/ / Общественно-политические
28.11.2019

Сацыяльная кансультацыя. Дзелім водпуск на часткі

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адказваюць на вашы пытанні.

Отпуск

– Калі ў службу занятасці звяртаецца чалавек з інваліднасцю па дапамогу ў працаўладкаванні, ці абавязкова пры гэтым прадставіць індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда?

– Так. Рэгістрацыя грамадзян у якасці беспрацоўных з'яўляецца адміністрацыйнай працэдурай. У адпаведнасці з Пералікам адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян (зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200), пры звароце для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага чалавек з інваліднасцю павінен прадставіць сваю індывідуальную праграму рэабілітацыі.

Без прадстаўлення гэтага дакумента наймальнік, згодна з артыкулам 26 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не мае права прыняць інваліда на работу і заключыць з ім працоўны дагавор.

* * *

– Ці можна водпуск, які даецца работніку-інваліду, падзяліць на дзве часткі?

– Згодна з часткай першай артыкула 174 Працоўнага кодэкса, па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны водпуск можа быць падзелены на дзве часткі, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем. Пры гэтым адна частка павінна быць не меншая за 14 каляндарных дзён.

Заканадаўствам не ўстанаўліваюцца абмежаванні для якіх-небудзь катэгорый работнікаў, у тым ліку для людзей з інваліднасцю, па падзеле водпуску на часткі. Такім чынам, працоўны водпуск работніка, які мае інваліднасць, можа быць падзелены на часткі ў парадку, устаноўленым часткай першай артыкула 174 Працоўнага кодэкса.

* * *

– Ці можа быць падоўжаны сацыяльны водпуск без захавання заработнай платы, калі ў яго перыяд работнік захварэў і яму быў выдадзены лісток непрацаздольнасці?

– Не, не можа. Падаўжаецца або пераносіцца ў сувязі з надыходам часовай непрацаздольнасці работніка толькі працоўны водпуск (артыкул 171 Працоўнага кодэкса).

Але пасля закрыцця лістка непрацаздольнасці работніку можа быць дадзены чарговы сацыяльны водпуск ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Падрыхтавала Святлана Бусько, «Звязда», 28 лістапада 2019 г.