/ / Общественно-политические
21.03.2019

Разглядаем законапраект «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Якія навацыі прадугледжаны?

Абмяркоўваецца законапраект, які закране інтарэсы больш як паўмільёна чалавек.

У красавіку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паступіць праект Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Ён аб’яднае ў сабе палажэнні двух дзеючых нарматыўных актаў – «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў». Гэта неабходна, каб прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з Канвенцыяй аб правах інвалідаў. Якія навацыі, што непасрэдна закранаюць інтарэсы 568,5 тысячы людзей з інваліднасцю, а таксама іх сем’і прадугледжаны? Разгледзім самыя асноўныя.

Техсредства социальной реабилитации инвалидов

Супраць дыскрымінацыі

Устанаўліваецца забарона дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Закон тлумачыць, што такое прамая і ўскосная дыскрымінацыя, і апісвае выпадкі, якія не падпадаюць пад гэтае паняцце. Напрыклад, абмежаванні, абумоўленыя асаблівымі ўмовамі працы, якія немагчыма змяніць з дапамогай разумнага прыстасавання, не будуць лічыцца дыскрымінацыяй па прыкмеце інваліднасці.

Таксама ў законапраекце з’явіцца шэраг новых тэрмінаў, сярод якіх «абілітацыя», «разумнае прыстасаванне», «універсальны дызайн», «асістыўныя прылады і тэхналогіі», «персанальны асістэнт інваліда», «ясная мова», «аўдыядэскрыпцыя» і іншыя.

Новаўвядзенні для МРЭК

Прадугледжана фарміраванне міжведамаснай персаніфікаванай базы даных па ўліку інвалідаў, у якую будуць уключаны звесткі аб групе інваліднасці, ступені страты здароўя, прафесійнай або агульнай працаздольнасці, аб абмежаваннях жыццядзейнасці, прычыне, тэрмінах і даце ўстанаўлення інваліднасці, індывідуальных рэабілітацыйных мерапрыемствах. Пра гэта расказала на грамадскім абмеркаванні новага законапраекта, ініцыяваным грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь», намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Дзіяна Казакевіч.

Таксама пашыраць пералік асоб, якія могуць прыцягвацца да работы МРЭК. У яго, акрамя медыкаў, уключаць спецыялістаў па сацыяльнай рабоце, прадстаўнікоў камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абласных і Мінскага гарвыканкама, упраўленняў мясцовых адміністрацый.

Дарослым, старэйшым за 18 гадоў, якія будуць прызнаныя інвалідамі, будзе ўстаноўлена некалькі груп інваліднасці, дзецям – І-ІV ступеняў страты здароўя.

Самі тэрміны ўстанаўлення інваліднасці засталіся ранейшымі, але ўдакладнены крытэрыі ўстанаўлення інваліднасці без указання тэрмінаў пераасведчання. Гэта датычыцца як дарослых, так і дзяцей. Вызначаны ўмовы пераасведчання асоб з інваліднасцю раней устаноўленага тэрміну дзеяння заключэння МРЭК або ў тых выпадках, калі інваліднасць устанаўліваецца без тэрміну пераасведчання. Гэта будзе ажыццяўляцца толькі на падставе заявы чалавека з інваліднасцю або яго законнага прадстаўніка ў пісьмовай форме, якая падаецца ў медустанову.

Уведзены артыкул, які датычыцца рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў і ўключае такія напрамкі, як рэканструкцыйная хірургія, пратэзаванне, артэзаванне, санаторна-курортнае лячэнне, працоўная рэабілітацыя і інш.

Вызначана структура індывідуальных праграм рэабілітацыі асоб з інваліднасцю. Такія праграмы павінны змяшчаць агульныя даныя, інфармацыю аб умовах і характары працы, патрабаванні да арганізацыі спецыяльных умоў для атрымання адукацыі і для працы. Таксама прадугледжана стварэнне цэнтраў рэабілітацыі і абілітацыі людзей з інваліднасцю на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях. Калі няма неабходнасці ўводзіць паўнавартасны цэнтр – іх падраздзяленні могуць стварацца на базе ўстаноў аховы здароўя, адукацыі або сацыяльнага абслугоўвання.

Адукацыя – інклюзіўная, інфармацыя – даступная

Законапраектам прадугледжваецца забяспечыць для асоб з інваліднасцю інклюзіўную адукацыю на ўсіх узроўнях і навучанне на працягу ўсяго жыцця, даступнасць інфармацыі для людзей з парушэннем зроку і слыху (праз выкарыстанне перакладчыкаў мовы жэстаў, субцітраў, шрыфту Брайля, тактыльнай рэльефнай графікі, асістыўных прылад і тэхналогій), адаптацыю афіцыйных сайтаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у інтэрнэце.

Вызначаны канцэптуальныя падыходы да зместу навучальных праграм і стварэння безбар»ернага асяроддзя. Прапануецца ўкараніць паслугу персанальнага асістэнта, якая замацуе ўжо наяўную практыку дапамогі па суправаджэнні, паслугі асабістага перакладчыка мовы жэстаў.

Права на працу і самарэалізацыю

Нярэдкая праблема – дыскрымінацыя пры прыёме на работу. У Беларусі каля 200 тысяч чалавек з інваліднасцю знаходзяцца ў працаздольным узросце. Крыху больш за палову з іх па стане здароўя могуць працаваць, але на справе маюць работу толькі 56 % ад гэтай колькасці. Каб чалавек мог сябе рэалізаваць, у новым законе прадугледжваюцца механізмы пэўнага «прымусу» арганізацый, каб яны бралі да сябе людзей з інваліднасцю.

