/ / Общественно-политические
01.04.2020

Уласная зброя. Як правяраецца яе захоўванне?

Спрадвеку паляванне лiчылася мужчынскiм заняткам, па сутнасцi, такiм i засталося. Толькi мэты яго з часам змянiлiся. Але нягледзячы на тое, што паляванне з даўнiх часоў iснавала ў сельскай мясцовасцi, не забыта яно i сярод жыхароў вялiкага горада.

Оружие

Цяпер у Заводскiм раёне Мiнска зарэгiстравана паўтары тысячы паляўнiчых. I гэта на 233 тысячы агульнага насельнiцтва. Лiчба даволi iстотная, асаблiва калi ўлiчыць, што абавязковы атрыбут паляўнiчага – уласная зброя. I кантроль за яе захаваннем павiнен быць вельмi жорсткi.

Як гэта адбываецца, карэспандэнт «Звязды» ўбачыў на свае вочы разам са старшым iнспектарам па дазваляльнай рабоце Заводскага РУУС Мiнска маёрам мiлiцыi Юлiяй Iвановай.

«Паўтары тысячы патронаў ляжала на антрэсолях»

– У першую чаргу супрацоўнiкаў мiлiцыi цiкавiць парадак захоўвання. Трэба, каб зброя знаходзiлася непасрэдна ў зачыненым металiчным сейфе. А да яго i ключоў павiнен быць выключаны вольны доступ. Патронам месца – толькi на асобнай палiчцы ў сейфе. Бывалi ў нас выпадкi, калi ключы ад сейфа вiселi проста каля ўваходных дзвярэй... Нядаўна адзiн з нашых участковых выкрыў факт, калi ў кватэры ружжо захоўвалася без сейфа. Быў складзены адмiнiстрацыйны пратакол, а гаспадара мы папярэдзiлi пра тое, што наступны раз зброю за гэта ў яго адбяруць. Калi ж чалавек захоўвае некалькi адзiнак зброi, то або яны павiнны ляжаць у сейфе, разлiчаным на такую колькасць, або пад кожную з iх мусiць быць адведзены спецыяльны сейф. I ў сярэднiм раз на тыдзень адзiн з паляўнiчых i застаецца праз парушэннi правiл захоўвання без зброi.

– Якiя дакументы трэба збiраць для таго, каб законна набыць стрэльбу?

– Раз на тры гады грамадзяне павiнны працягнуць тэрмiн дазволу на захоўванне i нашэнне зброi. За месяц да канца дзеяння яны мусяць звярнуцца ў дазвольную сiстэму з пэўным пакетам дакументаў. Гэта медыцынская даведка аб тым, што ў чалавека няма процiпаказанняў для валодання зброяй, квiтанцыя аб аплаце i дзеючае пасведчанне на права палявання. I, натуральна, сам дазвол на набыццё i нашэнне зброi. Калi ж чалавек у гэты тэрмiн не ўклаўся – мы зброю адбiраем i даём месяц на тое, каб недахопы былi лiквiдаваны. Ну i заадно будзе складзены пратакол аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi. Няпамятлiвасць каштуе ад 4 да 15 базавых велiчынь.

– Але што рабiць, калi гаспадар зброi памёр?

– У канцы студзеня да нас звярнуўся чалавек. Ён расказаў, што пасля смерцi мацi вырашыў зрабiць рамонт у кватэры, дзе яна жыла. I знайшоў на антрэсолях паўтары тысячы патронаў i штык-нож да аўтамата Калашнiкава. Зброя была адабрана. Пасля высветлiлася, што бацька заяўнiка калiсьцi працаваў ваенруком у школе, яшчэ за савецкiм часам, i меў доступ да боепрыпасаў. Пры гэтым сам ён нiколi паляўнiчым не быў. Памёр яшчэ ў 2002 годзе. I ўвесь гэты час патроны ляжалi ў кватэры. Прычым было высветлена, што яны цалкам прыдатныя. I тут важна звярнуць увагу на наступны момант: калi зброя здаецца добраахвотна, то нiякай адказнасцi для таго, хто яе здаў, няма.

– А цi валодаюць зброяй жанчыны?

