/ / Общественно-политические
15.01.2020

Усё, што трэба ведаць пра падачу дэкларацыі аб даходах за мінулы год

Сёлета дэкларацыю аб даходах за мінулы год трэба падаць у тэрмін не пазней за 31 сакавіка. Хто абавязаны займацца падлікам сваіх даходаў, а пры неабходнасці звярнуцца ў падатковы орган? «Звязда» сумесна са спецыялістамі Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) падрыхтавала падрабязны тлумачальнік.

Другая легкавушка, грузавік і аўтобус

Да другога месяца вясны абавязкова запоўніць дэкларацыю павінны тыя, хто за мінулы год прадаў больш чым адзін аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога складае да 3500 кілаграмаў і колькасць сядзячых месцаў у якім, акрамя кіроўчага сядзення, – да васьмі. Абавязак на дэклараванне пачынаецца таксама пасля продажу аднаго грузавога аўтамабіля або аўтобуса, калі агульная маса першага перавышае 3500 кілаграмаў або колькасць месцаў другога перавышае восем. Тут спецыялісты МПЗ удакладнілі, што, калі машына, якую вы прадалі, дасталася вам у спадчыну, падатак плаціць не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года.

Лічым кватэры за пяць гадоў, а офісы – за год

Займацца дэклараваннем сваіх даходаў па выніках года павінны і тыя, хто на працягу пяці апошніх гадоў прадаў іншым фізічным асобам другую кватэру ці другі жылы дом, больш за адзін садовы домік, больш чым адзін гараж (зямельны ўчастак, машына-месца), якія належаць чалавеку па праве ўласнасці.

Увага! Пры атрыманні на працягу 2014–2019 гадоў даходаў ад продажу аднаго наймення аб‘екта нерухомасці, напрыклад, у 2015 годзе – адной (!) кватэры, а ў 2019 годзе – аднаго (!) жылога дома, грамадзянін не абавязаны прадстаўляць падатковую дэкларацыю, бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

Даходы, атрыманыя ад выплатнага адчужэння атрыманых у спадчыну аб‘ектаў такой нерухомасці, вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад перыядычнасці іх адчужэння на працягу пяцігадовага перыяду.

Таксама дэкларуюцца па выніках года даходы ад продажу больш чым аднаго (на працягу пяці апошніх гадоў) не завершанага будаўніцтвам капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзела.

У дачыненні да аб'ектаў камерцыйнай нерухомасці колькаснай падатковай ільготы не існуе. Калі ўласнік прадаў нават адно гандлёвае, офіснае або адміністрацыйнае памяшканне, ён абавязаны запоўніць дэкларацыю і аплаціць падаходны падатак.

Ёсць выключэнне з правілаў. Прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць дамоў, дач або зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Даходы з-за мяжы

Спецыялісты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя фінансавыя ўліванні, што былі атрыманы грамадзянамі за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны. Але папярэдне трэба вызначыць, што чалавек сапраўды быў прызнаны ў 2019 годзе падатковым рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (фактычна знаходзіўся на працягу мінулага года больш за 183 дні на тэрыторыі краіны).

Гэта могуць быць грошы ад работы па найме (кантракта), ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і іншае.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых там (за выключэннем даходаў, атрыманых з афшорных зон), залічваюцца пры вызначэнні сумы падаходнага падатку, які трэба заплаціць у Беларусі. Тут існуе адзін нюанс. Такі залік ажыццяўляецца работніку пры ўмове, што ён прадставіць дакумент аб атрыманым даходзе і ўтрыманым падатку, пацверджаны падатковым ці іншым кампетэнтным органам замежнай краіны.

Такое пацвярджэнне даецца фізічнай асобай альбо ў момант падачы падатковай дэкларацыі, альбо на працягу аднаго года з дня падачы заявы аб правядзенні заліку падатку, які быў аплачаны ў бюджэт замежнай дзяржавы.

Ануляванне маёмаснай ільготы

Гэта адбываецца пры датэрміновым спыненні будаўніцтва і датэрміновым пагашэнні жыллёвых аблігацый.

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацыі забудоўшчыкаў.

Эксперты міністэрства адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, абкладаюцца падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней была дадзена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, якія былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры датэрміновым пагашэнні жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дамове. Дэкларацыя падаецца ў тым выпадку, калі па ўнесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў праведзены маёмасны падатковы вылік.

Такі ж механізм прадугледжаны, калі адмяняецца вылік на даходы ў выглядзе лізінгавых плацяжоў, якія выплачаны па дагаворы фінансавай арэнды, што прадугледжвае выкуп прадмета лізінгу – аднакватэрнага жылога дома або кватэры, у выпадках, калі такі дагавор не завяршыўся выкупам маёмасці або ў дагавор былі ўнесены змены, якія выключаюць умову выкупу прадмета лізінгу.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў летась такія грашовыя сродкі, абавязаны заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была выдзелена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Падарункі «з боку» лічым, а ад сваякоў – не

Падлічваць за год трэба і тыя прыбыткі, якія былі атрыманы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе. Гэта камерцыйная дзейнасць – тут дэклараванне без варыянтаў. Іншая рэч – падарункі.

Калі ўважліва пачытаць інструкцыю аб дэкларацыях, то атрымліваецца, што дробныя падарункі наогул лічыць не трэба. Дэклараваць неабходна даходы, атрыманыя на працягу 2019 года ў выніку дарэння, у выглядзе нерухомай маёмасці па дагаворы рэнты бясплатна ад фізічных асоб, па дагаворах, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, у памеры больш за 6 569 беларускіх рублёў ад усіх крыніц. Выключэнне складаюць падарункі сваякоў. Яны вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру атрыманага ў выніку дарэння даходу.