Для гэтага прапанаваны кватаванне рабочых месцаў інвалідаў і меры адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правоў гэтай катэгорыі грамадзян, у тым ліку за ўхіленне ад забеспячэння даступнасці аб’ектаў для іх.

Што гэта такое? Прадпрыемству, зыходзячы з колькасці работнікаў, будзе даводзіцца квота на працаўладкаванне людзей з інваліднасцю. «У многіх еўрапейскіх краінах усё большае распаўсюджанне атрымлівае практыка, калі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ўключаецца ў звычайныя працоўныя калектывы. Гэта спрыяе ў тым ліку змене меркавання ў грамадстве ў адносінах да такіх грамадзян», – упэўнены намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Як лічыць старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, сацыялізацыя датычыцца не толькі стварэння пэўнай інфраструктуры, але і пераадолення сацыяльных стэрэатыпаў у грамадскай свядомасці. Гэты законапраект, паводле яго слоў, мае вялікае сацыяльнае значэнне, паколькі накіраваны на тое, каб даць максімальна роўныя магчымасці людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

«Інваліды» ці «людзі з інваліднасцю»?

Пры грамадскім абмеркаванні новага законапраекта значныя дыскусіі вызвала прапанова выкарыстоўваць у нарматыўных прававых актах замест тэрміна «інвалід» – «чалавек з інваліднасцю». Меркаванні раздзяліліся...

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак:

– Паколькі дакумент называецца Канвенцыяй аб правах інвалідаў, то мы паўтарылі фармулёўку. Падчас працы над законапраектам мы абмяркоўвалі гэтую тэму з грамадскімі аб’яднаннямі. Слова «інвалід» можа асацыявацца з паняццем недасканаласці, сапраўды трэба, каб азначэнне не несла стыгмы. Але пакуль мы не атрымалі адназначнага адказу.

Па нашай просьбе Міністэрства замежных спраў звярнулася ў структуры ААН па прафесійны каментарый з гэтай нагоды з улікам сусветнай практыкі. Мы запэўнілі нашых сацыяльных партнёраў, што калі нам пацвердзяць неабходнасць выкарыстання тэрміна «людзі з інваліднасцю», то будуць аператыўна ўнесены змены ўжо на этапе разгляду законапраекта. Акрамя таго, наша Міністэрства звярнулася ў аналагічныя дзяржаўныя органы Расіі і Украіны, якія таксама выкарыстоўваюць рускамоўны варыянт канвенцыі.

Але, на мой погляд, гэта не першарадная праблема ў пытаннях забеспячэння правоў людзей з інваліднасцю. Галоўнае – забяспечыць іх абарону ў грамадстве ад дыскрымінацыі, і не толькі відавочнай, але і ўскоснай.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях Таццяна Старынская:

– Я лічу, самае важнае – гэта што будзе ўнутры закона, наколькі ён дапаможа людзям. Не бачу нічога страшнага ў слове «інвалід». Людзі настолькі прывыклі да яго, што ўсё роўна будуць так называць тых, хто мае інваліднасць. Як, напрыклад, у 1994 годзе аддзелы сацзабеспячэння, або сабесы, перайменавалі ў аддзелы сацыяльнай абароны. Прайшло больш за 20 гадоў, але людзі і сёння завуць іх сабесамі.

Галоўнае, каб закон адбыўся, прайшоў усе стадыі і ўзгадненні і ў далейшым – няўхільна выконваўся.

Намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў Сяргей Драздоўскі:

Мы ўсе ведаем, што мова вельмі моцна рэгулюе нашы адносіны. Сацыялогія кажа, што проста называнне чалавека нейкім няправільным чынам прыводзіць да пагаршэння адносін да яго. Параўнайце, напрыклад, словы «чыноўнік» і «чынуша». Таму для нас гэта прынцыповае пытанне.

Практычна ўсе арганізацыі людзей з інваліднасцю ў адзін голас заявілі: давайце памяняем азначэнне «інвалід» на «чалавек з інваліднасцю». Калі гэта на самай справе такое нязначнае пытанне, як кажуць нашы чыноўнікі, дык проста ўлічыце наша меркаванне. Па вялікім рахунку гэта словазлучэнне ўжо прыжылося, стала прымальным пры звароце. Выдатна, давайце замацуем. Мы разумеем, што гэта не вырашыць усіх праблем і якасць жыцця глабальна не палепшыць, але гэта адзін з абавязковых крокаў, якія неабходна зрабіць у дадзеным кірунку.

Камітэт ААН ужо двойчы заявіў у дачыненні да Расіі і Украіны, што словы «інвалід» і «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі» ўжываць не зусім дарэчы. Больш карэктнымі фармулёўкамі з'яўляюцца «чалавек з інваліднасцю» і «чалавек з асаблівымі патрэбамі». Наогул, Канвенцыя аб правах інвалідаў пабудавана па прынцыпе «нічога пра нас без нас». Праблема складаная, і ў шэрагу прыватных выпадкаў можна назіраць сітуацыю, калі ніхто, акрамя чалавека з інваліднасцю, не можа лепш ведаць, якім чынам можна больш прымальна гарантаваць яго правы.

За словам «інвалід» губляецца сутнасць чалавека, застаецца толькі набор патрабаванняў, ільгот, абавязкаў з боку чыноўнікаў. Але чалавека за ім не відаць, і ў гэтым вялікая праблема. Таму можна яго не клікаць ні на якія абмеркаванні, не пытаць і наогул вырашыць усё за яго...

Святлана Бусько, «Звязда», 21 сакавіка 2019 г.