/ / Общественно-политические
09.10.2020

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі

Моладзь за прагрэс

У рамках ініцыятывы «Рух НАПЕРАД» маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі сабрана каля паўтысячы прапаноў па развіцці Беларусі.

Нагадаем, стварэнне платформы «Рух НАПЕРАД» было ініцыявана сёлета ў ліпені Маладзёжным парламентам (саветам) пры Нацыянальным сходзе. Яе мэта: кансалідацыя моладзі, якая жадае прагрэсіўнага руху Беларусі ў будучыню. У ходзе форумаў «Беларусь – гэта МЫ» маладыя людзі з Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей прадставілі свае прапановы па развіцці Беларусі ў розных сферах. У рабоце форумаў актыўны ўдзел прымаюць таксама прадстаўнікі абласных і раённых маладзёжных парламенцкіх структур.

У цэлым тысячы маладых людзей – студэнты, навучэнцы, кадэты, лідары грамадскіх аб’яднанняў, якія выступаюць за мір, абмяркоўваюць і прапануюць самыя смелыя ідэі па развіцці сваіх рэгіёнаў і краіны. На інтэрактыўных пляцоўках маладзёжных форумаў юнакі і дзяўчаты вядуць гарачыя дыскусіі на розныя тэмы: аб дзейнасці студэнцкіх атрадаў, маладзёжных бізнес-інкубатараў, навуцы ў ВНУ, добраахвотніцкім руху.

Эстафета маладзёжных форумаў працягваецца. У найбліжэйшы час яны пройдуць у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцях.

Бюджэтныя справы Саюзнай дзяржавы

Член Прэзідыума Савета Рэспублікі, старшыня яго Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец прыняла ўдзел у пасяджэнні Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па бюджэце і фінансах, членам якой яна з’яўляецца.

Парламентарыі абмеркавалі ход падрыхтоўкі праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2021 год, выканання бюджэту ў першым паўгоддзі 2020 года і папярэднія вынікі выканання бюджэту за 2019 год. Асаблівая ўвага была аддадзена разгляду ходу рэалізацыі саюзных праграм, а таксама прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018–2022 гады (у частцы вядзення камісіі).

Пасяджэнне прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі. У яго рабоце прынялі ўдзел запрошаныя прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, фінансавых і эканамічных органаў Беларусі і Расіі, міністэрстваў і ведамстваў.

З улікам уплыву пандэміі

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка прыняў удзел у пасяджэнні Міжрэспубліканскай асацыяцыі дзелавога і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва газавых гаспадарак. Яно адбылося ў рэжыме анлайн. Тэма размовы – арганізацыя работы прадпрыемстваў газавага комплексу ва ўмовах пандэміі.

У відэаканферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі газавых кампаній з Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Расіі, Украіны, Чэхіі, Эстоніі. Яны абмяняліся досведам работы з улікам сучасных умоў, падзяліліся пэўнымі здабыткамі і новымі дасягненнямі. «Газавікі» таксама абмеркавалі сённяшнюю сітуацыю на міжнародным энергетычным рынку, пытанні паляпшэння і ўдасканалення далейшай дзейнасці Асацыяцыі, вызначылі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва. Аляксей Кушнарэнка выступіў з дакладам «Актуальныя пытанні развіцця газавай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах».  

«Звязда», 9 кастрычніка 2020 г.