/ / Общественно-политические
14.08.2020

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі

«Сацыялка» ў фокусе ўвагі

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч 10 жніўня выказаўся журналісту часопіса «Беларуская думка» наконт асаблівасцяў сёлетняй электаральнай кампаніі, перспектыў развіцця сацыяльнай сферы з улікам тэзісаў, агучаных падчас Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Віктар Лісковіч таксама адказаў на пытанні, якія датычацца работы з моладдзю, фарміравання ў яе патрыятызму і адказнай грамадзянскай пазіцыі. Інтэрв'ю апублікуюць у чарговым нумары выдання.

У гэты ж дзень старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці сустрэўся з намеснікам Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандрам Румакам. Грунтоўная размова прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады была прысвечана пытанням сацыяльнай абароны ўразлівых катэгорый насельніцтва, забеспячэння належнага функцыянавання інтэрнатных устаноў у перыяд пандэміі, работы са зваротамі грамадзян. На думку Віктара Лісковіча, сацыяльная абарона насельніцтва заўсёды будзе знаходзіцца ў фокусе ўвагі дзяржавы.

Даць магчымасць працаваць

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец у аўторак прыняла ўдзел у пасяджэнні адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы.

Выступаючы па пытанні аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» ў Маскоўскім раёне горада Мінска, парламентарый адзначыла, што работа па забеспячэнні занятасці павінна праводзіцца на ўсіх узроўнях (рэспубліканскім, абласным, раённым, гарадскім) і насіць планамерны характар, – перадае прэс-служба Савета Рэспублікі. «Адна з асноўных задач дзяржавы – даць людзям магчымасць працаваць і сваёй працай забяспечваць свой дастатак», – сказала Таццяна Рунец прысутным на сустрэчы.

Сенатар звярнула ўвагу кіраўніцтва раёна на важнасць аказання кансультацыйнай, метадычнай і прававой дапамогі грамадзянам, не занятым у эканоміцы, для іх працаўладкавання. 

«Звязда», 14 жніўня 2020 г.