/ / Общественно-политические
27.02.2020

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Выпускны экзамен у школе могуць сумясціць з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Праўда, для гэтага спатрэбіцца пэўны час – прыкладна два-тры гады. Такія планы анансаваў на выніковай калегіі свайго ведамства Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.

На яго думку, сумяшчэнне выпускных экзаменаў з ЦТ дазволіць зменшыць нагрузку на выпускнікоў. «Вынікі праведзенага незалежнага даследавання паказваюць, што большасць апытаных бацькоў, настаўнікаў і саміх вучняў падтрымліваюць сумяшчэнне з тэсціраваннем выпускных экзаменаў па мовах і матэматыцы і нават увядзенне для ўсіх навучэнцаў профільных класаў выпускнога экзамену па замежнай мове», – паведаміў ён.

Чаму не карэлююць адзнакі

Новыя падыходы да выніковай атэстацыі навучэнцаў агучыла ў сваім выступленні на калегіі і дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Наталля БУШНАЯ:

– Кожны педагог усведамляе, што змены павінны адбыцца, хоць абсалютна зразумела, што да іх трэба сур’ёзна і ўзважана рыхтавацца: правядзенне сумешчаных экзаменаў – справа няпростая. Сёння цэнтралізаванае тэсціраванне, фармат яго правядзення, змест заданняў усімі намі ўспрымаюцца як трывалая традыцыя. Змест тэстаў не выходзіць за межы школьнай праграмы. Як настаўнік матэматыкі, які працуе ў выпускным класе, кажу пра гэта з поўнай адказнасцю. Разам з тым варта адзначыць, што падыходы да выніковай атэстацыі выпускных класаў, насуперак запатрабаванай часам дынамічнасці ўсіх працэсаў, заставаліся нязменныя ўжо дастаткова доўга. У сувязі з гэтым узнікае цалкам заканамернае пытанне: а ці трэба змяняць тую сістэму, якая ўжо склалася і зразумелая ўсім педагогам?

Практыка паказвае, што трэба. Спашлюся на вопыт правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў на прыкладзе прадмета, які мне бліжэйшы за ўсё. Экзаменацыйная работа па матэматыцы за курс сярэдняй школы ўключае ў сябе дзесяць заданняў і доўжыцца пяць гадзін. Тэст па матэматыцы – 32 заданні, з якімі трэба справіцца за тры гадзіны. Пры гэтым школьны экзамен праводзіцца па адкрытых тэкстах, даступных для навучэнцаў да пачатку экзамену, а канкрэтны змест заданняў ЦТ абітурыент бачыць толькі непасрэдна падчас іспыту. Таму чакаць адэкватнай карэляцыі адзнак у школе і на ЦТ аб’ектыўна не выпадае.

Яшчэ адзін прыклад. Па рускай або беларускай мове за курс базавай школы навучэнцы пішуць дыктоўку, за курс сярэдняй школы – пераказ, а пры паступленні – тэст. Зусім розныя формы, якія патрабуюць розных метадаў падрыхтоўкі і абапіраюцца на розныя сістэмы ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Вядома, можна казаць пра рознабаковае развіццё навучэнцаў. Але той факт, што гэта прыводзіць да іх перагрузкі, не выклікае сумненняў. Таму сёння мы назіраем пэўную супярэчнасць паміж існуючай сістэмай выніковай атэстацыі і неабходнасцю знізіць вучэбную нагрузку на навучэнцаў, захаваўшы і нават памножыўшы якасць іх ведаў. Каб атрымаць новы імпульс для далейшага развіцця, гэтую супярэчнасць трэба будзе нашай сістэме адукацыі вырашыць. Адзіныя зразумелыя патрабаванні да выніковай атэстацыі, лічу, знімуць пэўнае непаразуменне ў ацэнцы вучэбных дасягненняў навучэнцаў і з боку бацькоў вучняў.

