/ / Общественно-политические
17.05.2019

Дэпутаты прынялі праекты законаў: важна для курцоў, прадаўцоў і аматараў азартных гульняў

Асобам, маладзейшым за васямнаццаць гадоў, забароняць набываць вадкасці для электронных сістэм курэння. На прылады распаўсюджаны забароны, што дзейнічаюць для тытунёвых вырабаў у частцы месцаў іх продажу. Такія асобныя прававыя нормы ўстанаўліваюцца Дэкрэтам Прэзідэнта, які карэкціруе адпаведныя дакументы.

«Ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай краіне, культывуецца здаровы лад жыцця. Адна са значных задач – пазбаўленне насельніцтва ад тытунёвай залежнасці. У Беларусі праводзіцца мэтанакіраваная барацьба з курэннем, якая ўключае паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвай прадукцыі і яе рэкламы, медыцынскую і кансультацыйную дапамогу», – заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка перад разглядам гэтага пытання.

Дэпутаты абмеркавалі і праект закона, які прадугледжвае ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне патрабаванняў аб абавязковым заключэнні здзелкі на біржавых таргах. Законапраект распрацаваны для ўзмацнення кантролю за рэалізацыяй прадукцыі, якая адносіцца да стратэгічна важнай для эканомікі краіны. Бо, як адзначыў Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, за першае паўгоддзе 2018 года вываз з краіны малочнай прадукцыі па-за біржавымі таргамі склаў 38,8 % агульнага аб'ёму экспарту малака, прычым прадаваўся тавар на 15 % танней за рэкамендаваны кошт.

З парушэннем здзейснены здзелкі і па іншых пазіцыях. Адказнасць, прадугледжаная ў законапраекце, мае, перш за ўсё, папераджальны характар. А паўторнае парушэнне цягне штраф у памеры да 50 базавых велічынь.

Іншы законапраект прадугледжвае пакаранне за допуск у гульнявую ўстанову, у тым ліку віртуальную, ці да ўдзелу ў азартных гульнях людзей, звесткі пра якіх унесены ў пералік асоб, абмежаваных у наведванні такіх устаноў і ўдзеле ў падобных гульнях. Дарэчы, наведваць рэальныя і віртуальныя гульнявыя ўстановы цяпер дазваляецца не з 18, а ўжо з 21 года.

У праекце закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб зямлі сярод іншага прадугледжана магчымасць адначасова выкарыстоўваць зямельныя ўчасткі па мэтавым прызначэнні і для ўстаноўкі зарадных станцый для электрамабіляў, ажыццяўлення іх зарадкі.

Таксама на пасяджэнні дэпутаты прынялі рашэнне аб вызваленні Андрэя Навумовіча з пасады старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Ён з красавіка працуе начальнікам Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Старшынёй камісіі абрана Валянціна Ражанец, якая дагэтуль займала пасаду намесніка.

Варвара Марозава, «Звязда», 17 мая 2019 г.