/ / Общественно-политические
18.02.2020

Крамы павінны працаваць да апошняга пакупніка

На днях хацела заскочыць па малако ў краму, да закрыцця якой заставалася пяць хвілін. Аднак ахоўнік на ўваходзе не пусціў мяне, матывуючы гэта тым, што я не паспею зрабіць пакупкі да заканчэння работы магазіна. Ці меў ён права на такія дзеянні? Лілія П., г. Мінск

На пытанне адказвае Вікторыя ЧАМЯРЭЎСКАЯ, вядучы спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання бюджэтна-фінансавых зносін і падаткаабкладання Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Ахоўнік не меў права не пусціць вас у краму. Нават калі да канца яе работы заставалася б адна хвіліна, ён не павінен быў перашкаджаць вам наведаць яе. Уваход у магазін перапыняецца роўна ў час афіцыйнага заканчэння яго работы.

У адпаведнасці з Правіламі продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання забараняецца перапыняць пакупнікам доступ у гандлёвую залу з набліжэннем часу завяршэння работы прадаўца. За дзесяць хвілін да завяршэння работы прадавец можа папярэдзіць пакупнікоў, што час іх абслугоўвання заканчваецца ў сувязі з набліжэннем часу завяршэння работы крамы адпаведна рэжыму работы ўстановы.

Аднак усе пакупнікі, якія ўжо знаходзяцца ў зале, павінны быць абслужаны і разлічаны, нават калі гэта адбываецца ўжо пасля афіцыйнага завяршэння работы магазіна. Канешне, гэта не азначае, што, трапіўшы ў краму за хвіліну да канца яе працы, вы пойдзеце гадзіну гуляць па радах з каляскай. Акрамя заканадаўчых правоў трэба кіравацца таксама чалавечымі адносінамі адзін да аднаго.

Ірына Сідарок, «Звязда», 18 лютага 2020 г.