/ / Общественно-политические
07.04.2020

Самаiзаляцыя пасля камандзiроўкi. Якую кампенсацыю атрымаюць такія работнiкi?

У Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны растлумачылi, якую кампенсацыю атрымаюць работнiкi, якiя па прыбыццi ў Беларусь з замежнай камандзiроўкi вымушаны знаходзiцца ў самаiзаляцыi. А таксама расказалi, якiя гарантыi i кампенсацыi прадугледжаны для работнiкаў, што былi накiраваны ў камандзiроўку за мяжу i цяпер не могуць вярнуцца ў Беларусь з краiны, дзе рэгiструюцца выпадкi iнфекцыi, выклiканай каранавiрусам COVID-19.

Деньги

У ведамстве растлумачылi, што пры знаходжаннi работнiкаў у самаiзаляцыi пасля вяртання са службовай камандзiроўкi (пры немагчымасцi выканання iмi службовых абавязкаў), iм захоўваецца заробак у памеры не нiжэй за дзве трацiны тарыфнай стаўкi (тарыфнага акладу), службовага акладу, калi iншае не вызначана калектыўнай дамовай.

Таксама пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 3 красавіка 2020 г. № 194 «Аб службовых камандзiроўках за мяжу» наймальнiкам дадзена права працягваць тэрмiн службовай камандзiроўкi работнiкам, якiя ў цяперашнi момант не могуць вярнуцца ў Беларусь з краiны, дзе рэгiструюцца выпадкi iнфекцыi, выклiканай каранавiрусам COVID-19, – да дня iх вяртання назад уключна.

Пры гэтым за работнiкам захоўваецца месца работы (службы) i пакрываюцца выдаткi пры службовых камандзiроўках за мяжу (сутачныя, па найме жылога памяшкання, па праездзе i iншыя).

Што датычыцца зарплаты пры падаўжэннi службовай камандзiроўкi, то яна захоўваецца ў памеры не нiжэй за дзве трацiны тарыфнай стаўкi (тарыфнага акладу), службовага акладу, калi iншае не вызначана калектыўнай дамовай.

Але калi пры падаўжэннi камандзiроўкi работнiку будзе дадзена дадатковае заданне, то за iм захоўваецца зарплата на працягу перыяду выканання такога задання, пры гэтым яна павiнна быць не нiжэйшая за сярэднi заробак, а таксама пакрываюцца камандзiровачныя выдаткi.

Гэтыя нормы распаўсюджваюцца таксама на ваеннаслужачых, супрацоўнiкаў ваенiзаваных арганiзацый, якiя маюць спецыяльныя званнi, у тым лiку накiраваных за мяжу на навучанне.

Святлана Бусько, «Звязда», 7 красавіка 2020 г.