/ / Общественно-политические
31.01.2020

Што трэба ведаць пры разліку гатоўкай у банках і на пошце?

Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне дастатковая колькасць інфакіёскаў і іншых плацежных тэрміналаў, многія нашы людзі (асабліва старэйшае пакаленне) па-ранейшаму аддаюць перавагу аплаце паслуг у касах банкаў або на пошце. А тут разлічвацца наяўнымі стала нявыгадна. Не, навіна прыйшла не ўчора: з 1 кастрычніка 2018 года Беларусбанк ужо ўвёў камісію за прыём некаторых плацяжоў наяўнымі ў касах – 1 рубель. Магчымасцю плаціць без камісіі пры дапамозе інтэрнэту і мабільнага банкінгу многія і да гэтага часу не карыстаюцца, бо папросту не ўмеюць, іншыя – не давяраюць такой сістэме аплаты або баяцца памыліцца.

Кошелек

Мае знаёмыя (ім каля 40 гадоў) упарта і свядома не хацелі карыстацца плацежнымі карткамі і сістэмай аплаты праз каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Пасля таго як Беларусбанк увёў камісію за аплату гатоўкай, яны сталі хадзіць на пошту, каб заплаціць там за паслугі мабільнай сувязі. Дакладней, хадзілі. Бо калі раней нашымі страхамі карысталіся толькі банкі, беручы камісіі за плацяжы наяўнымі ў сваіх касах, то цяпер да іх далучылася і «Белпошта».

Ад 60 капеек...

Дык вось, з першых дзён студзеня цяпер і ў касах паштовых аддзяленняў краіны за кожную аперацыю бяруць камісію ў памеры 60 капеек. Без дадатковай аплаты можна разлічыцца толькі па плацяжах у бюджэт, аплаціць камунальныя паслугі, стацыянарны тэлефон і перавесці грошы на дабрачынныя рахункі. Таксама не возьмуць 60 капеек за паслугі самой «Белпошты». А вось, напрыклад, за аплату паслуг мабільнай сувязі, інтэрнэт-правайдараў, аператараў кабельнага тэлебачання або ахоўнай сігналізацыі давядзецца пераплачваць. Вось і атрымліваецца, што пяць падобных плацяжоў – гэта плюс тры рублі да выніковай сумы. Грошы не вельмі вялікія, але для эканомных людзей (тым больш пенсіянераў) і гэтая сума будзе адчувальная.

У кантакт-цэнтры «Белпошты» растлумачылі, што камісія не будзе спаганяцца за аплату праз касу тых паслуг, якія аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У сістэме АРІП гэта паслугі няні, сядзелкі, разавая і сацыяльная дапамога на даму, гурткі і іншае.

– Прыём плацяжоў – гэта дадатковая паслуга РУП «Белпошта». Раней плата за гэта не спаганялася. З 1 студзеня 2020 года за прыём некаторых плацяжоў праз касу мы сталі браць 60 капеек. Але калі плацеж прымаецца за сацыяльную паслугу, камісія за яго спаганяцца не павінна, – растлумачыла аператар кантакт-цэнтра. Акрамя таго, з 30 студзеня «Белпошта» падымае расцэнкі на некаторыя паслугі па перасылцы лістоў і пасылак. Напрыклад, кошт перасылкі заказнога ліста масай да 20 грамаў павялічыцца на восем капеек – да 1,98 рубля.

...да 5 рублёў за адзін плацеж

Што датычыцца банкаў, то там у якасці камісіі бяруць яшчэ больш. Так, у касах Беларусбанка з 15 студзеня за кожны здзейснены плацеж цяпер трэба плаціць два рублі. Такую суму возьмуць, калі вы, напрыклад, плаціце за навучанне ці паслугі інтэрнэт-правайдараў, прычым не толькі наяўнымі грашыма, але і па картцы ў касе. Як і раней, у Беларусбанку не возьмуць камісію з ветэранаў ВАВ, а таксама за плацяжы ў бюджэт (падаткі, зборы, пошліны, штрафы). Не трэба асобна плаціць за правядзенне плацяжоў на карысць грамадскіх аб'яднанняў, на дабрачынныя рахункі, за выплаты ў выглядзе ўзносаў страхавых агентаў і на карысць самога банка.

