/ / Общественно-политические
21.01.2020

Как изменились подходы в предоставлении досрочной пенсии?

Для грамадзян, якiя пра­цуюць у асаблiвых умовах, налiчэнне пен­сiй цяпер будзе ажыццяўляцца па новых падыходах. Прэзiдэнт падпiсаў Указ № 15, якi рэгулюе пытаннi датэрмiновага пенсiённага забеспячэння грамадзян, занятых на работах з асаблiвымi ўмовамi працы i асобнымi вiдамi прафесiйнай дзейнасцi.

Пенсионный стаж

Тры магчымыя сцэнарыi

Сёння ў краiне ў асаблi­вых умовах працуюць 350 000 беларусаў. Трэць з iх – педагогi i медыкi, 34 000 – трактарысты, звыш 30 000 – даяркi i жывёлаводы, больш за 10 000 – вадзiцелi гарадскога пасажырскага транспарту. За апошнiя дзесяць год спiс тых, чые прафесii спалучаны са складанымi, асаблiвымi ўмовамi працы, паменшыўся на 30 працэнтаў. Такiя дадзеныя днямi прывяла Мiнiстр працы i сацыяльнай абароны Iрына Касцевiч у iнтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1». Па яе меркаваннi, гэта станоўчы трэнд, якi красамоўна iлюструе мадэрнiзацыю i аўтаматызацыю вытворчасцi.

Намеснiк Мiнiстра працы i са­цыяль­най абароны Валерый Кавалькоў расказаў пра парадак, якi iснаваў раней.

– З 1 студзеня 2009 года ў краiне дзейнiчае сiстэма прафесiйнага пенсiённага страхавання работнiкаў. Яна накiравана на акумулiраванне грашовых сродкаў на рахунках грамадзян, занятых у неспрыяльных умовах працы (так званая накапляльная сiстэма), для таго каб пазней яны маглi атрымаць кампенсацыю за сваю працу ў такiх умовах у выглядзе датэрмiновай прафесiйнай пенсii цi дадатковай прафесiйнай пенсii пасля прызначэння пенсii па ўзросце.

Пры гэтым Валерый Кавалькоў звярнуў увагу на тое, што прафесій­ная накапляльная пенсiя i звычайная добраахвотная накапляльная пенсiйная сiстэма, якая ёсць у краi­не, – гэта розныя рэчы, якiя часта блытаюць.

– Да сённяшняга часу работнiк, якi выпрацаваў пасля 1 студзеня 2009 года не менш за палову спецыяльнага (льготнага) стажу, неабходнага для прызначэння пенсii, пераходзiў у прафесiйную пенсiённую сiстэму, гэта значыць набываў права на пры­значэнне толькi датэрмiновай альбо дадатковай прафесiйнай пенсii i страчваў права на пенсiю датэрмiнова па Законе «Аб пенсiённым забес­пя­чэннi», гэта значыць на датэрмi­новую пенсiю па ўзросце цi за вы­слугу гадоў, – патлумачыў намеснiк Мiнiстра.

Такая сiстэма адпрацавала ўжо 10 год. Работнiкi, якiя перайшлi ў прафесiйную пенсiённую сiстэму, не змаглi назапасіць дастаткова сродкаў для нармальнай дадатковай пенсii. Гэта абумоўлена, па-першае, непрацяглым перыядам фармiравання ўзносаў, а па-другое, дастаткова нiзкiм тарыфам для наймальнiкаў па выплаце ўзносаў для сваiх работнiкаў, якiя працуюць у неспрыяльных умовах. На неабходнасцi змен асаблiва настойвалi некаторыя работнiкi сельскай гаспадаркi – трактарысты-машынiсты, аператары машыннага даення, а таксама вадзiцелi гарадскога транспарту i iншыя катэгорыi работнiкаў, у якiх неабходны спецыяльны стаж складаў 20 год i якраз у 2010 го­дзе з моманту ўводу прафесiйнай пенсiённай сiстэмы палова гэтага тэрмiну ўжо была пройдзена.

– Работнiкi з працяглым спецыяльным стажам пачалi падымаць пытанне пра захаванне права на датэрмiновую пенсiю па ўзросце за працу ў асаблiвых умовах цi за выслугу гадоў, – патлумачыў Валерый Кавалькоў. – Каб iх не пераводзiлi ў прафесiйную пенсiённую сiстэму. Таму Прэзiдэнт прыняў рашэнне, каб работнiкi, якiя выпрацавалi не менш за палову спецыяльнага стажу, неабходнага для назначэння датэрмiновай пенсii па ўзросце цi за выслугу гадоў, маглi заставацца ў агульнай пенсiённай сiстэме, са сродкаў якiх пенсiя назначаецца ў адпаведнасцi з законам «Аб пенсiённым забеспячэннi». А асобы, у якiх да 1 студзеня 2009 года сфармiраваны нязначны спецыяльны стаж, будуць далей пенсiянавацца па правiлах прафесiйнага пенсiённага страхавання. Гэтая норма ўступiць у сiлу з 1 студзеня 2020 года.

