3 мая. Універсал Т. Касцюшкі аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў

3 мая. Універсал Т. Касцюшкі аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў

Тадэвуш Касцюшка, найвышэйшы начальнік нарадовай збройнай сілы

Ахвяры, якія набоскасць аддала на аздобу боскіх святынь, у гвалтоўнай патрэбе Айчыны, у боскай справе, у справе прыціснутага народа, ратуючага свае правы і ўласнасць, якімі ён распараджаецца з дара прадбачання, не толькі варта, але і належыць ужыць на агульны скарб. Мноствам прыкладаў засведчана, што нават гаспадарскія святыні не захаваны ад рабунку непрыяцеля, які ў нашай зямлі гвалціць боскія і людскія правы, за свае лічыць рэчы, якія могуць апынуцца яго здабычай, а таму належыць аддаць іх Айчыне. Калі нават у самаўладных краінах касцёльныя багацці забраны гвалтам на фальшывыя публічныя патрэбы, то і вядомае сваёй стараннасцю польскае духавенства ахвотна прысвеціць іх на істотныя патрэбы Рэчы Паспалітай.

Затым загадваю ўсім парадкавым камісіям: 1. — паразумецца з вярхоўнай касцельнай уладай у тым, каб усякія багацці касцёлаў як свецкага, так і манаскага духавенства былі аддадзены на цяперашнюю патрэбу Рэчы Паспалітай на рукі тых камісій і пад прысягай мясцовага начальства або камітэта, дзе такія ёсць, нават без пасрэднікаў і па спісу ў тым, што нічога не ўтоена і што ўсё верна аддадзена, акрамя ўсяго таго, што па прызнанню камісій складае неад’емную патрэбу абрадаў святой рэлігіі. 2. Запэўняю вельмі моцна, што гэты кошт касцельных багаццяў, да якіх дазволена звяртацца толькі ў крайняй неабходнасці, будуць вернуты тым месцам, адкуль будуць узяты згаданыя ахвераванні, са скарбу Рэчы Паспалітай пасля яе вызвалення ад непрыяцеля, абы толькі былі ўжытыя ў падобных, крый божа, няшчасцях Рэчы Паспалітай. 3. Для таго парадкавыя камісіі выдадуць месцам асобныя квітанцыі і завядуць кнігу квітаў са спецыфікацыяй аддадзеных рэчаў, падпісаную мясцовым начальствам, або кіраўніком або дэлягатамі ад капітул. У кнізе павінен быць подпіс аддаючага і запісана копія квітанцыі. Паколькі люд грэчаскай рэлігіі яшчэ недастаткова адукаваны ў абавязках да сваёй Айчыны, пры тым, што паўстанне народа прадпрыма ецца таксама і для яго шчасця, спакою і бяспекі, а злосць і маскоўская хітрасць могуць падмануць яго фанатызмам, то багацці, што знаходзяцца ў цэрквах грэчаскай, уніяцкай і неўніяцкай рэлігій выключаюцца з-пад тае ахвяры.

Пад моцнай адказнасцю загадваю парадкавым камісіям, каб яны трымаліся самых пунктаў цяперашняга распараджэння і імкнуліся як мацней прадухіляць злыя пагалоскі. Тыя ж камісіі парадкавыя абавязваюцца як мага хутчэй выконваць гэтыя пункты.

Даны ў абозе пад Вянярамі, дня 3 мая 1794 года.

Подпіс Т. Касцюшкі. Пячатка — вольнасць, цэласць і незалежнасць.

Згодна з арыгіналам — Томаш Чэх, сакратар Найвышэйшай нарадовай рады.

***

АЗПРІ, ф. 79, воп. 6, с. 1595, л. 5—5 адв. Тэкст на польскай мове. Пераклад Я. Анішчанкі.

Анішчанка, Я. К. Збор твораў: у 6 т. / Яўген Канстанцінавіч Анішчанка. — Мінск: В. Хурсік, 2004.

Т.2: Імем Айчыны: Дакументы паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі. — 2004. —  С. 30—31.