/ / Общественно-политические
31.07.2019

Дадатковы набор на вакантныя бюджэтныя месцы абвешчаны ў некаторых ВНУ

Адпаведную інфармацыю трэба шукаць на сайтах вышэйшых навучальных устаноў.

Так, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на спецыяльнасці «агранамія» засталіся 32 свабодныя месцы. Адно вакантнае месца ёсць на спецыяльнасці «аграхімія і глебазнаўства». І 46 месцаў – на спецыяльнасці «заатэхнія». Для паступлення сюды абітурыенты павінны падаць сертыфікаты ЦТ па біялогіі і хіміі з сумай балаў не менш як 7.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ёсць 2 вакантныя месцы на спецыяльнасці «беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».

Тры месцы засталіся незапоўненыя ў Палескім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы». Форма навучання – дзённая, скарочаны тэрмін навучання (2,5 года). На вакантныя месцы могуць паступаць выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія здалі ўнутраныя пісьмовыя ўступныя выпрабаванні па «асновах алгарытмізацыі і праграмавання» і «ахове працы, ахове навакольнага асяроддзя і энергазберажэнні». Трэба мець на ўвазе, што пры паступленні на скарочаную форму навучання не мае значэння, у якой ВНУ абітурыент здаваў унутраныя ўступныя іспыты па профілі будучай спецыяльнасці.
Прыём дакументаў у рамках дадатковага набору для ўдзелу ў конкурсе на бюджэтныя месцы будзе весціся да 1 жніўня.

Нагадаем, што мінімальныя балы па прадметах ЦТ, з якімі можна паступаць у рамках дадатковага набору, не зніжаюцца. Яны такія ж, як і мінімальныя балы, устаноўленыя для асноўнага набору. На вакантныя бюджэтныя месцы змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ. Акрамя таго, удзельнічаць у конкурсе могуць грамадзяне Украіны і асобы без грамадзянства, якія пражывалі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей і прыбылі ў Рэспубліку Беларусь для атрымання дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне, у выпадку падачы імі дакументаў, якія пацвярджаюць іх пражыванне і навучанне на вышэйзгаданых тэрыторыях.

Залічэнне ў рамках дадатковага набору адбудзецца да 3 жніўня.

Надзея Нікалаева, «Звязда», 30 ліпеня 2019 г.