/ / Общественно-политические
02.07.2019

Што такое Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» і як ён працуе?

Тое, што ў Беларусі развіваецца ІТ-сфера, было відаць няўзброеным вокам і раней. Гэта датычыцца не толькі заробкаў – асобныя айчынныя кампаніі стваралі якасныя прадукты, якія станавіліся паспяховымі па ўсім свеце. Па прыклады далёка хадзіць не трэба – той жа Vіber, Wargamіng і іншыя. Пры гэтым было зразумела, што ў наяўных умовах беларускім фірмам складана займацца распрацоўкай уласных прадуктаў. Для сапраўднага скачка трэба было памяняць правілы гульні.

І ў 2017 годзе ад размоў перайшлі да справы, калі ІТ-супольнасць стала ўжо прадметна абмяркоўваць магчымыя змены і новаўвядзенні. Выступаючы са штогадовым Пасланнем Парламенту і беларускаму народу, Прэзідэнт асабіста даручыў распрацаваць дакумент, які дазволіць прыцягнуць у Беларусь найлепшыя ІT-кампаніі з усяго свету.

Над праектам працавала адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій сумесна з рэзідэнтамі ПВТ, ІТ-супольнасцю, вядучымі юрыдычнымі і кансалтынгавымі фірмамі Беларусі, а таксама замежнымі экспертамі.

Справа распачалася, у інтэрнэце нават з’явіўся праект Дэкрэта, вялося сур’ёзнае абмеркаванне. Аднак каментатары былі даволі скептычныя – маўляў, ідэя выдатная, аднак паглядзім, якім будзе фінальны, падпісаны варыянт.

Дэкрэт № 8 Прэзідэнт падпісаў 21 снежня 2017 года, а 28 сакавіка 2018 года дакумент паўнавартасна запрацаваў. Якія навацыі ён прынёс?

Усе назвалі яго рэвалюцыйным. Ключавыя палажэнні Дэкрэта: пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ, падтрымка ІТ-адукацыі, падрыхтоўка кадраў для галіны, стварэнне ўмоў для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній, комплекснае прававое рэгуляванне бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн.

У ім пазначаныя новыя віды дзейнасці рэзідэнтаў Парка – распрацоўка біятэхналогій, медыцынскіх, авіяцыйных і касмічных тэхналогій, кіберспорт.

Найважнейшы момант: дакумент стварыў прававыя ўмовы для правядзення ІCO, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Такім чынам, Беларусь стала першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Па гэтай тэме – ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў.

Нарэшце, Дэкрэтам створаны ўмовы для развіцця прадуктовых ІТ-кампаній. З'явілася магчымасць заключаць знешнеэканамічныя здзелкі ў электронным выглядзе.

Таксама дакумент увёў асобныя інстытуты англійскага права.

Быў замацаваны комплекс мер для прыцягнення ў краіну высакакласных спецыялістаў у ІТ-сферы. Тлумачым: рэзідэнтам ПВТ не патрабуецца атрымліваць дазвол, звязаны з прыёмам на работу замежнікаў. Ім у спрошчаным парадку выдаецца дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі, для замежных работнікаў і заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ візы былі адмененыя.

І гэта мы яшчэ не кажам пра мноства падатковых ільгот, прадугледжаных для рэзідэнтаў ПВТ.

Пра вынікі лепш за ўсё скажа статыстыка: у 2018 годзе да ПВТ у якасці рэзідэнтаў далучыліся амаль 200 кампаній – больш, чым за ўсю 12-гадовую гісторыю Парка. Прыбытак расце, расце і колькасць занятых у гэтай сферы. Тое, што многім каментатарам, ды і некаторым удзельнікам ІТ-супольнасці здавалася першапачаткова неймаверным, стала рэальнасцю.

Уладзіслаў Лукашэвіч, «Звязда», 2 ліпеня 2019 г.