/ / Общественно-политические
25.11.2019

Зноў выбраны Парламент пачне работу шостага снежня

Першыя сесіі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу сёмага склікання адкрыюцца ў адзін дзень – такое рашэнне прыняла на пасяджэнні Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Беларусі. Разгледзеўшы рашэнні абласных камісій, ЦВК прызнала, што выбары адбыліся, і зарэгістравала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Пачаць свае першыя сесіі палаты Парламента мусяць не пазней, чым за трыццаць дзён пасля выбараў. Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся 7 лістапада, таму апошні тэрмін для правядзення першай сесіі – 7 снежня, субота. Была ўзгоднена дата 6 снежня. Тэарэтычна першую сесію Палаты прадстаўнікоў можна было правесці на дзесяць дзён пазней, але традыцыйна яны заўсёды ішлі адна за адной», – растлумачыла сакратар Цэнтрвыбаркама Алена Дмухайла.

Зранку адкрыецца сесія Палаты прадстаўнікоў, пасля абеду – Савета Рэспублікі. Адкрываць сесіі і весці іх да выбрання старшынь палат будзе старшыня ЦВК.

У зноў выбранай Палаце прадстаўнікоў павялічылася колькасць жанчын – 44 дамы-дэпутаты цяпер займаюць 40 % складу. Павялічылася колькасць дасведчаных дэпутатаў, партыйных выбраннікаў, з’явіліся маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў.

«Галоўнае, каб Парламент быў сумленны і працаваў сумленна. Альтэрнатыўны голас – не абавязкова якасны ці належыць самаму годнаму», – у размове з журналістамі адзначыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна заклікала ацэньваць справаздачу АБСЕ, якая не прызнала выбары, аб’ектыўна – з пункту гледжання лічбаў, якія ніхто не падвяргае сумненню (колькасць зарэгістраваных кандыдатаў ад партый і ад апазіцыі, колькасць чалавек, якія скарысталіся магчымасцю свабодна выказваць сваё меркаванне праз СМІ, мітынгі, пікеты, грамадскія мерапрыемствы). Гэтыя лічбы Лідзія Ярмошына назвала натхняльнымі.

«Па сутнасці справы, яны абвяргаюць усе крытычныя заўвагі наконт таго, што кампанія ў той ці іншай ступені праходзіла несвабодна. На выбарах было 39 тысяч нацыянальных назіральнікаў і 1030 міжнародных – працэс знаходзіўся пад татальным кантролем», – дадала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

У папярэдняй справаздачы АБСЕ выражае сумненне па дваццаці пяці ўчастках з амаль шасці тысяч. Нават калі па іх прызнаць заўвагі, на вынікі выбараў яны не маглі паўплываць, падкрэсліла Лідзія Ярмошына. ЦВК выказала сваю пазіцыю і накіравала пярэчанне ў Міністэрства замежных спраў.

«Ёсць над чым працаваць, у нас ёсць недахопы, мы іх ведаем, напэўна, лепш за любога назіральніка, таму што бачым працэс знутры. Зразумела, гэты працэс трэба ўдасканальваць – менавіта правапрымяняльную практыку, таму што закон перад выбарамі Прэзідэнта ніхто мяняць не будзе. Закон у нас неблагі, бо дае шырокія магчымасці выбаршчыкам, кандыдатам, арганізатарам, членам выбарчых камісій. Калі б усё было так дрэнна, не павялічвалася б колькасць кандыдатаў. А сёлета яна найбольшая пасля 2000 года», – паведаміла старшыня ЦВК.

Варвара Марозава, «Звязда», 23 лістапада 2019 г.