/ / Общественно-политические
28.11.2019

Уладзімір Андрэйчанка: Людзі хочуць нармальна жыць і працаваць і не жадаюць узрушэнняў

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу – пра зробленае адыходзячым Парламентам і некаторыя вынікі парламенцкіх выбараў.

Уладзімір Андрэйчанка

– Уладзімір Паўлавіч, Парламент шостага склікання завяршае сваю дзейнасць і праз некалькі дзён стане гісторыяй беларускага парламентарызму. Які ён быў, калі азірнуцца на пройдзены шлях?

– Сваю канстытуцыйную ролю Палата прадстаўнікоў выканала, актыўна працуючы на карысць нашай краіны. Гэта самае галоўнае.

Прынята больш за 130 законапраектаў у першым чытанні і больш за 270 – у другім, з іх 254 падпісаны Прэзідэнтам. Мы штогод своечасова, аператыўна прымалі збалансаваны рэспубліканскі бюджэт, адметнасцю якога з'яўляецца сацыяльная накіраванасць. У бюджэце на 2020 год яна ўмацуецца.

Прадугледжана павелічэнне зарплаты нізкааплатным катэгорыям грамадзян, педагогам і медыцынскім работнікам, падняцце ўзроўню пенсій да 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты. Зарплата бюджэтнікаў у адносінах да сярэдняй у эканоміцы складзе не менш за 80 працэнтаў. У сувязі з 75-годдзем Перамогі будзе аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і пацярпелым ад наступстваў вайны. Працягнецца фінансаванне сямейнага капіталу. Сродкі з яго з наступнага года можна будзе выкарыстоўваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і на медыцынскія паслугі пашыранага пераліку.

Прыняты шэраг заканадаўчых актаў шырокага грамадскага гучання. Адзначу вельмі важную карэкціроўку Працоўнага кодэкса, новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса, змяненні ў Закон аб ахове працы. Умацаваныя працоўныя гарантыі, удасканалены прававыя нормы забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя тых, хто працуе на вытворчасці, пашырыліся магчымасці для самазанятасці і дыстанцыйнай работы, правы грамадзян на паслугі ў жыллёвай сферы, на якасныя і бяспечныя харчовыя прадукты. Стануць больш даступнымі лякарствы, у тым ліку для грамадзян з сур'ёзнымі захворваннямі.

Нямала зроблена па стымуляванні эканамічных пераўтварэнняў, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, лібералізацыі бізнес-асяроддзя, развіцці прадпрымальніцтва і ІТ-тэхналогій. Істотным плюсам заканатворчай дзейнасці дэпутатаў шостага склікання я назваў бы і прыняцце закона аб арганічнай прадукцыі.

Пералік прававых новаўвядзенняў сацыяльнага, эканамічнага і іншага характару даволі аб’ёмны. Усе яны ідуць ад жыцця і даюць адказы на пастаўленыя жыццём пытанні ў розных сферах. Мы фіксуем у заканадаўстве тое, што адпавядае сацыяльна-эканамічным і іншым задачам краіны і грамадскім запытам.

– Цікава, свае законапраекты парламентарыі прапаноўвалі?

– Сваё права заканадаўчай ініцыятывы дэпутаты выкарыстоўвалі актыўней, чым у папярэдніх скліканнях. Унеслі шэсць законапраектаў, тры з якіх прынятыя і ўжо сталі законамі.

Прынцыповы акцэнт: мы лічым вельмі важным пры распрацоўцы нормаў права абапірацца на грамадскую думку. Многія парламентарыі маюць свае блогі ў сацыяльных сетках. Па шэрагу законапраектаў праведзена грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Найбольш слушныя прапановы ўлічаны пры дапрацоўцы законапраектаў.

Яшчэ хацеў бы сказаць, што ўмацаваўся патэнцыял нашага ўдзелу ў парламенцкай дыпламатыі. Устаноўлены міжнародныя сувязі шырокага геаграфічнага дыяпазону на еўрапейскім, азіяцкім, амерыканскім і афрыканскім кантынентах. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі пазнавальная і аўтарытэтная на міжнароднай арэне. Да нас прыслухоўваюцца на міжнародных парламенцкіх форумах і, што вельмі важна, падтрымліваюць рэзалюцыі, якія мы прапануем. Гэта сведчанне новага стаўлення міжнароднай супольнасці да Рэспублікі Беларусь і міратворчых ініцыятыў кіраўніка нашай дзяржавы.