Асобамі, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, лічацца бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, прадзед, прабабуля, праўнукі, муж і жонка. У адносінах сваяцтва будуць блізкія сваякі мужа ці жонкі, у тым ліку памерлыя.

Не абавязаны, але могуць

Мы падрабязна апісалі, хто павінен лічыць свае даходы і запаўняць дэкларацыю. Але ў нас ёсць і тыя, хто можа падаць у інспекцыю дэкларацыю з мэтай атрымання падатковых ільгот.

У прыватнасці, гэта датычыцца тых людзей, хто атрымліваў летась аўтарскія ўзнагароды або ўзнагароды за стварэнне, выкананне ці іншае выкарыстанне твораў навукі, літаратуры і мастацтва, узнагароды аўтарам вынаходак, карысных мадэляў, прамысловых узораў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Дэкларацыю варта запоўніць таксама спартсменам і іх трэнерам, якія атрымлівалі даходы ад асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўлялася імі не ў рамках каманднага ўдзелу.

Некалькі завяршальных лайфхакаў

Падатковую дэкларацыю цяпер можна падаваць у любой інспекцыі незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік або ў электронным выглядзе праз асабісты кабінет плацельшчыка. Да дэкларацыі абавязкова павінна быць прыкладзеная даведка ад падатковага агента аб налічаным даходзе і ўтрыманым падатку па ўстаноўленай форме. У падатковай дэкларацыі неабходна адлюстраваць звесткі аб праве фізічнай асобы на атрыманне пэўных падатковых ільгот (вылікаў), а таксама прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць на гэта яе права.

Пасля таго як падатковы орган зробіць пераразлік падаходнага падатку і разлічыць суму падатку да вяртання, трэба напісаць заяву на вяртанне падатку па форме згодна з дадаткам.

Вяртанне падатку ажыццяўляецца двума спосабамі: на рахунак, адкрыты ў банку, у тым ліку карт-рахунак; наяўнымі грашовымі сродкамі з касы банка, у якім абслугоўваецца падатковы орган. Калі фізічная асоба жадае вярнуць падатак на свой банкаўскі рахунак, то ў заяве на вяртанне падатку неабходна ўказаць рэквізіты банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты.

На працягу 15 рабочых дзён з моманту падачы заявы на вяртанне падатку атрымаць грошы ў банку або на свой банкаўскі рахунак.

Падаходны падатак, вылічаны падатковым органам на падставе прадстаўленай фізічнай асобай падатковай дэкларацыі за 2019 год, падлягае выплаце ў бюджэт у тэрмін не пазней за 1 чэрвеня 2020 года.

Парушэнне тэрміну прадстаўлення ў падатковы орган дэкларацыі за 2019 год цягне накладанне штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь з павелічэннем яго

на 0,5 базавай велічыні за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь. Для даведкі: з 1 студзеня 2020 года базавая велічыня складае 27 рублёў. Такім чынам, памер штрафу можа скласці ад 54 да 270 рублёў.

Парушэнне кліентам тэрміну аплаты падаходнага падатку (1 чэрвеня 2020 года), вылічанага на падставе прадстаўленай падатковай дэкларацыі за 2019 год, калі нявыплачаная або не цалкам выплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, цягне накладанне штрафу ў памеры 15 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні.

Якімі падатковымі вылікамі можа скарыстацца звычайны грамадзянін?

Стандартныя падатковыя вылікі: 
  • у памеры 110 рублёў у месяц; 
  • у памеры 32 рублёў (61 рубля) у месяц на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, навучэнцаў і студэнтаў дзённага аддзялення або іншых утрыманцаў; 
  • у памеры 155 рублёў у месяц для асобнай катэгорыі фізічных асоб.

Сацыяльныя падатковыя вылікі: 

  • у суме выдаткаў на навучанне (сваё, дзяцей, іншых блізкіх сваякоў); 
  • на выплату страхавых узносаў па дагаворах добраахвотнага страхавання.

Маёмасныя падатковыя вылікі: 

  • у суме выдаткаў на будаўніцтва або набыццё ў нашай краіне аднакватэрнага жылога дома або кватэры; 
  • у суме выдаткаў, панесеных на набыццё маёмасці, даходы ад продажу якой падлягаюць падаткаабкладанню; 
  • у памеры 20 % ад сумы, якая падлягае падаткаабкладанню даходаў, атрыманых ад адчужэння маёмасці.

Прафесійныя падатковыя вылікі: 

  • у суме выдаткаў на стварэнне аб'екта аўтарскага права; 
  • у памеры 20 %, 30 %, 40 % сумы аўтарскай узнагароды; 
  • у суме выдаткаў, звязаных з удзелам спартсменаў і іх трэнераў у спартыўных спаборніцтвах, пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўляецца не ў рамках каманднага ўдзелу; 
  • у памеры 20 % сумы, якая падлягае падаткаабкладанню, даходаў, атрыманых спартсменамі і іх трэнерамі ад ажыццяўлення асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

І яшчэ адзін плюс: у мінулыя гады ўсе тыя, хто здаваў уласную кватэру на працяглы тэрмін, плацілі фіксаваны падатак. Але, акрамя гэтага, яны павінны былі падлічыць прыбытак ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў за ўсе 12 месяцаў. Калі ён дасягаў агульнай сумы 6 тысяч рублёў і больш, трэба было наведаць падатковую інспекцыю і выплаціць дадатковы падатак. Цяпер гэтага няма.

Сяргей Куркач, «Звязда», 15 студзеня 2020 г.