/ / Общественно-политические
14.03.2019

Мытныя працэдуры будуць спрошчаны для гасцей і ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў

Плануецца, што для гасцей і ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў пры перасячэнні мяжы Рэспублікі Беларусь будуць арганізаваны асобныя каналы руху, пазначаныя інфармацыйнымі аншлагамі. Акрамя таго, з Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Дзяржаўным пагранічным камітэтам краіны Дырэкцыяй ІІ Еўрапейскіх гульняў была дасягнутая дамоўленасць аб перамяшчэнні асобных катэгорый тавараў, што перамяшчаюцца спартсменамі, у пэўных аўтадарожных пунктах мытнага афармлення. Названыя меры дазволяць ажыццявіць мытныя аперацыі ў дачыненні да тавараў, што перамяшчаюцца ў рамках Еўрапейскіх гульняў, у максімальна кароткія тэрміны, паведамляецца на афіцыйным сайце ІІ Еўрапейскіх гульняў.

II Европейские игры 2019 года

«Для тлумачэння ўдзельнікам і гасцям Еўрапейскіх гульняў мытных правілаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, мытным упраўленнем Дырэкцыі падрыхтавана інструкцыя па мытных пытаннях і грузаперавозках, – расказала сайту начальнік мытнага ўпраўлення Дырэкцыі Марыя Сташэўская. – Гэта своеасаблівы даведнік, які змяшчае дэталёвую інфармацыю аб мытных працэдурах і правілах, якія ўжываюцца ў дачыненні да тавараў, што будуць перамяшчацца цераз мытную мяжу ў рамках правядзення Еўрапейскіх гульняў. Тэкст дакумента ўзгоднены з ДМК і размешчаны на афіцыйным сайце ІІ Еўрапейскіх гульняў на англійскай і рускай мовах». Марыя Сташэўская адзначыла, што падрыхтоўка такога дакумента з»яўляецца стандартнай працэдурай пры арганізацыі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. Пры яго распрацоўцы быў вывучаны вопыт І Еўрапейскіх гульняў 2015 года ў Баку, Алімпійскіх гульняў у Сочы (2014), Рыа-дэ-Жанэйра (2016), Пхёнчхане (2018) і іншых буйных мерапрыемстваў.

Таксама ў Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў нагадалі, што летась кіраўніцтва мытных органаў Беларусі анансавала прыняцце шэрагу мер па садзейнічанні ў арганізацыі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта, напрыклад, мадэрнізацыя пунктаў пропуску цераз дзяржаўную мяжу і абнаўленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, спрошчаны парадак мытнага дэкларавання пры часовым увозе транспартных сродкаў для асабістага карыстання і перамяшчэнні тавараў спартсменамі.

Дар'я Лабажэвіч, «Звязда», 14 сакавіка 2019 г.