/ / Новости PRAVO.BY
12.10.2020

Урадам зацверджаны тэрмін правядзення навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

З 10 снежня 2020 г. па 10 студзеня 2021 г. у Беларусі пройдзе навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Дадзенае рашэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 кастрычніка 2020 г. № 583.

Удзел у акцыі прымуць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам і іншыя мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Грамадскія аб’яднанні таксама далучацца да акцыі.

Падчас акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы з мэтай віншавання дзяцей з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым. Дзецям будуць уручаны падарункі, а таксама аказана дапамога ў вырашэнні існуючых праблем.

Акрамя таго, у г. Мінску (на базе Палаца Рэспублікі) у рамках названай акцыі адбудзецца дабрачыннае навагодняе свята з уручэннем падарункаў для:

  • навучэнцаў кадэцкіх вучылішч і спецыялізаваных ліцэяў;
  • навучэнцаў, якія ўзнагароджаны па выніках раённых, абласных (Мінскай гарадской), рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, конкурсаў прафесійнага майстэрства і спартыўных спаборніцтваў;
  • навучэнцаў, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце;
  • дзяцей ва ўзросце 8–14 гадоў з ліку:
    • дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў;
    • дзяцей-інвалідаў;
    • дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў;
    • дзяцей з сем’яў ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога саставу Следчага камітэта, органаў унутраных спраў і фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў), з сем’яў работнікаў, што абслугоўвалі воінскія кантынгенты ў Афганістане або іншых дзяржавах, на тэрыторыі якіх вяліся баявыя дзеянні, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі ў перыяд вядзення баявых дзеянняў;
    • дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Разам з тым у Палацы Рэспублікі з 10 снежня 2020 г. па 10 студзеня 2021 г. для 1500 навучэнцаў і дзяцей вышэйпералічаных катэгорый адбудуцца рэспубліканскі навагодні баль і прадстаўленні з уручэннем падарункаў.

Дакумент прадугледжвае стварэнне арганізацыйнага камітэта па правядзенні ў г. Мінску мерапрыемстваў у рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Старшынёй арганізацыйнага камітэта прызначаны Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Петрышэнка Ігар Віктаравіч, намеснікам старшыні – Міністр адукацыі Карпенка Ігар Васільевіч.

Таксама пастановай рэкамендавана правесці дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей у час зімовых школьных канікулаў у абласных цэнтрах і г. Мінску, а таксама ва ўсіх гарадах і раёнах краіны з удзелам кіраўніцтва аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, кіраўніцтва гарадоў і раёнаў.

За афіцыйным апублікаваннем сачыце ў раздзеле «Официальное опубликование».

Іншыя навіны Pravo.by.

Па інфармацыі Нацыянальнага прававога Iнтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на крыніцу абавязковая!

Нашли ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите «Ctrl+Enter».