Самыя каштоўныя метры

Між іншым, ужо летась сістэма ЦТ зведала значныя змены, у прыватнасці змянілася сістэма падліку балаў, налічаных за выкананне тэсту. Арганізатары ЦТ запэўніваюць, што іх мэта – укараненне методыкі, якая б не ранжыравала абітурыентаў, а давала ацэнку ведаў у абсалютнай велічыні, гэта значыць, стала б больш аб’ектыўная. Ранейшая рэйтынгавая методыка відавочна не дазваляла супаставіць узровень ведаў, прадэманстраваных абітурыентам на ЦТ, з яго школьнымі ведамі. Да таго ж новая методыка ліквідуе псіхалагічны бар’ер, які ўзнікаў у абітурыентаў пасля атрымання нізкіх балаў. Напрыклад, 10 балаў на ЦТ – гэта не рэальны ўзровень ведаў абітурыента, а яго рэйтынгавая ацэнка за выкананне канкрэтнага тэста, – так тлумачылі прадстаўнікі РІКВ новаўвядзенне, адказваючы на крытыку, што абрынулася на іх пасля здачы абітурыентамі рэпетыцыйнага тэсціравання.

Між іншым, адмаўленне ад рэйтынгавай шкалы адразу адбілася на балах, якія абітурыенты атрымалі: высветлілася, што пераадолець 50-бальную планку – цяпер не праблема. А вось набраць больш за 75 балаў па-ранейшаму складана. А пасля здачы ЦТ і атрымання сертыфікатаў пытанняў у абітурыентаў і педагогаў стала яшчэ больш.

– Ёсць меркаванне, што новая методыка недаацэньвае добра падрыхтаваных абітурыентаў. Лічу гэта меркаванне некарэктным, – каментаваў вынікі ЦТ 2019 года дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. – Пасля 70–75 балаў, што ранейшая, што новая методыка дае аднолькавы вынік. Тыя, хто паказаў лепшыя веды, будуць мець і вышэйшыя балы. Шкала падліку балаў не з’яўляецца лінейнай. Можна трактаваць гэта з пункту гледжання спорту: апошнія метры перад фінішам самыя каштоўныя. І сумненняў у эфектыўнасці і аб’ектыўнасці новай сістэмы падліку балаў не павінна быць ні ў абітурыентаў, ні ў іх бацькоў, настаўнікаў або рэпетытараў.

– Новая методыка была ўведзеная не для штучнай дэманстрацыі росту добрых адзнак, а для настаўніка, каб ён мог працаваць над якасцю адукацыі. Цяпер кожны педкалектыў можа параўнаць, якая была ў абітурыента адзнака ў школе і які вынік ён паказаў на ЦТ, і пры несупадзенні, напэўна, задумаецца: чаму такое адбылося? – падкрэслівае Ігар Карпенка. – Новая методыка закранула і інстытут рэпетытарства. Адукацыя – не сфера паслуг! Не рэпетытары, а школа павінна даваць навучэнцу веды, прадугледжаныя вучэбнай праграмай, якія будуць неабходныя яму ў жыцці. Без розных камерцыйных структур і даплат.

Стаць студэнтам усё прасцей

Паколькі сітуацыя ў вобласці нізкіх і сярэдніх балаў пасля пераходу на новую сістэму падлікаў сур’ёзна змянілася, усе чакалі, што павысяцца і мінімальныя прахадныя парогі, але гэтага не адбылося. Шчыра кажучы, і раней парогавыя значэнні ў 10–15 балаў, а тым больш у сем балаў па стабальнай шкале выклікалі ў педагогаў горкую ўсмешку. А калі цяпер балы на ЦТ можна супастаўляць са школьнымі адзнакамі, атрымліваецца ўвогуле вельмі сумная сітуацыя. Дастаткова рашыць літаральна два-тры заданні з тэста, і ты ўжо можаш прэтэндаваць на запаветны студэнцкі білет.

