/ / Общественно-политические
08.05.2020

Кіраўнікі, якія былі звольнены па дыскрэдытуючых абставінах, не змогуць атрымаць высокія пасады

Члены Савета Рэспублікі прынялі да ведама Дэкрэт № 1 «Аб зменах дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» ад 9 красавіка 2020 года, накіраваны на прыняцце дадатковых мер супраць так званага перасаджвання звольненых вінаватых кіраўнікоў на іншыя дастаткова высокія месцы.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч растлумачыла сенатарам, што змены накіраваны на ўдасканаленне асобных накірункаў у рабоце з кадрамі.

Так, змены закранаюць Дэкрэт № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацый». Мэтай новаўвядзенняў з’яўляецца безумоўнае выкананне патрабаванняў лідара краіны аб недапушчэнні выпадкаў перасаджвання кіраўнікоў, вызваленых ад пасад па дыскрэдытуючых абставінах.

У прыватнасці, Дэкрэт № 5 дапоўнены нормай, якая замацоўвае абавязак Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гар- і райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый праводзіць на працягу пяці гадоў маніторынг працаўладкавання вінаватых кіраўнікоў.

– Прыняцце змен у Дэкрэт № 5 дазволіць больш эфектыўна выбудаваць работу дзяржаўных органаў па захаванні забароны на займанне кіраўнічых пасад асобамі, якія раней былі вызвалены ад высокіх пасад па дыскрэдытуючых падставах, а ў выпадку выяўлення фактаў перасаджвання – своечасова прыцягваць да адказнасці асоб, вінаватых у парушэнні патрабаванняў Дэкрэта № 5, – растлумачыла Міністр.

На важнасць навацыі па маніторынгу далейшага працаўладкавання былых кіраўнікоў звярнуў увагу і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.

Акрамя таго, згодна з Дэкрэтам № 1 шэраг дзеючых дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы прыводзяцца ў адпаведнасць з навацыямі закона па пытаннях удасканалення працоўных адносін ад 18 ліпеня 2019 года. Яны адкарэктаваны, зыходзячы са змен у Працоўны кодэкс, у тым ліку з уключэннем у яго палажэнняў аб выкарыстанні кантрактнай формы найму.

Вольга Ануфрыева, «Звязда», 8 мая 2020 г.