– Так, iх у Заводскiм раёне сталiцы чатыры. Цяга да зброi звычайна з’яўляецца пад уплывам мужоў. А вось куды больш пенсiянераў, якiя валодаюць зброяй. Нядаўна ў нас атрымаў трохгадовы дазвол уладальнiк, якi нарадзiўся ў 1937-м! I гэта яшчэ не рэкорд. Тры гады таму дазвол паспяхова падоўжыў 87-гадовы пенсiянер. Сёлета, калi яму споўнiлася 90, на жаль, гэта зрабiць ужо не атрымалася. Але не трэба думаць, што ўсе яны ходзяць у такiм паважным узросце на паляванне. Бывае не раз, што ў такiх людзей зброя нерухома ляжыць у сейфе па 10-15 гадоў. Проста яна дарагая чалавеку, i з асабiстых прычын ён з ёй развiтвацца не хоча. У такiм выпадку рана цi позна, але ў нейкi момант дазвол працягнуты не будзе, i зброю давядзецца здаць. Таму тут ёсць альтэрнатыўны варыянт: спецыялiзаваная сталiчная майстэрня выводзiць зброю з баявога стану. Але пасля трэба будзе звярнуцца ў Дзяржаўны камiтэт судовых экспертыз, каб яны пацвердзiлi, што з гэтай зброi страляць больш нельга.

Ад папулярнай «тулкi» да бельгiйскай рэдкасцi

Спярша мы кiруемся ў пасёлак каля сталiчнага аўтазавода. Там на адлегласцi лiтаральна 100 метраў адзiн ад аднаго жывуць адразу два паляўнiчыя.

Першы з iх, Валерый Яўгенавiч, актыўна рыхтуецца да цёплага сезону. Ужо падрыхтаваў надзiманую лодку. Двое ружжаў у яго ляжаць у розных сейфах. Юлiя Iванова просiць паказаць боепрыпасы. Яны знаходзяцца асобна на палiцах. Дазвол на захоўванне, нашэнне зброi i паляўнiчы бiлет у мужчыны схаваны надзейна, зрэшты, як i ключ. Усе нумары, якiя нанесены на розныя часткi зброi, супадаюць.

– Участковы да мяне часта заходзiць, каб зброю праверыць. Сёлета ўжо два разы быў, – згадвае Валерый Яўгенавiч. – Але за трыццаць гадоў паляўнiчага стажу я ўжо да гэтага прывык. Адзiнае – калi быў жывы цесць, то ездзiў з iм на паляванне часцей. Ды i тата мой таксама сябраваў са зброяй.

А вось Iван Iванавiч вырашыў са сваёй зброяй развiтацца. 22 мая ў мужчыны заканчваецца тэрмiн дзеяння дазволу, i падаўжаць яго ён не плануе. Хоць са сваiм ТОЗам не развiтваецца яшчэ з 1990 года.

– Не, сваё я ўжо адпаляваў... Ужо недзе сем гадоў не хаджу. Тры гады таму падоўжыў дазвол, але бачу, што гэта марна ўсё. А ружжо давядзецца здаць.

Тут трэба ўдакладнiць адну асаблiвасць, якая датычыцца розных дакументаў. Пасведчанне, якое дазваляе менавiта паляванне, выдаецца на дзесяць гадоў, а не на тры, як у выпадку з захоўваннем зброi. Але калi падчас часовага трохгадовага тэрмiну скончылася дзеянне паляўнiчага бiлета, то зброю дома трымаць можна, вось толькi страляць з яе нельга.

...Бывае, што занятак нейкай справай пераходзiць ад бацькi да сына. Паляванне – не выключэнне. Так адбылося ў Вiктара i Аляксандра. Больш за тое, падчас размовы з Аляксандрам бачна, што мужчына цудоўна ведае гiсторыю сваёй зброi.

– Мы карыстаемся ружжамi Brоwning. У нашай краiне яны вельмi рэдкiя. Зроблены ў 1969 i 1973 гадах у Бельгii пад замову. Адрознiваюцца тым, што ў iх вельмi добрая кучнасць i трывалая сталь. Але з 1975 года гэтая серыя была цалкам знята з вытворчасцi, што, безумоўна, павышае iх каштоўнасць. У таты стаж з 1993 года, у мяне – з 2009-га. Выязджаем не так часта, як хацелася б, але адкрыццё i закрыццё сезона не прапускаем нiколi.

А вось у Яўгена захоўваецца максiмальна дапушчальная колькасць ствалоў – тры.

– У мяне захапленняў некалькi, – усмiхаецца мужчына. – У паляваннi я навiчок, мой стаж налiчвае ўсяго толькi год. Але ў мясцовасцi, адкуль я родам, паляўнiчых шмат. Затое ў Мiнску мы з сябрамi перыядычна наведваем спортынг-клуб, прыкладна раз на тры месяцы. Пасля рабочага тыдня пастраляць па талерачках – што можа быць лепей? Акрамя таго, я – даўнi член ДТСААФ, займаюся стральбой з пiсталета. Праўда, туды я прыйшоў ужо пасля 30...

У нашага апошняга героя, Вiталя Якаўлевiча, зарэгiстраваны сапраўдны рарытэт. Нямецкае ружжо Simsоn ён называе «графскiм». Яно i нядзiўна – зброя маркi не выпускаецца з 1945 года. Як жа такое ружжо трапiла ў Мiнск?

