/ / Общественно-политические
14.07.2020

Як i калi прыняць спадчыну, атрымаць яе i захаваць?

Пасля смерцi роднага чалавека пытаннямi спадчыны пачынаеш займацца толькi праз нейкi час, калі крыху акрыяеш пасля страты. А часта на фармальнасцi ўвогуле забываешся, бо лiчыш, што ўсё аўтаматычна пераходзiць табе ад бацькоў. Аднак гэта не так, i прымаць спадчыну трэба, прычым у шасцiмесячны тэрмiн з дня смерцi спадчынадаўца. Пры гэтым можна толькi прыняць спадчыну, а можна яшчэ аформiць яе на сябе (уступiць у спадчынныя правы). У чым рознiца i як гэта робiцца, карэспандэнту «Звязды» дапамагалi разбiрацца спецыялiсты.

Нотариус

Без прывязкi да тэрыторыi, але ў межах горада

Згодна з законам, у Беларусi, каб атрымаць спадчыну, нашчадкi, дзе б яны нi знаходзiлiся, павiнны прыехаць да таго натарыуса, якi абслугоўвае тэрыторыю, дзе жыў памерлы, растлумачыла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты.

– Аднак у некаторых гарадах практыкуецца новая форма работы – «спадчына без меж», якая дае магчымасць звярнуцца да любога натарыуса акругi незалежна ад апошняга месца рэгiстрацыi спадчынадаўца. Паслуга, такiм чынам, аказваецца максiмальна блiзка i зручна для асобы, якая зацiкаўлена ў атрыманнi спадчыны, – спадчыннiка, – дадала суразмоўнiца.

З 1 студзеня 2018 года з мэтай удасканалiць натарыяльныя паслугi гэты эксперымент быў распачаты ў Брэсце i Баранавiчах. У сакавiку 2018-га да яго далучыліся горад Гродна i наваколле. Сёлета «спадчына без меж» практыкуецца таксама ў Лiдзе i Мазыры.

– Чалавеку цяпер не трэба ехаць у пэўную натарыяльную кантору акругi, што працуе са справамi, якiя датычацца вызначанай тэрыторыi. Ён можа звярнуцца ў найблiжэйшае ад яго натарыяльнае бюро ў мясцовасцi, дзе жыў памерлы. Напрыклад, наследнiк жыве ў Мiнску, а спадчынадавец жыў у Брэсце. Спадкаемец можа прыехаць у Брэст i аформiць дакументы ў любой натарыяльнай канторы горада, а не шукаць тую, што абслугоўвае акругу, дзе быў зарэгiстраваны памерлы, – расказала Таццяна Дзялендзiк, намеснiк старшынi Беларускай натарыяльнай палаты. – Пры выбары гарадоў для эксперымента ўлiчвалi iх памеры, наяўнасць горадаўтваральных прадпрыемстваў, адлегласць памiж натарыяльнымi канторамi – яны павiнны былi знаходзiцца не надта далёка адна ад адной. Новая форма работы прыйшлася даспадобы грамадзянам. За гэтыя два гады большасць скарысталася такой магчымасцю, а не шукала пэўнае натарыяльнае бюро. У далейшым мы пашырым такую форму работы i на iншыя рэгiёны, у тым лiку i ў сталiцы.

У Мiнску, дарэчы, ужо разглядаецца магчымасць арганiзаваць «спадчыну без меж» у адным з раёнаў горада. Пры гэтым вельмi важна прапрацаваць моманты ўзаемадзеяння памiж натарыусамi, каб выключыць магчымасць адкрыцця дзвюх спадчынных спраў.

«Спадчына без меж» не можа пачаць працаваць абсалютна па ўсёй тэрыторыi краiны, бо ў рэгiёнах iснуе не толькi свая спецыфiка, але i добра ўсталяваная практыка работы, мяняць якую не варта. Да таго ж у краiне шмат раённых натарыяльных кантор, якiя абслугоўваюць не толькi невялiкае мястэчка, дзе знаходзяцца, але i ўвесь раён, i там проста няма «натарыяльнай альтэрнатывы», так што ўводзiць новую форму работы бессэнсоўна, абгрунтавала Таццяна Дзялендзiк.

– Напрыклад, у Нясвiжскiм раёне толькi адна натарыяльная кантора, якая абслугоўвае i раён, i цэнтр. У Пiнску iх дзве: гарадская i раённая, i кожная адказвае за сваю тэрыторыю. Пашыраць «спадчыну без меж» мае сэнс толькi ў абласных цэнтрах краiны i буйных райцэнтрах, дзе ёсць некалькi натарыяльных кантор у межах аднаго горада, – удакладнiла яна.

Прысутнасць i дыстанцыйнасць

Натарыус у сваёй рабоце заўжды павiнен пацвердзiць асобу грамадзянiна i яго добраахвотнае жаданне здзейснiць пэўную працэдуру. Таму аформiць дакументы праз iнтэрнэт немагчыма, трэба фiзiчная прысутнасць.

