/ / Общественно-политические
25.10.2019

Праект новай рэдакцыі Закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» прадставяць на сесіі Савета Рэспублікі

У нарадзе таксама ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбак, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Дзмітрый Барташэвіч, прадстаўнікі Дзяржкамітэта па стандартызацыі, РУП «Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі», сакратарыята Савета Рэспублікі.

Неабходнасць унясення паправак у дзеючае заканадаўства прадыктаваная ў першую чаргу правядзеннем узгодненай палітыкі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і выкананнем агульных патрабаванняў у метралогіі, устаноўленых для ўсіх дзяржаў – удзельніц ЕАЭС.

– Прымаючы гэты праект Закона, з аднаго боку, мы ўдасканальваем наша заканадаўства з улікам практыкі прымянення і выконваем нашы абавязацельствы па Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, падпісаным у Астане ў 2014 годзе. З другога, гарантуем абарону правоў і інтарэсаў нашых грамадзян і юрыдычных асоб, – адзначыў Аляксандр Папкоў, аналізуючы прадстаўленую спецыялістамі Дзяржстандарту абноўленую рэдакцыю законапраекта.

Дзеянне Закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» накіравана ў першую чаргу на забеспячэнне бяспекі прадукцыі, што выпускаецца на рынак, абарону грамадзян ад недакладных вынікаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных сферах грамадскага жыцця – ахове здароўя, ахове навакольнага асяроддзя, у гандлі, у разліках за спажытыя газ, ваду, электраэнергію ці за аб’ём аказаных паслуг. Для гэтага ствараюцца абавязковыя патрабаванні ў выглядзе тэхнічных рэгламентаў.

Новая рэдакцыя Закона прадугледжвае ўзаемнае прызнанне работ па забеспячэнні адзінства вымярэнняў у адпаведнасці як з правам ЕАЭС, так і з іншымі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Таксама замацоўваецца норма аб неабходнасці фарміравання метралагічных службаў дзяржаўных органаў або ў структуры падпарадкаваных арганізацый па каардынацыі дзейнасці па забеспячэнні адзінства вымярэнняў.

Для падтрымкі гэтага працэсу законапраектам у якасці інструмента прадугледжаны новы від дзейнасці – метралагічны аўдыт, які ў выглядзе добраахвотнай працэдуры могуць выкарыстоўваць прадпрыемствы і арганізацыі ў мэтах удасканалення метралагічнага забеспячэння сваёй дзейнасці.

Увядзенне працэдуры метралагічнага аўдыту дазволіць выкарыстоўваць у гэтай рабоце найбольш кваліфікаваных спецыялістаў метралогіі непасрэдна ў вытворчай сферы.

У новай рэдакцыі Закона прапануюцца размежаванне дзейнасці дзяржаўнай метралагічнай службы і дзейнасці іншых юрыдычных асоб па правядзенні метралагічнага кантролю сродкаў вымярэнняў у сферы заканадаўчай метралогіі, удакладненне паўнамоцтваў Савета Міністраў, Дзяржстандарту, іншых дзяржаўных органаў, устанаўленне палажэнняў аб Нацыянальным метралагічным інстытуце, змяненне структуры метралагічнага кантролю.

Усяго ў праекце Закона прадстаўлена 11 абноўленых элементаў.

Прапанаваны законапраект рэкамендаваны да прыняцця Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні.

Новая рэдакцыя Закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» стане ўжо трэцяй у гісторыі незалежнай Беларусі. Раней карэкціроўкі ў галіне метралагічнага заканадаўства дэпутаты прымалі ў 1995 і 2006 гадах.

Наталля Бітэль, «Звязда», 25 кастрычніка 2019 г.