/ / Общественно-политические
04.12.2020

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі

З мэтай устойлівага развіцця

ААН чакае паглыблення ўзаемадзеяння з Рэспублікай Беларусь

На імя старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ прыйшоў падзячны ліст ад генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу ГУТЭРЫША ў адказ на віншаванні з нагоды 75-годдзя стварэння ААН, паведамляе прэс-служба верхняй палаты Парламента.

Генсек ААН адзначае, што гэтая дата прыпадае на перыяд беспрэцэдэнтных выклікаў – пачынаючы з уздзеяння пандэміі COVІD-19 на эканоміку і ахову здароўя да кліматычнага крызісу, узрастаючых геапалітычных напружанасцяў і канфліктаў. Міжнароднае супрацоўніцтва і дух адзінства маюць рашаючае значэнне для пераадолення гэтых і іншых глабальных выклікаў.

«Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з нецярпеннем чакае паглыблення ўзаемадзеяння з Рэспублікай Беларусь, што мае першаступеннае значэнне для прасоўвання ўстойлівага развіцця, міру, бяспекі і правоў чалавека для ўсіх», – адзначаецца ў дакуменце.

Антоніу Гутэрыш таксама падкрэсліў, што спадзяецца на падтрымку старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай у сумесным імкненні зрабіць свет лепшым для ўсіх.

Трэба зрабіць больш

У сферы ўстойлівага развіцця ў Беларусі зроблена шмат, наперадзе – больш актыўная работа

Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-спікер верхняй палаты Парламента, нацыянальны каардынатар на Мэтах устойлівага развіцця Анатоль ІСАЧАНКА. Днямі ён правёў сустрэчу ў фармаце відэаканферэнцыі з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Іаанай Казана-Вішнявецкі.

– Сёння ў сферы дасягнення Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года ў Беларусі зроблена шмат, але нас чакае яшчэ больш актыўная работа, – адзначыў нацыянальны каардынатар.

Па яго словах, у аснове МУР заўсёды знаходзіўся чалавек:

– Ніхто не павінен быць убаку, і на гэта накіраваны ўсе 17 Мэт устойлівага развіцця. Гэта безбар'ернае асяроддзе, ліквідацыя галечы, непісьменнасці, уцягненне кожнага чалавека ў грамадскую дзейнасць. То-бок кожная мэта мае адпаведны кірунак. Хочацца адзначыць, што Беларусь за 2020 год па дасягненні МУР заняла 18-е месца са 166 краін, – падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

На парадку дня бакоў знаходзіліся рабочыя пытанні. У прыватнасці, падвядзенне вынікаў сумеснай работы, а таксама разгляд перспектыў далейшага супрацоўніцтва ў сферы падтрымкі нацыянальнай архітэктуры кіравання працэсам дасягнення МУР, імплементацыя Мэт на рэгіянальны ўзровень, абмеркаванне планаў работы на наступны год.

Будучыня толькі ў кансалідацыі

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ:

– Ва ўмовах пандэміі, калі ў эканоміках многіх краін адбываецца зніжэнне дзелавой актыўнасці, а значыць, і даходаў насельніцтва, расце беспрацоўе, ад усяго грамадства, як ніколі, патрэбна кансалідацыя намаганняў. Аднак асобныя «дзеячы» з-за мяжы заклікаюць «падліць масла ў агонь», адключыць Рэспубліку Беларусь ад сістэмы SWІFT, спыніць супрацоўніцтва ў банкаўскай сферы і рэалізаваць іншыя крайнія меры, накіраваныя на дэстабілізацыю эканомікі нашай краіны.

Абурае тое, што гэтыя людзі называюць сябе «патрыётамі» Беларусі і пры гэтым, «са скуры вон лезуць», каб «разбурыць» нацыянальную эканоміку, зрабіць жыццё беларусаў яшчэ горшым. Дзе тут патрыятызм, ды і наогул, здаровы сэнс? Яго папросту няма. Каму гэта выгадна?

Любыя цяжкасці паспяхова пераадольваюцца, калі грамадства кансалідаванае дзеля дасягнення сваіх нацыянальных мэт і задач.

Толькі ў такога грамадства ёсць будучыня!

Вольга Ануфрыева , «Звязда», 4 снежня 2020 г.