/ / Общественно-политические
22.05.2019

Інтэрнацыянальная сям’я: практыка прымянення Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей

Святлана пазнаёмілася з Полем праз інтэрнэт, закахалася, паехала да яго ў Францыю, яны пажаніліся, нарадзілі дачку. Праз год жанчына паехала з немаўляці дадому ў Беларусь, адтуль патэлефанавала мужу, што не вернецца. Раззлаваны тата напісаў заяву пра выкраданне малой. Цяпер на Святлану заведзена крымінальная справа і, выехаўшы за мяжу, яна можа быць дэпартавана ў Францыю і трапіць у турму... Генадзь і Таццяна скасавалі шлюб, суд вызначыў месца жыхарства іх сына з мамай. Жанчына ізноў выйшла замуж і з малым з'ехала за мяжу. Генадзь такім чынам страціў права доступу да дзіцяці і напісаў заяву з патрабаваннем вярнуць сына на радзіму. Прыйшлося жонцы дамаўляцца, каб экс-муж перыядычна размаўляў з дзіцем праз скайп, і аддаваць сына тату на канікулы... Гэтыя і мноства іншых гісторый заснаваны, як правіла, на чыстых эмоцыях, а не на пагрозе жыццю дзіцяці, лічаць спецыялісты. Аднак, згодна з Канвенцыяй аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей, наступствы такіх учынкаў могуць быць досыць сур’ёзнымі, бо перш за ўсё яна кіруецца інтарэсамі малога, а не праблемамі ў адносінах паміж іх бацькамі.

Взыскание алиментов

Інтэрнацыянальная сям’я: медыяцыя ў дапамогу

– Канвенцыя дзейнічае ў Беларусі больш за 20 гадоў. Падчас яе прымянення ўзнікаюць новая практыка і новыя пытанні. Цягам апошніх трох гадоў колькасць зваротаў па гвалтоўным вывазе дзяцей з краіны стабільна павялічваецца на адну заяву. У 2016-м праз Мінюст прайшло 14 зваротаў, у 2017-м – 15, летась – 16, – заўважыў Алег СЛІЖЭЎСКІ, Міністр юстыцыі Беларусі.

Ён дадаў, што найчасцей такія сямейныя непаразуменні ўзнікаюць у беларусак з грамадзянамі Турцыі, Германіі, Італіі і шэрагу іншых краін.

Неўрэгуляваныя пытанні Канвенцыі неабходна адлюстраваць у нацыянальным заканадаўстве, упэўнены ў Мінюсце. У ведамстве падрыхтавалі праект закона, які карэктуе шэраг заканадаўчых актаў і ўжо ўнесены на разгляд у Парламент.

Найбольшыя змены закрануць менавіта Грамадзянскі працэсуальны кодэкс (ГПК), бо перш за ўсё прымяненне канвенцыі датычыцца работы судоў агульнай юрысдыкцыі. Будзе спрошчаны механізм яе прымянення, кажуць спецыялісты. Суду і адвакатам будзе зразумела, якім чынам разглядаць заяву аб вяртанні дзіцяці. Прычым праз Міністэрства юстыцыі гэта рабіць прасцей, аднак можна і праз адваката падаць заяву адразу ў суд, у тым ліку і на іншаземца.

ГПК прапануецца дапоўніць асобнай главой, якая будзе дэталёва рэгуляваць вядзенні па разглядзе заяў адносна вяртання дзіцяці. Палажэннямі гэтай главы будзе дэталёва ўрэгулявана працэдура вяртання малых, якіх адзін з бацькоў незаконна вывез у іншую краіну, пачынаючы ад парадку падачы заяў і іх разгляду да пераліку абставін, якія суду неабходна будзе азначыць у сваім рашэнні.

Днямі ў Мінску адбылася канферэнцыя пра дзеянне канвенцыі і ўпершыню быў падпісаны План супрацоўніцтва на 2019 год паміж Міністэрствам юстыцыі Беларусі і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства падкрэслілі, што асаблівая ўвага ў дзеянні дакумента ўдзяляецца сямейнай медыяцыі і забеспячэнню добраахвотнага вяртання дзяцей.

– Калі сям’я расколваецца, інтэрнацыянальная яна ці не, найбольш уразлівымі пры скасаванні шлюбу становяцца дзеці, – канстатуе Міністр юстыцыі. – Калі ў межах краіны ў іх захоўваецца магчымасць мець стасункі з абаімі бацькамі, нават пасля таго, як яны разышліся, то ў інтэрнацыянальным шлюбе часцей за ўсё адзін з сужэнцаў з’язджае на сваю радзіму, а другі застаецца. Часта той, хто пакідае краіну, забірае малога з сабою, вырываючы яго са звыклага асяроддзя, дзе дзіця ведае мову, вучыцца ў школе, мае сяброў.

Вываз дзіцяці за мяжу супраць яго жадання парушае правы малога, таму што яно не толькі пазбаўляецца магчымасці мець стасункі з абаімі бацькамі, а і атрымлівае псіхалагічны стрэс падчас адаптацыі да новага асяроддзя з іншымі ўмовамі жыцця і мовай.

