/ / Общественно-политические
31.07.2019

ЦВК прапануе правесці парламенцкія выбары 7 і 17 лістапада

Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына далажыла Аляксандру Лукашэнку прапановы па даце правядзення выбараў і стратэгіі выбарчай кампаніі.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці кіраўнік краіны адзначыў, што ў грамадстве ўвесь час абмяркоўваюцца тэрміны назначэння і правядзення парламенцкіх выбараў.

«Мы ўжо дакладна вызначылі, што ў гэтым годзе мы праводзім парламенцкія выбары, а ў наступным – прэзідэнцкія. Не гледзячы на прагнозы некаторых «знаўцаў» аб тым, што Лукашэнка, паколькі ціха, спакойна, хуценька правядзе прэзідэнцкія выбары, каб зноў схапіць крэсла і на яго надоўга прысесці. Гэта поўная памылка», – звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Лідзія Ярмошына нагадала, што тэрмін на падрыхтоўку і правядзенне выбараў – тры месяцы.

«Калі мы гаворым пра выбары ў лістападзе, то ўжо ў пачатку жніўня павінны з’явіцца два Указы Прэзідэнта аб назначэнні выбараў, бо выбіраюцца дзве палаты», – адзначыла яна.

Як паведаміла журналістам старшыня камісіі, ЦВК прапанавала правесці выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў нядзелю, 17 лістапада, а выбары членаў Савета Рэспублікі – у святочны дзень 7 лістапада.

«Лічым, што гэтыя даты ўзгадняюцца з нашымі традыцыямі – маю на ўвазе 7 лістапада. Яны зручныя для насельніцтва з улікам таго, што святочныя адпачынкі і школьныя канікулы ўжо скончацца і ўсё насельніцтва ў асноўным будзе стацыянарна знаходзіцца», – растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Па яе словах, кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць прапанову з улікам меркавання мясцовых улад і да наступнага панядзелка прадставіць праекты адпаведных указаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў.

Лідзія Ярмошына далажыла Прэзідэнту і аб навацыях, якія будуць выкарыстоўвацца на гэтых выбарах. Так, у выбаршчыкаў з’явіцца добры доступ да карт выбарчых акруг. Ужо распрацаваныя электронныя карты, ідзе распрацоўка дадатка да мабільнага тэлефона, дзякуючы якому кожны грамадзянін зможа лёгка вызначыць месца знаходзжання свайго выбарчага ўчастка і нават маршрут да яго. У Палацы Рэспублікі ў дзень выбараў будзе працаваць інфармацыйны цэнтр – па традыцыі, якая доўжыцца з 2001 года.

Варвара Марозава, «Звязда», 30 ліпеня 2019 г.