Пры аплаце ж асноўных і дадатковых камунальных паслуг у касах Беларусбанка пакуль дадатковых грошай браць не будуць. Ды ёсць адно «але». Цяпер у многіх аддзяленнях гэтага банка ў буйных гарадах краіны плата за камунальныя паслугі ў касах наогул не прымаецца. У такіх аддзяленнях ўстаноўлена 4, 5 або 6 інфакіёскаў. Кіраўніцтва банка лічыць, што гэтага цалкам дастаткова для закрыцця «камунальнай тэмы».

З 20 студзеня камісія за прыём наяўных грошай і здзяйсненне аперацыі па банкаўскай плацежнай картцы вырасла таксама ў касах БПС-Ашчадбанка і Прыёрбанка. Дадатковая плата па плацяжах на карысць выканаўцы паслуг стала каштаваць пяць рублёў. Гэтую суму давядзецца аддаць нават пры аплаце камуналкі ці электрычнасці. Атрымліваецца, што, прыняўшы плацеж, напрыклад, за камуналку, інтэрнэт і электрычнасць, банк дадаткова возьме з вас 15 рублёў.

З 1 лютага да вышэйпералічаных банкаў далучыцца яшчэ і Парытэтбанк. У яго касах пачнуць браць камісію ў памеры двух рублёў за прыём наяўных грошай па плацяжах за паслугі АРІП. Плаціць давядзецца за ўсе плацяжы, акрамя аплаты ў бюджэт (такіх як падаткі, зборы, штрафы і пошліны). Гэты банк таксама ўвёў камісію з 10 студзеня за выдачу ў касах наяўных па картках плацежных сістэм Vіsа Іntеrnаtіоnаl, Mаstеrсаrd і плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ, эмітаваных іншымі банкамі. Узнагароджанне банка складзе 2,5 % ад сумы. Пры гэтым у плату не ўключана камісія банка-эмітэнта за аперацыю зняцця наяўных.

У іншых банках сітуацыя падобная. Праўда, некаторыя з іх вызначаюць памер камісіі ў працэнтах ад сумы плацяжу, акрэсліваючы пры гэтым мінімальны парог свайго ўзнагароджання. Такую форму камісіі практыкуе Белінвестбанк: у іх яна складае 2 % ад сумы, але не можа быць меншая за два рублі і большая за 80 рублёў. Такую ж суму бяруць і ў Ідэя Банку, але не менш за пяць рублёў, а ў Тэхнабанку – 0,5 %, пры гэтым ніжняя мяжа камісіі – два рублі, верхняя – 50 рублёў.

Пасябраваць з інфакіёскам і (або) з банкаўскім работнікам

Сваю 80-гадовую маму я вучыў карыстацца банкаўскай карткай спачатку ў краме, а потым і ў інфакіёску. З крамай праблем не было наогул ніякіх. Ёй нават спадабалася гуляць у казку з гэтым чароўным «пластыкам». Запамінаеш чатыры лічбы, потым набіраеш іх – і ўсё: ні табе паперак, ні манет, якія можна згубіць. З інфакіёскам складаней. Разабрацца з алгарытмам дзеянняў – на гэта патрэбны час, а жалезная скрыня (кіёск, значыць) пачынае брыдка пішчаць – падганяць кліента. «Ад гэтага нервуешся і робіш памылкі», – абураецца мая дарагая матуля. Акрамя таго, з часам яе стаў падводзіць зрок, а лічбы на мігатлівым экране зліваюцца ў нейкія плямкі. Але з гэтай сітуацыі мая мама знайшла годнае выйсце.

Яна ўстаўляе картку ў інфакіёск, набірае пін-код і кліча работніка банка на дапамогу. «Разам з гэтай маладзенькай дзяўчынкай мы хуценька ўсё аплачваем, літаральна за некалькі хвілін. Рукі ж у яе спрытныя, так і бегаюць па кнопачках».

Добра ведаючы сваю маму, я строга цікаўлюся ў яе, ці не частуе яна супрацоўніцу па дабрыні душэўнай? «Не, яна не бярэ, нельга ёй. Ну, калі толькі маленькую шакаладку раз у квартал...» – ціха шэпча мая мілая бабулька.