– Ці засталіся ў Палаты прадстаўнікоў заканатворчыя рэзервы?

– Яны заўсёды застаюцца там, дзе бруіць творчая думка, сутыкаюцца розныя погляды і прапануюцца ідэі. Заканатворчасць – гэта вельмі складаная, жывая справа з удзелам многіх устаноў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у якой парламентарыям адведзена ключавая роля. Выязныя пасяджэнні пастаянных камісій, парламенцкія слуханні, круглыя сталы, семінары, канферэнцыі па заканатворчых пытаннях мы праводзім дзеля таго, каб заканадаўства было сугучнае з задачамі развіцця краіны і патрэбамі грамадства. У выніку такой пастаяннай работы ў прававую базу ўносяцца даволі істотныя і змястоўныя дапаўненні.

– Уладзімір Паўлавіч, вы маеце заканатворчыя мары?

– Я рэаліст. Мары ж у многім адарваны ад рэальнасці, таму ні ў якім разе не павінны ўвасабляцца ў законах, а значыць – у агульных правілах і стандартах. Калі гэтыя правілы і стандарты своечасова настройваць у адпаведнасці са зменамі, што адбываюцца ў краіне, то і эфектыўнасць сваёй дзейнасці Парламент павышае. У такім кірунку мы і рухаемся. На сваім гаспадарчым і парламенцкім вопыце я пераканаўся, што прававыя навацыі абавязкова павінны быць рэалістычнымі і карыснымі для сферы, якая рэгулюецца, для людзей.

– На рабочай сустрэчы з вамі Прэзідэнт адзначыў, што дэпутаты цяперашняга склікання папрацавалі добра. У новым Парламенце павінна быць забяспечана пераемнасць у дзейнасці. Што, на вашу думку, неабходна захаваць і развіваць?

– Называю па пунктах. Першае – адладжаны, дзейсны механізм заканатворчай работы ад нулявога чытання законапраектаў да іх прыняцця. Другое – дзелавы тонус нашых парламенцкіх абмеркаванняў і дыскусій. Трэцяе – канструктыўнае ўзаемадзеянне з экспертнай супольнасцю, суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, зацікаўленымі ў прыняцці таго ці іншага заканадаўчага акта.Чацвёртае – ініцыятыўная пазіцыя ў міжнародным і міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Пятае – разнастайнасць формаў работы з выбаршчыкамі, грамадскасцю і сродкамі масавай інфармацыі.

– У Палаты прадстаўнікоў унікальны рэсурс публічнасці. Напэўна, ён дапамог цяперашнім 30 дэпутатам, якія балаціраваліся на парламенцкіх выбарах, атрымаць электаральную перавагу перад сваімі канкурэнтамі. Як вы мяркуеце?

– Усё залежала ад самога прэтэндэнта на дэпутацкі мандат. Калі ён мае грамадскі аўтарытэт, належную прафесійную і агульную падрыхтоўку, каб займацца заканатворчай работай, прадуманую праграму, вядомы сваімі канкрэтнымі справамі ў рэгіёне, то, думаю, гэта і дазваляе яму атрымаць давер выбаршчыкаў. Дэпутацкі вопыт – не падстава для электаральнай паблажкі, а большая адказнасць.

– Канкурэнцыя на парламенцкіх выбарах была даволі высокая – у сярэднім пяць чалавек на месца. Значыць, аўтарытэт Палаты прадстаўнікоў расце. Сярод 110 абраных дэпутатаў 21 прадстаўнік палітычных партый, але апаненты ўлады даверу большасці выбаршчыкаў не атрымалі. На вашу думку, чаму?

