/ / Общественно-политические
04.09.2019

Усе плюсы поліса. Эксперты – аб некаторых навацыях у сферы страхавых паслуг

Сфера страхавання ў краіне доўгі час была даволі кансерватыўнай і часцяком не адгукалася на хуткае развіццё рынку. А таму Указ № 175 «Аб страхаванні» гульцы рынка ўспрынялі на ўра. Асноўныя палажэнні дакумента ўступілі ў сілу 1 верасня. Сярод іх – магчымасць заключаць дагаворы ў электронным выглядзе, зніжэнне тарыфаў па асобных відах страхавання да 40 працэнтаў, шэраг навацый у сегменце абавязковага страхавання і страхавання жыцця.

Страхование

Аднак для пачатку – тэндэнцыі рынку. Тут ніякіх кардынальных змен не адбылося. Паводле слоўгендырэктара Беларускай асацыяцыі страхаўшчыкоў Ірыны Мерзляковай, драйверамі росту ў першым паўгоддзі сталі страхаванне жыцця і добраахвотнае медыцынскае страхаванне.

– Сегмент страхавання не жыцця павялічыўся ў першым паўгоддзі на 11 працэнтаў, сегмент страхавання жыцця – на 31 працэнт. Менавіта ён сёння з’яўляецца драйверам росту страхавога рынку. Што датычыцца рызыкоўных відаў страхавання, там драйверам з’яўляецца КАСКА. Доля добраахвотных відаў страхавання дасягнула амаль 63 працэнтаў.

У той жа час гульцы рынку нарэшце дачакаліся істотных навацый. Яны прадугледжаны Указам № 175 «Аб страхаванні» і накіраваны на лібералізацыю галіны і зніжэнне працэдур. У прыватнасці, страхавыя арганізацыі атрымалі права заключаць дагаворы страхавання ў электронным выглядзе, а страхавальнік (юрыдычныя асобы) могуць уключаць у затраты, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, страхавыя ўзносы па дагаворах добраахвотнага страхавання жыцця і дадатковай пенсіі са страхавымі арганізацыямі незалежна ад формы ўласнасці.

Істотныя змены адбыліся і ў сегменце абавязковага страхавання, у тым ліку так званай «аўтаграмадзянкі». Пра іх нагадала намеснік начальніка ўпраўлення транспартнага страхавання Белдзяржстраху Наталля Тарашкевіч. Акрамя магчымасці заключаць унутраныя дагаворы ў электронным выглядзе (пакуль такая магчымасць ёсць толькі ў фізічных асоб), гаворка ідзе пра шэраг прынцыповых момантаў. Так, лімітная велічыня страхавой выплаты, якую можна будзе атрымаць у выпадку афармлення ДТЗ па так званаму еўрапратаколу (без вызаву ДАІ), павялічана з 400 да 800 еўра. Пры гэтым страхавы выпадак будзе рэгулявацца на працягу 20 рабочых дзён, а не 5, як гэта было раней. Акрамя таго, амаль на 40 працэнтаў патаннелі тарыфы на страхаванне гібрыдных аўтамабіляў і электрамабіляў. Яшчэ адна навацыя: кошт аднаўленчага рамонту пашкоджаных пры ДТЗ дэталяў зараз можна будзе разлічваць без уліку зносу пры замене пашкоджаных дэталяў рулявога кіравання, тармазной сістэмы і сістэм ABS па спецыяльным пераліку:

– Калі страхавальнік прадаставіць дакументы, што такія дэталі заменены на новыя, пры разліку памеру кампенсацыі на іх будзе налічаны нулявы ўнёсак. Акрамя таго, паніжаны пералік нестрахавых выпадкаў. Напрыклад, такая сітуацыя. Раней, калі на машыну ўпаў груз з транпарту, што рухаўся наперадзе, гэта не з’яўлялася страхавым выпадкам. Зараз з’яўляецца. Таксама да страхавых выпадкаў з 1 верасня адносяцца здарэнні ў месцах, не прызначаных для руху.

Змены закранулі і абавязковае страхаванне будынкаў. У дадзеным сегменце таксама зніжаны тарыфы і істотна пашыраны пералік катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад абавязковай выплаты ўзносаў. Начальнік аддзела метадалогіі страхавання ўпраўлення медыцынскага страхавання Белдзяржстраху Анастасія Сідорык падрабязней патлумачыла навацыі ў сегменце медыцынскага страхавання. У прыватнасці, іншаземцы зараз могуць афармляць страхоўку, неабходную для атрымання беларускай візы, анлайн. Акрамя гэтага, змяніліся ўмовы страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі: тарыфы ў еўра з 1 верасня прывязаны да базавай велічыні. Гэта, на думку экспертаў, зробіць тарыф больш стабільным.

ЛІЧБЫ

Па дадзеных Міністэрства фінансаў, за студзень–ліпень 2019 года ўзносы страхавых арганізацый краіны па прамым страхаванні і сустрахаванні склалі 810,4 мільёна рублёў. Тэмп росту страхавых узносаў за 7 месяцаў склаў 114,9 працэнта.

Паліна Канога, «Рэспубліка», 4 верасня 2019 г.