/ / Общественно-политические
21.02.2020

Новы від махлярства зарэгістраваны ў Беларусі

Раз-пораз на стужках інфармацыйных агенцтваў з'яўляюцца навіны аб тым, што чарговы пенсіянер стаў ахвярай ашуканцаў. І перадгісторыя пытанняў адрозніваецца хіба што толькі ў дэталях. У дзверы звоніць рэспектабельны чалавек, які пачынае рэкламаваць цуда-тавары, якія ёсць у яго пры сабе. «Забалбатаўшы» чалавека паважнага ўзросту, госць пераводзіць дыялог да таго, па што і прыйшоў, – заключэння здзелкі. І здаецца, усё як мае быць: пакупнік атрымлівае тавар, а прадавец – грошы. Аднак менавіта тут і пачынаецца самае цікавае.

– З нашай практыкі – часцей за ўсё такія «коміваяжоры» прапануюць тавар зыходзячы са сваёй мэтавай аўдыторыі, – расказвае начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Васіль Шупляк. – Жанчынам і пенсіянерам спрабуюць прадаць камплекты пасцельнай бялізны, посуд. Калі ж аб'ектам выбраны мужчына, то яму пачнуць рэкламаваць інструменты – дрыль, шрубакрут, электрычны лобзік, набор гаечных ключоў. Бывае, што госці маскіруюцца пад работнікаў адпаведных службаў і прапануюць паставіць газааналізатар ці аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Альбо, напрыклад, спрабуюць прадаць цукровы сіроп пад выглядам мёду...

Усё гэта, як правіла, спакавана ў прыгожую прэзентабельную каробку. Прамысловыя тавары ў такіх прадаўцоў за вельмі рэдкім выключэннем зроблены ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі і па сутнасці з'яўляюцца таннымі нізкаякаснымі падробкамі. Нярэдка яны набываюцца на аптовых рынках, а пасля выдаюцца за якасныя еўрапейскія з адпаведнымі цэнамі.

І нярэдка на гэта ідуць грошы, якія стары чалавек не адзін год збіраў для сваіх патрэб. Васіль Шупляк прыгадвае адзін паказальны выпадак.

– Летась мы затрымалі злачынную групу з Расіі. Сутнасць яе дзеянняў была ў наступным. Некалькі чалавек прыязджала на легкавым аўтамабілі ў пэўны мікрараён, пасля група раздзялялася. Прыкмеціўшы патэнцыйную ахвяру, да яе падыходзіў малады хлопец і вельмі культурна і ветліва пачынаў гаворку. Ён прадстаўляўся экскаватаршчыкам, які выкапаў скарб на будоўлі. Але, маўляў, паколькі ён замежнік, то не ведае мясцовых парадкаў і прапануе адправіцца ў ламбард ці пункт па скупцы золата, каб праверыць наяўнасць каштоўнага металу. І калі так, то ўступіць за адпаведную цану. Залішне казаць, што перад праверкай лёгкім рухам рукі з кішэні даставалася сапраўдная манета. Спецыялісты пацвярджалі: так, тут сапраўды ёсць золата або серабро. Такім жа лёгкім рухам рукі гэтая манета коштам некалькі соцень рублёў пасля мянялася на падробку, візуальна ідэнтычную натуральнай, цана якой – не больш за тры рублі. І быў выпадак, калі злачынец нават праводзіў дадому аднаго пенсіянера, які выграб усе назапашаныя дома грошы і яшчэ тэлефанаваў жонцы, каб яна далажыла свае зберажэнні.

Падобныя злачынствы даволі моцна расцягнуты ў часе. Падман выкрываецца праз некалькі тыдняў ці месяцаў, калі адведаць падманутага старога прыязджаюць яго родныя. На радасцях чалавек паказвае – маўляў, глядзіце, якую добрую і каштоўную рэч я купіў! І толькі пасля яму тлумачаць, што насамрэч на ім добра зарабілі... Часавы фактар мае і іншы, на першы погляд, нечаканы аспект.

– З'яўленне такіх людзей у вас у доме не заўжды азначае, што проста зараз у дачыненні да вас будзе здзейснена злачынства, – кажа суразмоўнік. – Але магчыма, што вашу кватэру або прыватны дом ужо сканіруюць пільным вокам разведчыка, каб зразумець, наколькі заможна вы жывяце. І не выключана, што да вас наведаюцца яшчэ раз, але калі вас дома ўжо не будзе...

Тут трэба разумець, што, запускаючы ў сваё жытло незнаёмага чалавека, які можа прадставіцца кім заўгодна, хоць работнікам сацыяльнай службы, вы ўжо рызыкуеце пазбавіцца нейкіх грошай або каштоўных рэчаў. Заходзячы ў кватэру, яе гаспадара спрабуюць адвесці на кухню і там пачаць з ім гутарку. Але ўваходныя дзверы ў гэты момант застаюцца незачыненыя! Яшчэ некалькі злачынцаў пранікаюць у кватэру і пачынаюць даследаваць жылыя пакоі. Усё, што знаходзіцца каштоўнага, – забіраюць сабе. А паколькі ніхто штогадзіны не правярае, дзе ляжаць каштоўныя рэчы ці грошы, то і па гарачых слядах затрымаць зладзеяў немагчыма.

– Як правіла, злачынцу няважна, які склад злачынства ён зараз здзяйсняе, – працягвае суразмоўнік. – Былі ў нас выпадкі, калі ў чалавека проста вырывалі скрутак з грашыма і збягалі.

Як жа засцерагчыся ад такіх выпадкаў? Элементарна, як казаў Шэрлак Холмс.

– Проста не адчыняйце дзверы незнаёмым і памятайце, што бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы, – раіць Васіль Шупляк. – Мы заўважылі, што людзі да 40 гадоў пападаюцца на вудачку салодкагалосых ашуканцаў вельмі і вельмі рэдка. Пэўна, яны ў гэтым сэнсе больш асцярожныя. Калі ж візіцёр прадстаўляецца супрацоўнікам нейкай службы, то патэлефануйце ў яе і папрасіце запрасіць да апарата чалавека, чыё прозвішча назваў нечаканы госць. Калі на месцы яго няма – распытайце, ці сапраўды да вас ён пайшоў на абыход. Такія меры залішнімі дакладна не будуць. Саромецца іх не трэба – памылка з вашага боку можа каштаваць вельмі дорага.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», 21 лютага 2020 г.