/ / Общественно-политические
21.02.2020

Навошта жывёле пашпарт?

На базе сельскагаспадарчага прадпрыемства «Саўгас «Дабраволец» Клічаўскага раёна прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі. У пасяджэнні ўзяў удзел намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка.

Анатоль Ісачанка

Абмяркоўвалі праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі». Старшыня камісіі Міхаіл Русы растлумачыў прысутным, што выезд у Клічаўскі раён мае мэтай павышэнне якасці заканатворчага працэсу. Для гэтага вырашылі разглядаць праекты асобных законаў менавіта з удзелам работнікаў і спецыялістаў, якім давядзецца працаваць з імі.

Ініцыятыва разумная. Але чаму месцам правядзення пасяджэння быў абраны «Саўгас «Дабраволец»? Па-першае, гэта вядомая ў вобласці гаспадарка, калектыў якой ставіць рэальныя мэты па развіцці вытворчасці і ў няпростых умовах гаспадарання дасягае стабільных станоўчых вынікаў росту. Па-другое, дырэктар «Дабравольца» Алег Портнік з'яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Як сенатар і аграрнік з вялікім стажам Алег Пятровіч адчувае і разумее, якія змены неабходна ўнесці ў вышэйназваны закон, каб айчынная жывёлагадоўля хутчэй рухалася наперад, была сучасная і канкурэнтаздольная, аператыўна рэагавала на выклікі часу.

Відаць, невыпадкова перад дыскусіяй па праекце закона гаспадар запрасіў калег-сенатараў на свае вочы ўбачыць, чым жывуць жывёлаводы гаспадаркі, як ім працуецца, спытаць іх пра надзённыя вытворчыя праблемы. А таксама паглядзець, у якіх умовах утрымліваецца жывёла. Гасцям была дадзена магчымасць наведаць малочнатаварны комплекс «Дуброва», агледзець збожжаток і лінію па перапрацоўцы алейных культур, пазнаёміцца з практыкай захоўвання бульбы.

Пасля экскурсіі размова падчас пасяджэння была дзелавая, хоць момантамі гарачая і вострая. І канкрэтная. Адразу скажам, што нейкіх экстраардынарных прычын для ўнясення радыкальных змен у закон няма. Ёсць нават і пэўныя здабыткі ў племянной галіне. Напрыклад, летась Беларусь упершыню распачала экспарт племянной прадукцыі: яе было рэалізавана ў Расіі, Казахстане, Грузіі, Узбекістане і Таджыкістане на 1,3 мільёна долараў. Сёлета ёсць магчымасць пераўзысці гэты паказчык і пашырыць геаграфію паставак. У Беларусі ўпершыню на постсавецкай прасторы пачалася ўнікальная работа па аптымізацыі біятэхналагічных прыёмаў для правядзення поўных геномных даследаванняў.

І тым не менш, каб ісці ў нагу з часам, па словах намесніка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыла, у апошнія гады наспела неабходнасць змен у закон аб племянной справе.

Не будзем пераказваць усю размову прафесіяналаў – скажам, што складаная і адказная сучасная племянная работа ўключае ў сябе меры па павышэнні эфектыўнасці селекцыйнага працэсу ў краіне, зніжэнні выдаткаў на догляд маладняку, работу па атрыманні асабліва каштоўных быкоў з дапамогай трансплантацыі, захады па стварэнні папуляцыі жывёлы, устойлівай да генетычных захворванняў, і многае іншае. І ўсю гэту дзейнасць варта прывесці ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам, каб вытрымліваць канкурэнцыю.

Сенатары і запрошаныя да размовы прадстаўнікі Мінсельгасхарчу, ветэрынарнай службы, навукоўцы, кіраўнікі вядомых гаспадарак, спецыялісты-практыкі ў жывёлагадоўлі пераважную частку абмеркавання прысвяцілі выпрацоўцы агульных падыходаў па ўдасканаленні Закона «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі». У прыватнасці, узнікла дыскусія аб неабходнасці ўкаранення так званых племянных пашпартоў. У гэтым дакуменце будуць адлюстраваны асноўныя звесткі пра жывёлу. Такую работу ўжо пачалі ў Расіі, Украіне і іншых былых савецкіх рэспубліках.

Лейтматывам у час размовы гучала думка аб выключнай ролі айчыннай генетыкі ў племянной жывёлагадоўлі, удасканаленні тэхналагічных працэсаў у гэтай сферы. На думку Міхаіла Русага, генетыка – найважнейшы кірунак АПК, залаты запас краіны. Паспяховае развіццё галіны, з аднаго боку, забяспечвае атрыманне якаснай прадукцыі, з другога – дазваляе ўмацоўваць экспартны патэнцыял сельскай гаспадаркі, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі. Дробязяў у тэхналогіі не бывае. Каб атрымаць канкурэнтаздольную прадукцыю, трэба прадумаць і тэхналагічна выбудаваць усё: ад яе вытворчасці да перапрацоўкі і рэалізацыі.

Міхаіл Русы падкрэсліў, што сенатары разам з распрацоўшчыкамі праекта закона, вучонымі прааналізавалі, чаго не хапае ў племянной жывёлагадоўлі. Па выніках абмеркавання будуць прыняты канкрэтныя рэкамендацыі.

А практыка разгляду праектаў законаў падчас выязных пасяджэнняў працягнецца. Бо гэта дае магчымасць пачуць меркаванне людзей, якія працуюць на месцах, адносна змен у тым ці іншым дакуменце.

Леанід Лахманенка, «Звязда», 21 лютага 2020 г.
(фота – газета
«Звязда»)