– Згодна з палажэннямі канвенцыі самы аптымальны варыянт для бацькоў – дамовіцца і знайсці кампраміс. У гэтым мы бачым патэнцыял медыяцыі, якая ў тым ліку прадугледжвае і рэгуляванне шлюбна-сямейных адносін. Добра, калі ў інтэрнацыянальных шлюбах медыяцыя запрацуе больш шырока. Гэта станоўча адаб’ецца на правах дзіцяці. Калі бацькам не ўдаецца дамаўляцца, у сілу ўступаюць механізмы канвенцыі.

Адносна нядаўна мама-беларуска вывезла з Японіі дзіця ад тамтэйшага таты. З дапамогай медыяцыі ім удалося дамовіцца, хоць спачатку муж падаў заяву аб выкраданні. Вывозілі дзіця і з Дамініканскай рэспублікі ад таты-амерыканца. Маці вярнулася разам з малым, і адвакаты таксама ўрэгулявалі канфлікт, заўважыла Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі.

Парады нявестам іншаземцаў

– Былыя сужэнцы часта самі ствараюць прэцэдэнты выпадкаў «выкрадання» дзяцей праз нейкія ўласныя капрызы і крыўды або калі не папярэджваюць адно аднаго пра свае мэты. Або проста мама перашкаджае стасункам дзяцей з татам, і ён помсціць, піша заяву з патрабаваннем вярнуць малых, – расказвае прадстаўніца Мінюста. – Канвенцыя ахоплівае толькі грамадзянска-прававыя адносіны, якія ўзнікаюць праз незаконнае перамяшчэнне ці ўтрыманне дзіцяці і немагчымасць мець доступ да яго. Выпадкі выкрадання дзяцей, якія б мелі прыкметы крымінальнага злачынства, да прававога рэгулявання канвенцыі не маюць дачынення. За крадзеж чалавека ў Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць.

Гісторыі з патрабаваннямі вярнуць дзіця ў Беларусь разглядае суд дзяржавы, куды мама з’ехала з сынам. Такія справы могуць цягнуцца доўга, і ўрэшце бакі канфлікту пагаджаюцца на пэўныя ўмовы і неяк дагаворваюцца, але бывае рознае, заўважае Марына Жандарава.

– Не ведаючы традыцый дзяржавы, куды жанчына выходзіць замуж, яна рызыкуе сутыкнуцца з мноствам праблем. Таму перш чым упасці ў каханне, варта падумаць на некалькі гадоў наперад, ці зможа жонка рэалізаваць сябе на чужыне і чым там зоймецца, якія будуць да яе патрабаванні, што зробіцца з агульнымі дзецьмі, – раіць яна. – Канвенцыя абараняе выключна правы дзіцяці, а не бацькоў, у якіх нешта не атрымліваецца ці не задавальняе іх.

Першае: бацька мае такія ж правы на дзіця, як і маці, і замежны суд будзе іх абараняць. Згодна з канвенцыяй, дзіця неабходна вярнуць у краіну, дзе яно жыве пастаянна, і справу будзе разглядаць тамтэйшы суд.

Другое: не разлічвайце на жыццё на ўсім гатовым. Трэба разумець, што жанчыне таксама трэба ўдзельнічаць у жыцці сям’і, і адгаворка «я не магу знайсці працу, таму з'ехала», не распаўсюдзіцца на права забраць дзіця ад мужа-замежніка, калі малому з боку таты нічога не пагражае. Існаванне пагрозы трэба даказаць, іншай падставы забраць дзіця ад бацькі няма.

Трэцяе: вырашыўшы з'ехаць з малымі дахаты назаўжды падманным шляхам (напрыклад, сказаўшы, што едзем пагасцяваць у маці, і паставіўшы пасля мужа перад фактам невяртання), жанчына рызыкуе. На яе могуць завесці крымінальную справу – такое правіла за вываз дзіцяці без дазволу мужа дзейнічае ў многіх дзяржавах – удзельніцах канвенцыі, а іх больш за 100. Тым самым яна абмяжоўвае дзіця. Пазбаўляе яго магчымасці выехаць за мяжу на адпачынак, бо рызыкуе быць дастаўленай у краіну жыхарства былога мужа і трапіць у турму. Згода бацькі можа спатрэбіцца і тады, калі малому трэба будзе аднаму паехаць за мяжу, скажам, на нейкія спаборніцтвы ці вучобу.

– Калі нашы жанчыны вяртаюцца з малым на радзіму, то часта бягуць падаваць заяву аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці. Аднак калі тата-іншаземец напіша заяву аб выкраданні малога, то айчынны суд, адпаведна з канвенцыяй, мусіць прыпыніць разгляд справы па заяве грамадзянкі, а будзе разглядаць заяву аб вяртанні дзіцяці ў краіну яго пастаяннага пражывання, – падкрэсліла Марына Жандарава. – З іншага боку, калі замежны бацька не падасць заяву аб вяртанні дзіцяці, а пройдзе больш за год, як мама вярнулася на радзіму, тады будзе лічыцца, што бацька пагадзіўся з пражываннем дзіцяці ў іншай дзяржаве, калі маці не ўтойвае ад яго малога і не перашкаджае іх стасункам.

З дзесяці гадоў, дарэчы, суд ужо можа ўлічваць жаданне дзіцяці наконт таго, з кім з бацькоў яно хоча застацца. Разам з іншымі абставінамі меркаванне малога будзе ўлічвацца судом пры вынясенні рашэння.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 22 мая 2019 г.