– Я яго набыў у Манголii ў 1989 годзе. У азiяцкай краiне я настаўнiчаў у савецкай школе ва Улан-Батары – выкладаў гiсторыю i грамадазнаўства. Там жа пасябраваў з нашым земляком Уладзiмiрам, якi працаваў у гандлёвым прадстаўнiцтве, але жыў у Маскве. У сталiцы СССР яго кватэра знаходзiлася на адной пляцоўцы з жыллём нейкага генерала. Генерал той меў вось гэта самае ружжо, але паляваць асаблiва не ўмеў, ды i жаданнем навучыцца не палаў. I вось аднойчы ён i прапанаваў Уладзiмiру купiць гэтую зброю. Казаў, што страляе яна кучна i на вельмi далёкую адлегласць. А яшчэ яна, маўляў, належала нейкаму графу. Уладзiмiр ведаў, што я да палявання нераўнадушны, i спытаў мяне, цi не хачу купiць ружжо. Я пагадзiўся, балазе грошы былi...

* * *

Парушэнняў падчас рэйду мы не знайшлi. Але засталося нявысветленае адно пытанне – цi шмат жыхароў Заводскага раёна сталiцы валодаюць пнеўматычнай i газавай зброяй?

– Пнеўматыка ставiцца на ўлiк, калi мае дульную энергiю, большую за 7,5 джоўля. У нас зарэгiстравана ўсяго адна такая адзiнка. Што да газавых пiсталетаў, то данiна модзе, якая iснавала ў 90-я гады, амаль сышла ў гiсторыю. Уладальнiкi пакрысе прыносяць iх на ўтылiзацыю. Толькi дзве штукi летась мы перарэгiстравалi ў спадчыну – з бацькоў на сыноў. Бацькi развiтвацца са зброяй не хацелi, а медыцынскую камiсiю прайсцi не здолелi.

Акрамя таго, усе ўладальнiкi зброi пастаянна правяраюцца на прадмет парушэння закону. Калi бiяграфiя не зусiм «чыстая» – прыладу тут жа канфiскуюць. I сёлета ў Заводскiм раёне былi ўжо тры такiя выпадкi. На працягу года стрэльбу цi iншую прыладу можна прадаць, перааформiць або падарыць. Калi ж чалавек гэтай магчымасцю не скарыстаўся – зброю адбяруць у даход дзяржавы. Таму парушаць закон уладальнiку зброi вельмi i вельмi накладна ва ўсiх сэнсах.

– Увесну 2014 года ў нас праходзiла традыцыйная аперацыя «Арсенал». Гэта падстава яшчэ раз праверыць збройнiкаў, – згадвае старшы iнспектар аддзела аховы i правапарадку Заводскага РУУС Мiнска маёр мiлiцыi Уладзiмiр Лагунчык. – Шэсць гадоў таму я працаваў участковым iнспектарам. Дык вось, вырашыў я зайсцi да аднаго паляўнiчага, якi меў зарэгiстраванае гладкаствольнае ружжо. Ён спачатку не хацеў мяне пускаць у кватэру. Толькi пасля папярэджання, што ў яго адбяруць ружжо, адчынiў дзверы. Мужчына крыху адчынiў дзверцы сейфа i кажа – бачыце зброю? Маўляў, усё добра, i тут жа зачыняе назад. А я разумею: паводзiны яго, скажам так, нетыповыя. Здавалася б, чаго яму хвалявацца, калi ўсё ў парадку? Папрасiў я ў яго ключы, сам адчынiў гэты сейф. Думаў, можа, нешта з патронамi не тое. Аказалася, што ў зброi нiякiх патронаў няма, усе боепрыпасы ляжаць асобна на палiцы. Дык чаго ж так нервавацца было? Гляджу я на сейф i разумею, што ён нейкай незвычайнай канструкцыi. Так i аказалася – ён меў двайное дно. А на другiм «узроўнi» ляжаў нейкi пакет. Дастаю я яго, разгортваю – а там нейкi старадаўнi пiсталет i патроны. Пасля высветлiлася, што пiсталету было больш за сто гадоў. I такiх экзэмпляраў у свеце засталося ўсяго некалькi! Праўда, стан яго аказаўся нерабочы. А вось патроны прыдатнасць да стральбы захавалi. Таму i была заведзена крымiнальная справа па артыкуле 295 Крымiнальнага кодэкса. Наш герой атрымаў два гады абмежавання волi без накiравання ў папраўчую ўстанову.

Валяр’ян Шкленнiк, «Звязда», 1 красавіка 2020 г.