Наступная катэгорыя, якой патрабуецца больш працяглы спецыяльны стаж, – медыкi i педагогi. Ён складае 25 год для жанчын i 30 год для мужчын. Новы ўказ дазваляе iм таксама вярнуцца ў звычайную пенсiённую сiстэму.

Прафесiйныя пенсiённыя накап­леннi могуць выкарыстоўвацца па дзвюх падставах. Гэта датэрмiновая прафесiйная пенсiя, якая будзе прызначацца работнiку, занятаму ў неспрыяльных умовах працы, на 5–10 год да дасягнення агульнапрынятага пенсiённага ўзросту. Абавязковая ўмова для гэтага – ён павiнен пакiнуць працу ў неспрыяльных умовах. Альбо работнiк мае права працягнуць такую працу да дасягнення iм пенсiённага ўзросту. У такiм выпадку ён можа атрымаць дадатковую пенсiю да асноўнай па ўзросце. Дадатковая будзе налiчвацца з назапашаных на рахунку работнiка сродкаў за гэты час.

Аднак тыя, хто сёння заняты ў неспрыяльных умовах працы, маюць права выбраць для сябе даплату да зарплаты. Наймальнiк у гэтым выпадку даплачвае работнiку штомесячную суму не менш за тыя узносы, якiя б накiроўвалiся пры фармiраваннi накапляльнай прафесiйнай пенсii. Выбар застаецца за работнiкам: альбо наймальнiк даплачвае яму да зарплаты зараз, але пры гэтым спецыяльны прафесiйны стаж не фармiруецца, а разам з iм – i падставы для датэрмiновай пенсii, альбо робiць за яго ўзносы, фармiруючы дадатковую страхавую падушку.

Тарыфы ўзносаў стануць большыя ўдвая

З 1 студзеня 2021 года больш чым удвая павысяць тарыфы ўзносаў работадаўцаў на прафесiйнае пенсiённае страхаванне. Гэта тычыцца толькi асобных катэгорый работнiкаў – тых, хто заняты на працягу поўнага рабочага дня на работах з асаблiвымi ўмовамi працы цi асобнымi вiдамi прафесiйнай дзейнасцi.

Выключэнне складаюць работ­нiкi, занятыя ў асаблiвых умовах працы па спiсах № 1 i № 2. Для iх тарыфы ўзносаў ужо ўзраслi з 1 сту­дзеня 2014 года.

Эфект ад новаўвядзенняў

Старшыня ФПБ Мiхаiл Орда лiчыць новыя падыходы да налiчэння пенсiй чэснымi i справядлiвымi.

– Праца трактарыста, механi­затара, даяркi, вадзiцеля грамад­скага транспарту не самая прос­тая, кажа ён. – Калiсьцi, пачынаючы працаваць па гэтых спецыяльнасцях, яны ведалi, что змогуць разлiчваць на датэрмiновую пенсiю пэўнага ўзроўню. Сiтуацыю змянiлi падыходы, уведзеныя ў 2009 годзе.

Да гэтага часу датэрмiновая пен­сiя выплачвалася з агульнай пенсiённай сiстэмы краiны, i людзi маглi працаваць на сваiх працоўных месцах. Пасля з’яўлення прафесiйнага пен­сiённага страхавання сродкi за асаблiвыя ўмовы працы сталi акумулявацца на асабiстых рахунках работнiкаў. А пры выхадзе на прафесiйную працоўную пенсiю чалавек павiнен быў пакiнуць сваё працоўнае месца.

Быў усталяваны пераходны перыяд. Тыя, хто адпрацаваў пасля 1 студзеня 2009 года менш за 10 год i пры гэтым меў неабходны стаж, атрымлiваюць датэрмiновую пенсiю па старых правiлах. А тыя, хто пасля 2009 года працаваў у асаблiвых умовах больш за 10 год, маглi разлiчваць толькi на пенсiю па новых правiлах (пры наяўнасцi неабходнага стажу). З-за невялiкага перыяду i сум адлiчэнняў назапашаная пенсiя складала ўсяго толькi 50–70 рублёў. Было шмат зваротаў па гэтым пытаннi.

– Людзi разумелi: каб захаваць за сабой права на выхад на пенсiю па старых правiлах, iм трэба пакiнуць сваё месца працы, – гаворыць Мiхаiл Орда. – Гэта вопытныя, квалiфiкаваныя работнiкi, зацiкаўленыя ў тым, каб працаваць далей. Наймальнiкi таксама хочуць захаваць кадравы склад. На некаторых прадпрыемствах маглi звольнiцца амаль трэць спецыялiстаў, – адзначыў Мiхаiл Орда. – Таму ў мiнулым годзе мы звярнулiся да Кiраўнiка дзяржавы з просьбай захаваць за тымi, хто многа гадоў працаваў у асаблiвых умовах, ранейшыя правiлы выхаду на датэрмiновую пенсiю.

Елена Казлоўская, «Рэспубліка», 21 студзеня 2020 г.