/ / Общественно-политические
20.03.2019

Як зменіцца Закон «Аб паштовай сувязі»

Дзейсны Закон «Аб паштовай сувязі» быў прыняты ажно ў снежні 2003 года. За гэты час натуральным чынам змянілася многае. І наспела неабходнасць змен у нарматыўна-прававой базе, якая рэгламентуе дзейнасць пошты.

Почтовые отправления

– Законапраект «Аб паштовай сувязі» – адзін з нямногіх, які выклікаў падчас першага чытання вельмі шырокую дыскусію, – адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Рыбак. – Пэўна, гэта звязана з тым, што паслугамі пошты карыстаемся мы ўсе з самага дзяцінства. Лічым гэта ўсё натуральным фонам, і таму заканамерна прад’яўляем павышаныя патрабаванні. Таму мы пастараліся вырашыць усе ўзніклыя пытанні, перш чым уносіць законапраект да другога чытання.

Дык якія ж змены чакаюцца ў законе? Пра іх расказаў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Юніцын.

– Мы хочам распрацаваць больш якасныя механізмы прававога рэгулявання дзейнасці пошты ў Беларусі. Гэта і знайшло адлюстраванне ў законапраекце. Для нас важна, каб наступствы работы па новых правілах станоўча паўплывалі на развіццё паштовай сувязі і добра сказаліся на перспектыве. А гэта, у сваю чаргу, прынясе паляпшэнне якасці абслугоўвання насельніцтва і юрыдычных асоб.

Законапраект быў унесены ў Палату прадстаўнікоў летась 25 кастрычніка. У першым чытанні яго прынялі 6 снежня. Падчас падрыхтоўкі да другога чытання мы двойчы збіралі рабочыя групы, якія ўносілі свае прапановы. У цэлым жа ў 18 артыкулаў законапраекта ўносяцца змяненні і дапаўненні. Некаторыя з іх наогул выкладаюцца ў новай рэдакцыі.

Так, з'яўляецца тлумачэнне паняцця «гібрыднае адпраўленне». Яно спалучае ў сабе выгоды як традыцыйнага папяровага, так і сучаснага электроннага. Скажам, вы адправілі з аднаго канца краіны нейкі дакумент у электроннай форме, а ваш адрасат на другім канцы атрымаў максімальна хутка яго папяровы варыянт. Тое ж працуе і наадварот. Мяркуецца, што гэтай паслугай зацікавяцца перш за ўсё юрыдычныя асобы.

– Таксама ў законапраекце з’яўляецца азначэнне нацыянальнай электроннай паштовай сістэмы, – працягвае Андрэй Юніцын. – Гэта абароненая аўтаматызаваная паштовая сістэма, якая забяспечвае прыём, апрацоўку, захоўванне і ўручэнне ў электроннай форме простых і заказных адпраўленняў, апавяшчэнняў аб атрыманні, а таксама перадачу іншых паведамленняў і пацвярджэнні аб іх дастаўцы і ўручэнні.

Якраз гэтае пытанне выклікала актыўную дыскусію падчас абмеркавання. Былі заўвагі на пасяджэнні рабочай групы ад прадстаўнікоў Савета Рэспублікі і Аператыўна-аналітычнага цэнтра.

– Нам трэба было зразумець, як яе ўбудуюць у нацыянальную сістэму паштовых паслуг і як яна будзе функцыянаваць, як будзе ісці ўзаемадзеянне з адрасатамі, каб гэта было ўсім зразумела, – кажа Андрэй Юніцын. – Праз нашу камісію таксама разглядаўся законапраект аб электронным лічбавым подпісе, і пытанні ўзніклі, таму што гэтыя сферы вельмі шчыльна перасякаюцца. Стваралася ўражанне, што трэба фарміраваць нейкую паралельную сістэму электроннага дакументазвароту і паштовых адпраўленняў, якая будзе канкурыраваць з нацыянальнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай. Але да другога чытання мы гэтыя пытанні знялі.

Сярод іншых навацый – карэкціроўка паняцця паштовай бяспекі, вызначэнне тэрміну «кур’ер», сучаснага пераліку паслуг паштовай сувязі.

– Яшчэ адно пытанне, якое выклікала дыскусію, – дастаўка паштовых адпраўленняў у садаводчыя таварыствы і дачныя кааператывы. Мы стараліся, каб гэтае азначэнне не выпала з прававой сферы паштовай сувязі. Так, законапраект дазваляе таварыствам і кааператывам устанаўліваць абаненцкія скрыні ў месцах, узгодненых з нацыянальным аператарам паштовай сувязі, а таксама забяспечваць доступ супрацоўнікаў і падтрымліваць іх у належным стане.

У цэлым жа пасля першага чытання ў законапраект «Аб паштовай сувязі» было ўнесена каля 50 карэкціровак. 18 лютага законапраект быў накіраваны ў Савет Міністраў, Савет Рэспублікі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Камітэт дзяржкантролю, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і іншыя профільныя ведамствы.

Хутка пошта запрацуе па-новаму.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 20 сакавіка 2019 г.