– Па нашых дакументах, тэрмін дзеяння сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання складае два гады, – удакладніў Юрый Міксюк. – І ў абітурыентаў ёсць права не здаваць ЦТ, а скарыстацца леташнімі сертыфікатамі. У выпадку калі б мы перагледзелі мінімальныя парогі ў бок павышэння, хтосьці мог бы апынуцца за бортам прыёмнай кампаніі.

Ён паабяцаў, што налета мінімальныя парогі павысяцца, але гэта будзе зроблена пасля аналізу вынікаў абітурыентаў 2019 года. Дык ці павысяцца прахадныя парогі для маладых людзей, якія будуць штурмаваць ВНУ ў 2020 годзе, або ўсё застанецца па-ранейшаму?

Падчас круглага стала, які прайшоў нядаўна ў БелТА, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ паведаміў, што змяненне парогавых значэнняў балаў ЦТ зноў не плануецца.

– Першы варыянт, вынесены на абмеркаванне і разгляд, – пакінуць парогавыя значэнні на ўзроўні мінулага года, другі – павялічыць іх, трэці – зусім ануляваць. Пры гэтым ануляванне парогавых значэнняў ні ў якім разе не варта расцэньваць як адкрыты ўваход у сістэму вышэйшай адукацыі. Яно прадугледжвае толькі тое, што выключна конкурсная сітуацыя будзе вызначаць тых, хто паступіць, – растлумачыў Сяргей Каспяровіч. – У выніку з улікам тых рызык і пазітыўных момантаў, якія прысутнічаюць падчас рэалізацыі кожнага з гэтых варыянтаў, было прынята папярэдняе рашэнне аб захаванні парогавых значэнняў на ўзроўні мінулага года.

«Пытанні прыёму закранаюць вялікую колькасць грамадзян. Таму любое дзеянне павінна быць асэнсавана і сур’ёзна ўзважана. Такая аргументацыя якраз і лягла ў аснову таго, што на бягучы момант мы схіляемся да захавання парогавага значэння на ўзроўні мінулага года», – падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Цяпер Міністэрства адукацыі працуе над заканадаўчым замацаваннем ільготнага паступлення выпускнікоў профільных аграрных класаў.

«У час маючай адбыцца прыёмнай кампаніі не плануюцца істотныя змены ні ў плане арганізацыі, ні ў плане агульных падыходаў, – распавёў Сяргей Каспяровіч. – Калі казаць пра тыя пытанні, над якімі працуе Міністэрства адукацыі, то сёння можна вылучыць два аспекты. З 2020 года трэба стварыць алгарытм для льготнага паступлення выпускнікоў профільных аграрных класаў па алгарытме, падобны на той, што ўжываецца ў дачыненні да выпускнікоў педагагічных класаў. Акрамя таго, працуем над пашырэннем ільгот для тых, хто прайшоў тэрміновую ваенную службу».

А ці зменіцца штосьці ў змесце тэстаў?

Па словах дырэктара РІКВ, пашырыцца варыятыўнасць выбару адказаў. «Раней па некаторых прадметах мы выкарыстоўвалі пяць магчымых варыянтаў адказу, а па іншых – чатыры. Цяпер там, дзе было чатыры, дадалі яшчэ адзін варыянт. Гэта для добрасумленнага абітурыента фактычна ніякага значэння не мае і не адбіваецца на часе выканання заданняў, – адзначыў Юрый Міксюк. – Другі момант датычыцца матэматыкі і фізікі. У нас раней было 30 заданняў у тэсце. Сёлета дадалі яшчэ два заданні першага ўзроўню складанасці для таго, каб больш аб'ектыўна ацэньваць, скажам так, не моцна падрыхтаваных абітурыентаў, а таксама зменшыць дыскрэтнасць набраных балаў за пэўную колькасць дакладных адказаў. То-бок гэта зноў жа на карысць усім абітурыентам».

Надзея Нікалаева, «Звязда», 27 лютага 2020 г.