/ / Общественно-политические
05.03.2020

У наркатычнай тэме вызначана стратэгія на прафілактыку

У гэтым кірунку збіраюцца працаваць гродзенскія праваахоўнікі. За апошнія пяць гадоў у вобласці, дзякуючы жорсткім мерам, удалося больш чым удвая знізіць колькасць правапарушэнняў, звязаных з наркотыкамі. Цяпер акцэнт будзе рабіцца на прафілактыку наркаспажывання і супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў.

Наркотики

Ахвяры эйфарыі

Тая наркатычная хваля, што агарнула грамадства пяць гадоў таму, паступова сыходзіць, паведаміў начальнік упраўлення па наркакантролю Гродзенскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Андрэй Кудрыцкі.

Калі ў 2015 годзе было выяўлена 714 такіх правапарушэнняў, то летась іх зафіксавана 319. Зніжаецца і колькасць нарказалежных, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры. Аднак праблема не перастала быць адной з актуальных пагроз нашага грамадства. Застаецца нямала выпадкаў перадазіровак і нават гібелі людзей. Летась у вобласці ад гэтага загінулі двое мужчын.

Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў Гродне. Неаднаразова судзімы 58-гадовы гродзенец быў дастаўлены ў бальніцу са сваёй кватэры. У той жа дзень ён, не прыходзячы да прытомнасці, памёр. Эксперты ўстанавілі, што мужчына загінуў у выніку спажывання сінтэтычнага наркотыку.

Другі выпадак адбыўся ў Астраўцы. У адной з кватэр быў знойдзены труп 37-гадовага грамадзяніна Расіі. Падчас следства высветлілася, што яго знаёмы праз інтэрнэт набыў для пацярпелага гераін. Па закладку з наркотыкам давялося ехаць у Мінск. Частку закладкі мужчына ўжыў на месцы, астатняе забраў з сабой у Астравец. Але прычынай яго смерці стала іншае рэчыва – асабліва небяспечны ацэтыліраваны опій. Менавіта ён выклікаў вострае атручванне арганізма. Шпрыц з гэтым рэчывам быў знойдзены ў кватэры нябожчыка.

Цяпер у Гродне вядзецца следства па некалькіх наркатычных справах. Некалькі месяцаў таму ў абласным цэнтры затрымалі кіраўніка гуртка робататэхнікі, які на сваіх занятках уцягваў моладзь у спажыванне наркотыкаў. У матэрыялах следства нават ёсць адпаведныя аператыўныя кадры такіх «заняткаў». У хуткім часе матэрыялы накіруюць у суд.

Ёсць факты па наркотыках і сёлета. У студзені затрыманы адзін з закладчыкаў інтэрнэт-крамы, які распаўсюджваў гашыш. Пры сабе ў яго было 100 грамаў рэчыва. Гэта больш за 200 доз.

Пляцоўкі рэальныя і віртуальныя

Летась узбуджана больш за дваццаць крымінальных спраў супраць тых, хто вырошчвае і распаўсюджвае мак і каноплі. Штогод вясной і летам праводзяцца аперацыі па выяўленні і знішчэнні стыхійных і высаджаных пасеваў. Напрыклад, летась было знішчана 15 кілаграмаў макавай саломкі, з якой гатуюць опій – небяспечны наркатычны сродак. Ліквідавана некалькі лабараторый па вырошчванні канопляў, іх уладальнікі трапілі пад суд.

Усяго ў вобласці за год канфіскавана 360 кілаграмаў наркотыкаў, у асноўным гашышу, які прызнаны асабліва небяспечным прадуктам, атрыманым з канопляў. Значная частка распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Па словах Андрэя Кудрыцкага, менавіта віртуальны гандаль уяўляе галоўную пагрозу, бо крымінальныя групы фарміруюцца за межамі краіны і знайсці іх складана. Увесь працэс ідзе ў рамках закрытага інтэрнэту, дзе і сайтаў няма, а толькі пляцоўкі з адрасамі, якія вядомы вызначанаму колу асоб. Прычым разлік вядзецца праз крыптавалюту.

