/ / / / / Трэйцяя Устаўная грамата Рады Белорускай Народнай Рэспублікі

Трэйцяя Устаўная грамата Рады Белорускай Народнай Рэспублікі

ТРЭЙЦЯЯ УСТАЎНАЯ ГРАМАТА
Рады Белорускай Народнай Рэспублікі.

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо Расійскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ні пытаючыся народу, ён укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская народная рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржаваю. Самі народы Беларусі, у особі свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду подпісаць і за Беларусь трактат у Бярэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі. На моцы гэгага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў адносіны з зацікаўленымі старонамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваушымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне Магілеўшчыну, беларускіе часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.) Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губэрныяў, заселеныя беларусамі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пацьверджае ўсе тыя правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Рада яе пакладае свае нздзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсьніць яго палітычна дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана ў Менску — Беларускім
25 сакавіка 1918 г.
***

Зюзькоў, А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі / А. Зюзькоў, Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1931. — С. 58—59.

За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі (for national independence of Byelorussia): дакументы і матэр’ялы / сабраў і падрыхтаваў І. Касяк; прагледзеў і апрабаваў для друку Р. Астроўскі. — Лёндан, Англія: Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 24.