/ / Общественно-политические
08.10.2019

Як засцерагчыся ад падману рыэлтараў і што патрабаваць ад агенцтва

Дагавор не склалі, чэк не выдалі, жыллё не знайшлі, але перадаплату ўзялі, на скаргі не рэагавалі... Па такім прынцыпе, калі і грошы атрыманы, і напружвацца пошукамі варыянтаў нерухомасці не трэба – дастаткова кліенту некалькі нумароў тэлефонаў даць, а далей, маўляў, варушыся сам, мы сваю справу зрабілі – любяць працаваць нядобрасумленныя агенцтвы ў нашай краіне. Заканадаўча забараніць аказваць паслугі па найме жылля з перадаплатай намагаецца Міністэрства юстыцыі Беларусі. Пакуль гэтага не адбылося, ведамства змагаецца з махлярамі шляхам штрафаў, папярэджанняў і закрыцця ўстаноў. З 4 кастрычніка спыняе сваё існаванне чарговая «кантора» – агенцтва нерухомасці «Вікторыя». Усім, хто мае з ім дагаворы, трэба скасаваць іх.

Аренда жилья

Ні чэка, ні дагавора

Валерый з Салігорска шукаў дачцэ кватэру ў сталіцы. Звярнуўся ў агенцтва, а далей...

– У агенцтве мне сказалі, што нумары тэлефонаў уласнікаў дадуць толькі пасля заключэння дагавора і аплаты паслуг у памеры 76,5 рубля. Я аддаў грошы, але чэк не атрымаў. Дагавор на аказанне паслуг са мной не падпісалі – проста выдалі ўжо гатовы бланк без подпісу, які быў у арганізацыі, – расказвае пацярпелы. – Мне напісалі два нумары, на якім неабходна было пазваніць праз 1,5 гадзіны. Ніхто не адказаў. Тое ж паўтарылася і з наступнымі нумарамі, якія я ўжо запатрабаваў пасля, прыязджаючы ў агенцтва. Стаміўшыся ад казачных абяцанняў і дарэмных тэлефанаванняў, пажадаў вярнуць грошы і скасаваць дагавор. Вось тут і пачаліся абразы, а я даведаўся, што падпісанага дагавору ў мяне няма. І грошы мне, нягледзячы на тое што паслугу так і не аказалі, не вярнулі.

Салігарчанін звярнуўся ў Мінюст, дзе папрасіў ацаніць дзеянні агенцтва. Мужчына кажа: не тое крыўдна, што страціў грошы, а тое, што аналагічна рыэлтары дзейнічалі і з іншымі кліентамі.

– Некаторыя з іх студэнты, і не з усімі, хто хоча вучыцца і шукае жыллё, могуць прыехаць бацькі. Гэтым агенцтва і карыстаецца, бо абараніць свае інтарэсы моладзі значна цяжэй, – абураецца Валерый.

Пасля скаргі пацярпелага камісія Міністэрства пачала праверку. З агенцтва мужчыну пачалі званіць і пісаць СМС з просьбамі адазваць скаргу, прапанавалі вярнуць грошы, патлумачылі, што ўжо разбіраюцца з вінаватымі і пагаджаліся на ўсе ўмовы Валерыя.

Замест жылля – кансультацыя па здзелках

У Мінюсце патлумачылі, што ліцэнзіі на работу агенцтва пазбавілі таму, што скарга Валерыя ўжо не першая, парушэнні – таксама. Супрацоўнікі арганізацыі аказвалі паслугі без пісьмовага дагавора, а раней, на пачатку года, «Вікторыі» ўжо дасылалі з Міністэрства прадпісанне з указаннем тэрміну для ліквідацыі аналагічных парушэнняў. Тады са скаргай на прадстаўленне рыэлтарамі недакладнай інфармацыі ў Мінюст звярнулася жанчына.