– Наступствы кожнага дзеяння, з якiм звяртаецца чалавек, — вельмi сур'ёзныя. Працэдуры датычацца даверанасцяў на маёмасць, яе адчужэнне i распараджэнне ёю, карыстанне аўтамабiлямi i iншыя рэчы, – заўважыла Таццяна Дзялендзiк. – Аднак цяпер прапрацоўваецца магчымасць дазволiць здзяйсняць шэраг натарыяльных дзеянняў, якiя не патрабуюць устанаўлення волевыяўлення чалавека, дыстанцыйна. Напрыклад, заверыць копiю дакумента ў электронным выглядзе або засведчыць подпiс перакладчыка. Некаторыя паперы натарыусы атрымлiваюць праз iнтэрнэт i цяпер – у тым ліку дакументы, якiя пацвярджаюць дзяржаўную рэгiстрацыю нерухомасцi. Аднак тое, што выходзiць непасрэдна «з-пад пяра» натарыуса, пакуль працуе толькi ў папяровым варыянце.

Дарэчы, каб атрымаць ужо гатовыя дакументы, асабiстая прысутнасць неабавязковая. Iх можна не толькi забраць самому, але i даручыць камусьцi зрабiць гэта, аформiўшы даверанасць, або, каб не трацiць грошы на гэтую працэдуру, папярэдзiць натарыуса загадзя, каб дакументы даслалi вам поштай.

Прыняць – паўгода, афармляць – колькi заўгодна

Каб прыняць спадчыну, наследнiк павiнен асабiста звярнуцца да натарыуса, якi працуе ў межах акругi, дзе жыў памерлы, не пазней чым праз шэсць месяцаў з моманту смерцi чалавека.

– Спадкаемец можа таксама даслаць натарыусу па пошце лiст i ў iм заявiць, што прымае спадчыну, – гэтага будзе дастаткова, каб лiчыцца тым, хто прыняў спадчыну (спадчыннiкам). Гэта абавязкова зрабiць у шасцiмесячны тэрмiн. А вось ужо афармляць спадчыну трэба асабiста, i тэрмiн для гэтага неабмежаваны, – удакладнiла намеснiк старшынi натарыяльнай палаты. – Да натарыуса можна звяртацца толькi з пашпартам. Усе астатнiя дакументы, неабходныя для афармлення, запросiць спецыялiст. Можна сабраць пакет дакументаў i самому – гэта пашпарт, пасведчанне аб смерцi, паперы, якiя пацвярджаюць сваяцтва, дакументы на маёмасць. Калi пэўнай паперы не хапае, яе таксама здабудзе натарыус.

Дакумент, якi дае права на спадчыну, – пасведчанне аб праве на спадчыну – выдаецца цягам паўгода з моманту смерцi. Калi гэта права на нерухомасць, то дакумент неабходна зарэгiстраваць у органах рэгiстрацыi нерухомасцi.

Кошт паслугi афармлення пасведчання аб праве на спадчыну прапарцыянальны памеру базавай велiчынi (БВ) на дзень ажыццяўлення натарыяльнай працэдуры. Пры блiзкiм сваяцтве (муж, жонка, дзецi, бацькi) дакумент каштуе адну БВ – цяпер гэта 27 рублёў.

Афармленне спадчыны будзе каштаваць ужо значна больш. Аднак гэтага можна, дарэчы, у далейшым i не рабiць – уласнасць усё роўна ўжо будзе належаць чалавеку, якi аформiў на яе правы, i ён будзе абавязаны даглядаць маёмасць i плацiць па рахунках. Пры разводзе маёмасць застаецца ўласнасцю толькi аднаго з сужэнцаў i не будзе дзялiцца памiж абедзвюма паловамi, яе таксама нельга ўключыць у шлюбны дагавор, нават калi муж i жонка на гэта згодны. А ў выпадку смерцi чалавека, якi прыняў, але не аформiў спадчыну, на яе будуць мець правы яго нашчадкi.

– У спадчыннiка, якi прапусцiў тэрмiн для прыняцця спадчыны, але хоча гэтае становiшча выправiць, iснуе некалькi варыянтаў. Калi дакумент ужо своечасова аформiлi iншыя спадкаемцы, патрэбна iх згода, каб уключыць у права на спадчыну сваяка, якi спазнiўся, – падкрэслiла Таццяна Дзялендзiк. – Калi ж сваякi супраць цi чалавек проста не хоча звяртацца да iх па дазвол, можна адправiцца ў суд, каб быць прызнаным наследнiкам, якi прыняў спадчыну. У большасцi выпадкаў суды станоўча разглядаюць такiя справы.

Аднак лепш вырашаць падобныя спрэчкi палюбоўна, у тым лiку i з дапамогай медыятара, бо як пасля суда карыстацца доляй у спадчынным доме, а тым больш жыць у iм разам?..

Iрына Сiдарок, «Звязда», 14 ліпеня 2020 г.