/ / Общественно-политические
25.05.2020

Хутка ў Законе «Аб ахове працы» з'явяцца некаторыя змяненні

Хутка ў Законе «Аб ахове працы» з’явяцца некаторыя змяненні. Пра гэта расказаў намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў.

охрана труда

– Яны былі падпісаны ў снежні і ўступяць у сілу ў чэрвені бягучага года. Гэта тыя крокі, якія дазволяць аднавіць баланс свабоды бізнесу і дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аховы працы. Перш за ўсё на ўзроўні арганізацый закрануты два важныя пытанні. На фоне палітыкі скарачэння праверак неабходна абараняць правы грамадзян. Таму калі фізічная асоба звяртаецца па пэўную інфармацыю ў адпаведны орган, ён абавязаны яе прадставіць. Гэта дазволіць ведамству, не выходзячы на праверку, запатрабаваць дакументы ў арганізацыі, атрымаць іх і вырашыць пытанне грамадзяніна. Таксама ў законе пазначана, што ахова працы ў арганізацыі не толькі знаходзіцца ў падпарадкаванні адпаведнай службы, але таксама з’яўляецца абавязкам кіраўніка арганізацыі і адказных асоб у кожным структурным падраздзяленні.

Рыхтуюцца рэкамендацыі па распрацоўцы сістэм кіравання аховай працы на галіновым і тэрытарыяльным узроўнях. «Мясцовыя органы ўлады, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання павінны распрацоўваць і зацвярджаць іх на сваім узроўні. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны якраз цяпер працуе над рэкамендацыямі па распрацоўцы такіх сістэм. На працягу гэтага года яны будуць прынятыя. Таксама сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі будзем рыхтаваць адзіны парадак для работы тэрытарыяльных мабільных груп, якія ствараюцца на ўзроўні мясцовых органаў улады і таксама займаюцца пытаннямі бяспекі. Гэта будуць рэкамендацыі», – запэўніў Ігар Старавойтаў.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе пэўныя меры пакарання і заахвочвання работнікаў для павышэння персанальнай адказнасці за выкананне нормаў па ахове працы.

– Нас турбуе тэма адказнасці работнікаў на рабочых месцах, – звярнуў увагу Ігар Старавойтаў. – На гэтае пытанне часта паказваюць і наймальнікі: работнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай аховы, на рабочым месцы для іх ствараюцца неабходныя ўмовы, аднак самі людзі ў сілу розных прычын не ўлічваюць рэкамендацыі, агучаныя на інструктажы, не карыстаюцца сродкамі індывідуальнай аховы. Таму і доля выпадкаў вытворчага траўматызму па віне работнікаў высокая: у 2018 годзе яна склала 56 % ад усіх выпадкаў агульнага траўматызму, у 2019-м – 55 %. Аднак важна адзначыць, што неабходна прадугледзець магчымасць прыцягваць да адказнасці за парушэнні ў пытаннях аховы працы не толькі службовых асоб, але і саміх работнікаў. Гэтая тэма абмяркоўваецца ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны даўно. І цяпер, калі разглядаюцца змяненні ў Закон «Аб адміністрацыйных парушэннях», зноў выходзім з гэтай прапановай. Разам з тым неабходна і заахвочваць тых, хто адказна ставіцца да аховы працы. У Генеральным пагадненні на 2019–2021 гады гэта ўжо замацавана.

Каб зацікавіць наймальніка ў захаванні нормаў па ахове працы ў арганізацыях, прадумваюцца змены і ў сістэме страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці. «Узаемадзейнічаем па гэтым кірунку з Міністэрствам фінансаў і Белдзяржстрахам», – падсумаваў Ігар Старавойтаў.

Дар'я Шлапакова, «Звязда», 23 мая 2020 г.