/ / Общественно-политические
26.09.2019

Аб правілах перавозкі дзіця расказалі інспектар ДАІ і педыятр

Дзе лепш ўстанаўліваць аўтакрэсла, у якіх сітуацыях не трэба плаціць штраф за паездку без яго і чаму зімой лепш, калі дзіця ў салоне без курткі? На пытанні маладых мам і татаў на сямейным фестывалі «ТатаРrо» адказалі інспектар ДАІ і педыятр.

Автокресла

– Калі дзіця можна перавозіць без аўтакрэсла, проста прышпіліўшы рамянём?

– Згодна з правіламі дарожнага руху, перавозка дзіцяці да 5 гадоў павінна ажыццяўляцца ў адпаведных прыладах, зыходзячы з таго, якія вага і рост дзіцяці, – тлумачыць інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Раман ЛАШКЕВІЧ. – Для дзіцяці ад 5 да 12 гадоў – магчыма выкарыстанне бустара (аўтамабільны бустар – гэта дзіцячае ўтрымліваючае прыстасаванне – невялікае сядзенне з падлакотнікамі без спінкі і ўнутраных рамянёў бяспекі. Пры гэтым дзіця прышпільваецца штатным рамянём па аналогіі з дарослым чалавекам). Задача бустара – прыўзняць цела малога, каб штатны рэмень бяспекі праходзіў па грудзях, а не па шыі, што небяспечна для жыцця. Адмова ад бустара дапушчальная і да 12 гадоў, калі рост дзіцяці больш за 150 см. Але дзіця ў абавязковым парадку павінна быць прышпіленае рамянём бяспекі.

Не мае значэння, на якім сядзенні вы перавозіце дзіця – на заднім або пярэднім, пры ўмове, што ў машыне няма падушак бяспекі або можна адключаць іх.

Калі падушкі бяспекі не адключаюцца, перавозіць дзіця ў дзіцячай аўталюльцы альбо аўтакрэсле, устаноўленых спінай да лабавога шкла, дапушчальна толькі на заднім сядзенні. Гэтая забарона тлумачыцца тым, што пры спрацоўванні ў выпадку ДТЗ падушка бяспекі рэзка і з вялікай сілай б'е ў спінку калыскі і прыціскае яе да пасажырскага крэсла, з прычыны чаго дзіця можа атрымаць сур'ёзныя траўмы або нават загінуць.

– Якія месцы ў аўтамабілі самыя бяспечныя, каб размясціць там аўтакрэсла?

– Лічыцца, што самае бяспечнае месца – тое, якое размешчана ззаду за кіроўцам. Чаму? У кожнага тут сваё меркаванне, асабіста мая думка такая: у кожнага кіроўцы ёсць інстынкт самазахавання. І ў надзвычайных сітуацыях ён дзейнічае інстынктыўна, адводзячы ад удару свой «бок» машыны, таму ўдар часцей за ўсё прыходзіцца ў бок пасажыра на пярэднім сядзенні. Пасажыр, які знаходзіцца за кіроўцам, нароўні з ім таксама будзе больш абаронены ад небяспекі. Заўважана, што ва ўсіх сур'ёзных ДТЗ смяротны зыход найбольш верагодны для тых, хто сядзіць справа ад кіроўцы альбо ззаду справа, гэта значыць, за пасажырскім сядзеннем. Пасажыры, якія сядзяць ззаду за кіроўцам, часцей застаюцца жывыя. І, вядома, гэтае правіла дзейнічае пры ўмове, што кіроўца і пасажыры карыстаюцца рамянямі бяспекі.

– Ці можна перавозіць дзіця без аўтакрэсла, калі едзеш з ім у таксі?

– Тут дзейнічае выключэнне з правілаў. У таксі дазволена перавозіць дзяцей незалежна ад іх узросту і росту без выкарыстання дзіцячых утрымлівальных прылад. Вядома, гэта небяспечна, таму мы рэкамендуем мець сваё аўтакрэсла і выкарыстоўваць яго ў тым ліку ў таксі.

– У мяне як у кіроўцы няма свайго аўтакрэсла для дзіцяці, мне яно проста непатрэбнае. Але часам знаёмыя просяць падвезці дзіця, якому менш за 12 гадоў. Што рабіць у такой сітуацыі?

– Трэба выконваць правілы дарожнага руху. У адпаведнасці з правіламі ўстаноўлены абавязак перавозкі дзіцяці як на заднім, так і на пярэднім сядзенні аўтамабіля ў спецыяльным дзіцячым сядзенні. Штраф, які вам выпіша інспектар ДАІ, будзе ненашмат меншы, чым каштуе дзіцячае аўтакрэсла. А самыя простыя такія прылады для дзяцей каштуюць менш за базавую велічыню – гэта нават танней за штраф. Хоць, калі дзіця трэба тэрмінова адвезці ў бальніцу, а аўтакрэсла няма, за гэта штрафаваць нікога не будуць.

– У доўгай паездцы з маленькім дзіцем, асабліва груднічком, пажадана кожныя 1,5–2 гадзіны спыняцца і рабіць перапынак, – адзначыла урач-педыятр Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія СТРОЦКАЯ. – Калі дзіця знаходзіцца ў аўтакрэсле-пераносцы ў становішчы напаўлежачы ў 45 градусаў, яго трэба даставаць адтуль праз гэтыя адрэзкі часу, каб яго цельца крыху пабыло ў іншым становішчы.

І яшчэ адзін нюанс: узімку дзіця пажадана перавозіць у аўтамашыне без верхняй вопраткі, таму што калі мы на куртку ці камбінезон надзяваем рэмень бяспекі, ён не стварае надзейнай фіксацыі.

– Звычайна дзіцяці не падабаецца ехаць у аўтамабілі спінай па ходзе руху, і гэтаму ёсць цалкам зразумелыя прычыны: яму хочацца глядзець на ўсё, што яго акаляе. З якога ўзросту дзіця можна павярнуць тварам па ходзе руху?

– Перавозіць дзяцей у аўталюльцы або аўтакрэсле трэба заўсёды, выкарыстоваць дзіцячыя прылады трэба нават тады, калі вы перавозіце нованароджанае дзіця. Ёсць аўтакрэсла-пераноска, якое ўстанаўліваецца, як правіла, супраць ходу руху і выбіраецца альбо па вазе (як правіла, для дзіцяці вагой да 13 кг), альбо па ўзросце (да года). Але, па вопыце, калі дзіця ўжо садзіцца, а гэта адбываецца да года, – яму становіцца цікава, што адбываецца вакол, і яно ўжо не хоча ехаць напаўлежачы. Яно імкнецца сесці, і гэта ўжо не тая бяспека, якую б хацелася мець. У такім выпадку лепш выбіраць аўтакрэслы першай групы, якія прызначаны для дзяцей з 9 месяцаў і да 4 гадоў. Такое крэсла можна ўстанаўліваць ужо па ходзе руху, і дзіцяці будзе ехаць цікава, больш бяспечна і камфортна.

Святлана Бусько, «Звязда», 26 верасня 2019 г.