/ / Общественно-политические
28.03.2019

Чаму важна захоўваць цэны і штыль на валютным рынку

Пра гэта падрабязна даведаліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка. Такі фармат узаемадзеяння заканадаўчага органа і галоўнага банка краіны адбыўся ўпершыню. Тэмай размовы ў Авальнай зале стала фінансавая і цэнавая стабільнасць у Беларусі.

– Сённяшняя наша сустрэча абумоўлена маштабнымі задачамі, якія кіраўнік дзяржавы паставіў Ураду, Парламенту і ўсёй вертыкалі ўлады па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады, – сказаў ва ўступным слове старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. – Адной з найважнейшых умоў дасягнення мэт, пазначаных у праграме, з'яўляецца падтрыманне цэнавай і фінансавай стабільнасці.

Спікер ніжняй палаты Парламента адзначыў дастаткова эфектыўную работу Нацыянальнага банка апошнім часам: адсутнічаюць рэзкія ваганні на валютным рынку, расце давер насельніцтва да нацыянальнай грашовай адзінкі, забяспечваецца, няхай і павольнае, зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, стабільна функцыянуе банкаўская сістэма, упершыню ўзровень інфляцыі аказаўся ніжэйшым за прагнозныя паказчыкі.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса нагадаў пра здзейсненую заканатворчую работу ў гэтай сферы: летась пры карэкціроўцы Банкаўскага кодэкса асноўны акцэнт быў зроблены на абароне інтарэсаў грамадзян – спажыўцоў фінансавых паслуг, паляпшэнні ўзаемадзеяння Нацыянальнага банка з банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, удасканаленні пытанняў стварэння і ліквідацыі банкаў, вырашэнні праблем, якія датычацца выканання банкам сваіх абавязацельстваў у выпадку адклікання ліцэнзіі.

«Разам з тым нам неабходна працягнуць работу па фарміраванні больш прадказальных і празрыстых умоў вядзення бізнесу, далейшым зніжэнні інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў», – заявіў Уладзімір Андрэйчанка.

Ініцыятар сустрэчы – старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна – таксама заўважыла, што банкаўскае заканадаўства ў нашай краіне дынамічна развіваецца. «Сёлета ў планах работа над законапраектамі ў сферы валютнага рэгулявання і плацежнай сістэмы, – паведаміла яна журналістам. – Такое ўзаемадзеянне дэпутатаў з Нацыянальным банкам напярэдадні адкрыцця вясновай сесіі вельмі важнае».

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур падкрэсліў, што цэнавая і фінансавая стабільнасць – дзве стратэгічныя задачы, якія дэкларуе не толькі галоўны банк Беларусі, але і большасць цэнтральных банкаў цывілізаваных дзяржаў. «Тэмпы росту эканомікі вызначаюцца паўнатой, своечасовасцю і комплекснасцю мер эканамічнай палітыкі, і, як правіла, гэта зона кампетэнцыі і адказнасці ўрадаў. Задача Нацыянальнага банка – садзейнічаць фарміраванню спрыяльнага асяроддзя для развіцця нацыянальнай эканомікі», – растлумачыў ён дэпутатам і падрабязна спыніўся на тым, чаму нізкая інфляцыя і фінансавая прадказальнасць важныя.

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 28 сакавіка 2019 г.