Трэцяя Ўстаўная грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

ТРЭЦЯЯ ЎСТАЎНАЯ ГРАМАТА
РАДЫ БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ

Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі ськінулі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; ня пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, ськідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў васобе Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, прапануючы ім перагледзець тую часціну Берасьцейскага трактату, якая датычыць Беларусі і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка зацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 року.

Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана ў Менску-Беларускім 24 сакавіка 1918 року.
Добры вечар. 1993. 25 сакавіка.
***

Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): вучэбны дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юхо; пад рэд. А. Ф. Вішнеўскага; Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Акадзмія МУС. — Мінск, 2003. — С. 203.