/ / Общественно-политические
23.09.2019

Перапіс-2019. Ужо з'явіліся лжэперапісчыкі

Напярэдадні перапісу насельніцтва, які пройдзе ў кастрычніку, як паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама, актывізаваліся махляры.

Перепись населения

Жыхарам абласнога цэнтра пачалі паступаць тэлефонныя званкі ад асоб, якія нібыта задзейнічаны ў працэдуры перапісу. У ходзе тэлефоннай размовы лжэперапісчыкі спрабуюць выведаць асабістую інфармацыю, у тым ліку даныя банкаўскіх картак, а ў далейшым здзейсніць крадзеж грашовых сродкаў.

Міліцыя нагадвае, што пры правядзенні апытання насельніцтва перапісчык абавязаны прад'явіць спецыяльнае пасведчанне і пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Таксама ён будзе мець сумку з лагатыпам перапісу і планшэт. Перапіс насельніцтва не ажыццяўляецца па каналах тэлефоннай сувязі, таму, калі вам патэлефанавалі і прадставіліся асобай, якая ажыццяўляе перапіс, ведайце – гэта махляр. І ўжо ні ў якім выпадку не перадавайце такім асобам інфармацыю пра вашы банкаўскія карткі.

Калі вы сутыкнуліся з падобнымі фактамі, неадкладна паведаміце ў міліцыю па тэлефоне 102.

Канстанцін Люткевіч, «Звязда», 21 верасня 2019 г.

Теги: перепись