/ / Общественно-политические
19.11.2019

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у Беларусі з 18 па 24 лістапада

Поўны збор карысных iдэй

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць у краіне з 18 па 24 лістапада. Ужо першы дзень паказаў высокі ўзровень мерапрыемства: акрамя ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму, удзел у якой прыняў Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, прайшлі AgriTech-канферэнцыя і Fintech day. Пачала работу і выстава GEW Belarus, дзе свае праекты прэзентуюць кампаніі, якія працуюць у галіне інавацый і тэхналогій і развіваюць прагрэсіўныя прадукты.

Сёння адбываецца адно з галоўных мерапрыемстваў Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі – Міжнародны форум прадпрымальніцтва. На ім будуць прадстаўлены рэальныя рашэнні, якія могуць дапамагчы малому і сярэдняму бізнесу паспяхова развівацца. Чырвонай лініяй, якая пройдзе праз усе выступленні на форуме, стане пераадоленне бізнесам сучасных выклікаў. Абмяркуюць 11 канкрэтных пытанняў. Падчас форуму кампаніі з Беларусі і ўсяго свету прадставяць свае самыя паспяховыя кейсы.

У сераду 20 лістапада адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Як чакаецца, удзел у ёй прымуць Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, кіраўнікі іншых органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, паслы, лідары бізнес-асацыяцый. Нацыянальны конкурс «Прадпрымальнік года» праводзіцца з 2016-га і працягвае традыцыі конкурсу «Лепшы прадпрымальнік», які праводзіўся з канца 1997 года. Асноўнымі мэтамі падрыхтоўкі і правядзення конкурсу з’яўляюцца развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва.

Асаблівае месца ў праграме гэтага года займае і першы Рэгіянальны форум прадпрымальніцтва, які адбудзецца ў Брэсце 21 лістапада. Па словах намесніка Міністра эканомікі Дзмітрыя Матусевіча, гэта адно з самых цікавых мерапрыемстваў праграмы бягучага года:

– Для нас вялікае значэнне мае менавіта гэты форум, бо ён ідзе ў кантэксце той работы, што вядзе Урад па развіцці рэгіёнаў. Мы хацелі б паказаць, што інавацыйнасць мае экстэрытарыяльны характар. Дарэчы, лепшы ментар года атрымае сваю ўзнагароду менавіта там.

Сяргей Міховіч, «Рэспубліка», 19 лістапада 2019 г.