– У нас ёсць аналітычная разведка, якая займаецца праверкай як агульнадаступнага, так і закрытага інтэрнэту. І вынікі ёсць. Мы прадухілілі ў мінулым годзе 14 выпадкаў продажу наркотыкаў праз віртуальную пляцоўку, – паведаміў суразмоўнік.

З новым падыходам

Хоць крыміналу і становіцца менш, актуальнасць тэмы не зніжаецца. Але цяпер акцэнт будзе рабіцца на прафілактыку і супрацьнаркатычную прапаганду. Менавіта такую стратэгію на 2020–2025 гады нядаўна прынялі Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Як падкрэсліў Андрэй Кудрыцкі, у новай стратэгіі вызначаны і стандарты падачы інфармацыі. Адзін з іх – гэта захаванне канфідэнцыяльнасці персанальных даных. Недапушчальна расказваць аб ужыванні чалавекам наркотыкаў без яго пісьмовай згоды. Здымкі яго і ягонай сям'і таксама публікуюцца толькі з пісьмовага дазволу. Асноўная канцэпцыя: наркаман – гэта чалавек, якому патрэбна дапамога. На лібералізацыю некаторых аспектаў накіравана і заканадаўства.

– Тут трэба падзяляць нарказалежных на дзве катэгорыі: на хворых, якія ўжываюць з-за фізічнай неабходнасці, і тых, хто на ўцягванні ў спажыванне наркотыкаў зарабляе вялікія грошы. Паслабленні заканадаўства будуць датычыцца толькі тых, хто спажывае гэтыя рэчывы. Для тых, хто іх вырошчвае ці дастаўляе з-за мяжы і праз інтэрнэт рэалізуе, хутчэй за ўсё, паслабленняў не будзе, – адзначыў Андрэй Кудрыцкі.

Што датычыцца прафілактыкі, значная роля адводзіцца медыцынскім работнікам. Трэба сказаць, што менавіта гэты кірунак дзейнасці гродзенскіх медыкаў прадухіліў цяжкія вынікі для непаўналетніх пры наплыве сінтэтычных наркотыкаў пяць гадоў таму.

– Наркаманія – гэта хвароба, якую трэба лячыць, але яе можна пазбегнуць, – кажа галоўны ўрач Гродзенскага абласнога цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Максім Варанко. – Урачы сістэматычна праводзяць лекцыі для педагогаў і бацькоў. З Інстытутам павышэння адукацыі распрацавана спецыяльная праграма: кожную сераду педагогі слухаюць лекцыю падлеткавага нарколага, які расказвае пра віды наркотыкаў, іх распаўсюджванне, прыкметы ўжывання дзецьмі наркатычных сродкаў. І мы бачым, што моладзь менш ужывае наркотыкі, у асноўным на гэтым шляху тыя, хто пачаў злоўжываць яшчэ дзесяць гадоў таму і працягвае гэта рабіць.

У вобласці на наркалагічным уліку стаіць каля 500 чалавек. Для тых, хто жадае пазбавіцца смяротнай звычкі, ёсць спецыяльная праграма. Цяпер у ёй каля 100 чалавек. Як расказаў Максім Варанко, за дзесяць гадоў яе рэалізацыі прайшло рэмісію і знята з уліку амаль 20 чалавек. І калі ўлічваць, што ў кожнага ёсць сям’я, родныя і яны нармальна жывуць, атрымліваецца даволі шырокае кола. Былыя нарказалежныя, дарэчы, вельмі ўдзячныя тым, хто знаходзіўся побач, а таксама дактарам і міліцыі за тое, што прадухілілі іх падзенне ў бездань.

Маргарыта Ушкевіч, «Звязда», 5 сакавіка 2020 г.