– Выбарчы кодэкс гарантуе партыям удзел у выбарчым працэсе, нават калі ў акрузе ў іх няма пярвічных партыйных структур. Партыі, прадстаўнікі якіх былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, мелі магчымасць праявіць сябе на палітычным полі, весці дыялог з выбаршчыкамі, займець электаральныя сімпатыі. Аднак заканадаўча пашыраныя магчымасці партый і рухаў у самім выбарчым працэсе выкарысталі не ўсе. Прычыны нездавальняючага для іх выніку выбараў апанентам улады трэба шукаць у гэтым і ў сваёй грамадзянскай пазіцыі. У мяне склалася ўражанне, што кандыдаты ад апазіцыі імкнуцца трапіць у Парламент, каб прадстаўляць там саміх сябе, забываючы, што дэпутат з'яўляецца прадстаўніком усіх выбаршчыкаў і ўпаўнаважаны абараняць іх інтарэсы і інтарэсы краіны як прадстаўнік органа дзяржаўнай улады. Нельга спрошчана падыходзіць да сур'ёзных рэчаў.

– Але ж палітычнае структураванне ў грамадстве пакуль ідзе вяла. Уяўленне пра шэраг партый у выбаршчыкаў хіба што па іх назве.

– Выбарчая пляцоўка дазваляе партыям стаць бліжэйшымі да людзей, зразумець настроі ў розных сацыяльных сегментах, а значыць – што трэба карэктаваць у сваёй пазіцыі і ў сваіх дзеяннях. Думаю, гэта вельмі важна для аўтарытэту партыі.

– Напэўна, партыі апладзіравалі б пераходу да парламенцкіх выбараў па партыйных спісах, калі б ён адбыўся.

– Пры сённяшняй замкнутасці партыйных структур на саміх сабе, а то і віртуальнасці такое рашэнне было б несвоечасовым, больш за тое, некарысным для грамадска-палітычнай стабільнасці, бо ніводная партыя яшчэ не здабыла шырокай падтрымкі ў грамадстве.

Удзел у парламенцкім выбарчым працэсе па існуючай мажарытарнай сістэме якраз дазваляе выпраўляць такое становішча, набліжацца да рэальнага жыцця і праз агітацыю за сваіх кандыдатаў у дэпутаты аказваць уплыў на самавызначэнне выбаршчыкаў. Ігнараваць гэта наўрад ці правільна, калі думаць пра будучыню партыі.

Я ўжо выказваўся пра магчымую мэтазгоднасць пераходу на мажарытарна-прапарцыянальную выбарчую сістэму праз пэўны час, калі адбудуцца рэальныя, прыкметныя для грамадскасці зрухі ў развіцці партыйнага будаўніцтва. Сёння ж падстаў для гэтага яшчэ няма.

– На вашу думку, што можа павысіць аўтарытэт партый у сучасных умовах?

– Грамадска адказная пазіцыя ва ўсіх дзеяннях. Палітыканству і легкадумным абяцанням людзі сёння не вераць. Падчас рабочых паездак у рэгіёны і ў сваю выбарчую акругу я наведваю прадпрыемствы, установы і арганізацыі, шчыра гутару з людзьмі і ведаю іх настроі, як кажуць, з першых рук.

– Што гэта дае асабіста вам?

– Рэальнае, дакладнае веданне спраў у рэгіёнах, таго, што клапоціць і хвалюе простага чалавека. Заўсёды знаходзішся на вастрыі праблем, у вырашэнні якіх патрэбны намаганні мясцовых органаў улады, дапамога дэпутата або карэкціроўка заканадаўства. Ніводную просьбу да мяне не пакідаю па-за ўвагай, трымаю на кантролі да прыняцця па ёй рашэння. Аператыўна здымаюцца многія пытанні.

– Па вашых назіраннях, Уладзімір Паўлавіч, які галоўны запыт да абноўленага Парламента дамінуе ў грамадскай думцы?

– На заканадаўчым узроўні рабіць усё магчымае для захавання міру і спакою ў грамадстве. Людзі хочуць нармальна жыць і працаваць і не жадаюць узрушэнняў, якія маглі б пашкодзіць грамадска-палітычнай стабільнасці. Таму і абралі ў Парламент тых, хто здольны працаваць на вырашэнне канкрэтных пытанняў, звязаных з развіццём эканомікі і сацыяльнай сферы, працаваць на дабрабыт Беларусі.

Аляксандр Філімонаў, «Звязда», 28 лістапада 2019 г.
(фота 
«Звязда»)