/ / Общественно-политические
14.11.2019

Што яшчэ можа памяняцца, акрамя памеру надбаўкі за працоўны стаж – Мінпрацы

З 1 студзеня 2020 года чакаецца змена ўмоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Многіх цікавіць, што яшчэ можа памяняцца, акрамя памеру надбаўкі за працоўны стаж.

– Ці застануцца выплаты матэрыяльнай дапамогі паводле калектыўнай дамовы на нараджэнне дзіцяці, да юбілейных дат, у сувязі са смерцю работніка або блізкіх сваякоў?

Адказвае першы намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч:

– Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 г. № 27 вызначана, што памеры, парадак і ўмовы аказання матэрыяльнай дапамогі вызначаюцца згодна з палажэннямі, якія зацвярджаюцца кіраўнікамі бюджэтных арганізацый.

Пры гэтым вызначана, што матэрыяльная дапамога, як правіла, аказваецца ў сувязі з неспадзяванымі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Такім чынам, у палажэнні аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, зацверджаным кіраўніком бюджэтнай арганізацыі, могуць быць прадугледжаны і іншыя падставы для аказання матэрыяльнай дапамогі.

– Ці будуць залічвацца ў стаж працы ў бюджэтных арганізацыях з 1 студзеня 2020 года перыяды рэгістрацыі грамадзян у якасці беспрацоўных у цэнтрах занятасці насельніцтва і ажыццяўлення грамадзянінам догляду інвалідаў І і ІІ групы з выплатай дапамог тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі сацыяльнай абароны?

Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення аплаты працы ў бюджэтнай сферы галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Міністэрства працы і сацабароны Таццяна Лук'янчыкава:

– Згодна з пунктам 4 Палажэння аб памерах і парадку ажыццяўлення стымуляцыйных (акрамя прэмій) і кампенсавальных выплат, прадугледжаных заканадаўчымі актамі і пастановамі Саўміна, зацверджанага пастановай Мінпрацы і сацабароны ад 3 красавіка 2019 г. № 13, для вылічэння надбаўкі за стаж працы ў бюджэтных арганізацыях у стаж працы залічваюцца перыяды работы ў арганізацыях Рэспублікі Беларусь (бюджэтных і арганізацыях, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый).

Улічваючы выкладзенае, перыяды рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных у рэгіянальных цэнтрах занятасці насельніцтва і ажыццяўлення догляду інвалідаў І і ІІ групы ў стаж працы ў бюджэтных арганізацыях не залічваюцца.

Святлана Бусько, «Звязда», 14 лістапада 2019 г.