Сотавыя тэлефоны цяпер ёсць ва ўсіх, у маладых і старых. На тэлефон як правіла кідаюць ад пяці да 10 рублёў. І што, за кожны такі плацеж у банку аддаваць ад двух да пяці рублёў? Гэта нейкі нонсэнс. А што рабіць тым, хто не разбіраецца ў камп'ютарах, інтэрнэт-банкінгах, а інфакіёск далёка ў суседняй вёсцы? Як быць тым, хто застаўся адзін, а дзеці, унукі – дзесьці ў вялікім горадзе? Выйсце ёсць і ў гэтай сітуацыі. Трэба проста патэлефанаваць сваім сваякам і прапанаваць ім аплаціць гэтую паслугу (канешне ж, безнаяўна), а грошы вярнуць потым – пры сустрэчы. Бо дыстанцыйна аплаціць паслугу можна з любога пункта нашай планеты. Галоўнае – ведаць рэквізіты.

Цікавыя паслугі, дарагія і не вельмі

Сёлета Беларусбанк перагледзеў зборнік узнагароджанняў за аперацыі фізічных асоб. Дапаўненні і змены ўступілі ў сілу з 15 студзеня. У абноўленым зборніку існуе камісія за перавод наяўных грашовых сродкаў (здзяйсненне аперацыі па банкаўскай плацежнай картцы) у касе банка па плацяжах на будаўніцтва жылых памяшканняў, уступных, паявых, членскіх, мэтавых і дадатковых узносаў членаў арганізацыі забудоўшчыкаў, а таксама ўзносаў удзельніка долевага будаўніцтва на аплату будаўніцтва жылога памяшкання ў шматкватэрным жылым доме. Кошт гэтай паслугі будзе роўны 0,2 % ад сумы пераводу, але не меншы за два рублі і не большы за 50 рублёў. Перавод грашовых сродкаў на іншыя мэты прадугледжвае камісію, роўную 2 % ад сумы, але не меншую за два рублі і не большую за 80 рублёў.

Банк бярэ ўзнагароджанне за ажыццяўленне аперацый па крэдытах. Так, афармленне дагавора паручыцельства, афармленне дадатковага пагаднення да дагавора паручыцельства абыдзецца кліенту ў дзевяць рублёў, калі крэдыт выдаецца ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта або пастановамі Савета Міністраў на будаўніцтва або набыццё жылых памяшканняў. Афармленне такога дагавора паручыцельства ў іншых выпадках каштуе ўжо 26 рублёў. Складанне дагавора закладу – 50 рублёў, а камісійныя за ўнясенне змяненняў у крэдытны дагавор з ініцыятывы крэдытаатрымальніка – 25 рублёў.

У раздзеле «Іншыя аперацыі» ёсць выдача даведкі па крэдытах, якія прадстаўляюцца ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта і (або) пастановамі Савета Міністраў Беларусі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, а таксама па льготных крэдытах. Яна абыдзецца ў шэсць рублёў. А вось атрыманне звестак па валютна-абменных аперацыях, курсах замежных валют, устаноўленых Нацыянальным банкам краіны, і курсах абмену валют устаноў Беларусбанка каштуе 18 рублёў за адзін дзень.

Аказваецца, у гэтым банку можна памяняць зношаныя, пашкоджаныя, але з прыкметамі плацежнасці грашовыя знакі замежнай валюты, сапраўднасць якіх не выклікае сумнення, на плацежныя грашовыя знакі той жа замежнай валюты тых жа або іншых наміналаў (замена наяўнай замежнай валюты ў доларах ЗША, еўра, расійскіх рублях). За гэтую паслугу бярэцца камісія, роўная 3 % ад сумы валюты, але не меншая за два рублі. Размен наяўнай замежнай валюты (долары, еўра, расійскія рублі) – 2 % ад сумы.

А вось прыём на інкаса наяўнай замежнай валюты, якая выклікае сумненне ў яе плацежнасці, для накіравання на даследаванне па плацежнасці абыдзецца ў 4 % ад сумы, але не менш чым у 10 рублёў.

І апошняе. Інфармацыйная паслуга па абвестцы шляхам накіравання паведамлення на нумар мабільнага тэлефона (СМС-паведамлення) і (або) паведамлення па электроннай пошце (е-mаіl-паведамлення) каштуе 1,4 рубля ў месяц. Для кагосьці глупства, а для кагосьці не лішняя капейка...

Сяргей Куркач, «Звязда», 31 января 2020 г.