пра адметнасці новага Закона «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі».

БелАЭС

Для ўдасканалення атамнага права ў адзіны прававы класіфікатар была ўведзена новая заканадаўчая галіна – заканадаўства аб ядзернай і радыяцыйнай бяспецы, а таксама распрацаваны і прыняты новы закон аб рэгуляванні бяспекі і выкарыстанні атамнай энергіі, расказала Ларыса Басалай, начальнік аддзела прававога забеспячэння Дзяржатамнагляду:

– У законе абумоўлена, што бяспека мае прыярытэт перад эканамічнымі аспектамі. А за аснову ўзятыя абарона жыцця, здароўя, правоў чалавека, навакольнага асяроддзя і ўмацаванне іміджу Беларусі. У дакуменце вызначаны віды дзейнасці ў галіне забеспячэння бяспекі, элементы сістэмы забеспячэння бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі, а таксама аб'екты і суб’екты адносін у гэтай галіне.

Кіраванне канфігурацыяй і прадухіленне дэградацыі

У новы закон увайшоў і шэраг навацый тэхнічнага характару. У прыватнасці, вызначаецца, што поўная адказнасць за бяспеку і эксплуатацыю атамнай станцыі ўскладаецца на эксплуатацыйную арганізацыю, то-бок на БелАЭС. Абазначаны таксама прынцып глыбока эшаланіраванай абароны, якая мае на мэце сістэму фізічных і тэхнічных мер, заўважыў Віген Марухян, начальнік упраўлення рэгулявання ядзернай бяспекі:

– Адно з асноўных новых паняццяў закона – працэдура кіравання канфігурацыяй, то-бок ідэнтыфікацыя дакументавання, усіх характарыстык, сістэмы элементаў аб'екта выкарыстання атамнай энергіі і тых дакументаў, якія прайшлі экспертызу бяспекі. Уведзена і новае паняцце «ацэнка бяспекі» – экспертыза бяспекі дакументаў, якія абгрунтоўваюць бяспечную эксплуатацыю атамнай станцыі.

Дзяржатамнагляд распрацаваў і перанёс у новы закон нормы і правілы адносна кіравання старэннем атамнай станцыі, якія прадугледжваюць у тым ліку сістэму арганізацыйных, тэхнічных і эксплуатацыйных мерапрыемстваў, што праводзяцца для прадухілення дэградацыі сістэмы элементаў у перыяд эксплуатацыі АЭС (цягам 60 гадоў).

Правядзенне перыядычнай ацэнкі бяспекі (раз на дзесяць гадоў) – праверка ўсіх дакументаў, якія прайшлі экспертызу бяспекі, – таксама адно з новаўвядзенняў. У законе ўлічаны і пытанні кіравання для забеспячэння бяспекі на АЭС, у тым ліку культуры бяспекі.

Ядзернае права і радыеактыўныя адходы

Закон патрабуе змен, каб укараніць у яго новыя канцэпцыі і падыходы, распрацаваныя ў свеце. У прыватнасці, у дакумент напрамую імплементаваны некаторыя палажэнні міжнародных канвенцый, датычных ядзернай бяспекі, абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі, заўважыў Рыгор Асташка, намеснік начальніка Дзяржатамнагляду:

– У законе адлюстраваны і іншыя міжнародныя інструменты. Упершыню заканадаўча ўведзены інстытут галоўнага дзяржаўнага інспектара па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, вызначаны яго правы і абавязкі падчас праверачных мерапрыемстваў. Ядзернае права ў Беларусі развіваецца адпаведна з рэкамендацыямі МАГАТЭ, а па развіцці заканадаўства ў галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі наша краіна займае лідарскую пазіцыю на прасторах СНД. Мы як рэгулятар цалкам адабраем усё, што робіцца дзеля павышэння бяспекі, і пастаянна прысутнічаем падчас правядзення работ на АЭС.

Нагадаем, што першы энергаблок БелАЭС ужо другі год працуе на 100-працэнтнай магутнасці, другі – на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі. У сярэдзіне верасня Дзяржатамнагляд плануе правесці грамадскія слуханні па тлумачэнні падыходаў па выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю другога блока.

Пра чарговы этап будаўніцтва БелАЭС – стварэнне пункта захоўвання радыеактыўных адходаў (ПЗРА), які будзе размешчаны на тэрыторыі Беларусі, – мы павінны паведаміць усім сумежным краінам, расказала Вольга Лугаўская, начальнік Дзяржатамнагляду:

– Пры ацэнцы ўздзеяння атамнай станцыі на навакольнае асяроддзе і ў межах узаемадзеяння згодна з Канвенцыяй ЭСПА, удзельнікам якой з'яўляецца Беларусь, улічваецца трансгранічны эфект. Адпаведна з Канвенцыяй у Беларусі распрацавана ўнутранае заканадаўства, згодна з якім мы павінны папярэджваць усе сумежныя з дзяржавай краіны і тых, хто хоча ўдзельнічаць у абмеркаваннях, аб тым, што ў нас прымаецца рашэнне аб стварэнні аб’екта, які патэнцыяльна можа ўплываць на стан наваколля. Напрыклад, калі мы рыхтавалі справаздачу аб уздзеянні АЭС на наваколле, у гэтым працэсе ўдзельнічала Аўстрыя.

Пры выбары месца стварэння ПЗРА разглядаецца магчымасць арганізацыі пункта ў зоне адчужэння або ў непасрэднай блізкасці да месца, дзе адходы генерыруюцца (БелАЭС). Канчатковае рашэнне будзе прымаць урадавая камісія, якая павінна ўлічыць навуковыя, эканамічныя і нават пэўным чынам палітычныя аспекты. Стварэнне пункта ў пэўным месцы можа стаць падставай для развіцця росту канкрэтнага рэгіёна, бо побач з ім могуць з'явіцца прадпрыемствы-спадарожнікі.

Сёння з радыеактыўнымі адходамі, якія ствараюцца ў краіне ў іншых галінах (у параўнанні з тымі, што ўтворацца ад дзейнасці АЭС, іх аб'ёмы зусім невялікія), працуе арганізацыя «Экарэс». Сховішча тут стваралася яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Комплекснае абследаванне стану гэтага аб'екта паказала, што ён адпавядае патрабаванням бяспекі, хоць і стары, удакладніла эксперт і дадала, што Дзяржатамнагляд распрацоўвае рэкамендацыі па бяспецы, якія дазволяць камісіі, вучоным і эксплуатацыйным арганізацыям выбраць найбольш правільнае месца для стварэння пункта для радыеактыўных адходаў.

Ірына Сідарок, « Звязда», 10 ліпеня 2023 г.