– Пры заключэнні з грамадзянкай дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг агенцтва не выканала патрабаванні адносна парадку рэгістрацыі дакумента. Дагавор павінен быць складзены не менш чым у двух экземплярах, адзін з якіх выдаецца кліенту, а другі застаецца ў агенцтве, – кажа

Дзіяна Падлеская, начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Дагавор падпісваецца спажыўцом паслугі і кіраўніком або ўпаўнаважаным намеснікам рыэлтарскай арганізацыі і рэгіструецца ў дзень падпісання ў кнізе рэгістрацыі дагавораў. Парадкавая нумарацыя кнігі і дакументаў пры гэтым павінна быць непарыўнай.

Аднак мяняць што-небудзь у дзейнасці пасля папярэджання ў «Вікторыі», відавочна, не збіраліся. Больш за тое, падчас праверкі скаргі Валерыя высветлілася, што ў розных людзей, якія звярнуліся ў агенцтва па дапамогу ў пошуку жылля, дагаворы былі пад аднолькавым нумарам – 76.

– Пры гэтым у якасці прадмета дагавора ўказана не аказанне паслуг па найме жылля, а кансультацыйныя паслугі па здзелках з аб’ектамі нерухомасці. Акрамя таго, у дагаворах у якасці прозвішча дырэктара, які падпісаў дакументы, указана асоба, якая дырэктарам не з’яўляецца. Звесткі пра адказных за выкананне дагавора рыэлтараў увогуле адсутнічаюць, – удакладняе Дзіяна Падлеская. – Міністэрства юстыцыі ўпэўнена, што агенцтвы, якія працуюць па перадаплаце, – гэта праблема. Неабходна на заканадаўчым узроўні прадугледзець, каб паслугі па найме жылля аплачваліся толькі пасля таго, калі спажыўцу падбяруць патрэбны аб’ект нерухомасці.

Важныя парады

Спецыяліст Мінюста акрэсліла асноўныя моманты, прытрымліваючыся якіх, кліент будзе здольны адстаяць свае правы і інтарэсы.

Перш за ўсё неабходна скласці дагавор на аказанне рыэлтарскіх паслуг. У дакуменце трэба абавязкова прапісаць паслугі, па якія вы звярнуліся, парадак іх аплаты, абавязкі бакоў і іншыя моманты.

– Калі вы, шукаючы жыллё, вырашылі заключыць дагавор на паслугу па прадастаўленні інфармацыі пра аб’екты нерухомасці, то ў дагаворы неабходна дакладна прапісаць патрабаванні да жылля: кватэра або пакой, кошт арэнды і г.д., – раіць Дзіяна Падлеская. – У межах гэтага дакумента агенцтва мусіць даць вам інфармацыю пра здачу ўнаём менавіта тых аб’ектаў, што адпавядаюць указанаму ў дагаворы апісанню. Пры гэтым звесткі павінны быць выкладзены пісьмова і з’яўляцца дакладнымі. У гэтым выпадку кліент аплачвае толькі атрыманне інфармацыі, да таго моманту, пакуль ён не знайшоў жыллё.

Калі вы баіцеся, што звесткі пра памяшканне вам дадуць недакладныя, можаце заключыць дагавор на паслугу па падборы варыянтаў здзелкі з аб’ектам нерухомасці па найму жылля. У гэтым выпадку рыэлтары прымаюць на сябе абавязак не прадастаўляць вам інфармацыю, а падабраць варыянт маёмасці адпаведна вашаму жаданню. Такая паслуга аплачваецца па факце падбору аб’екта.

Абедзве паслугі, дарэчы, каштуюць аднолькава – пяць базавых велічынь.

Абавязкова бярыце свой варыянт дагавора. Нават калі з нейкай прычыны вы скасавалі дагавор – першапачаткова выдадзены вам варыянт застаецца ў вас.

І патрабуйце выдачы дакумента, які пацвярджае факт аплаты вамі аказанай паслугі. Агенцтва павінна выдаць вам чэк.

Ірына Сідарок, «Звязда», 8 кастрычніка 2019 г.