/ / Общественно-политические
05.07.2019

Сенатары разгледзелі 24 пытанні на шостай сесіі шостага склікання Савета Рэспублікі

Мы хочам глядзець бясплатна новыя серыялы, а тыя, хто выдаткаваў на фільм грошы, жадаюць сродкі вярнуць і атрымаць прыбытак. Кампанія інвестуе ў пабудову новага завода, а насельніцтва заклапочана, ці не пагоршыць будучая вытворчасць экалогію. Аграрый выкарыстоўвае для абароны ўраджаю пестыцыды, а спажывец жадае быць упэўнены ў чысціні прадуктаў харчавання... Прыклады можна доўжыць да бясконцасці. Як памірыць супрацьлеглыя інтарэсы, захаваць іх баланс, знайсці кампраміс, абараніць усіх? Менавіта дзеля гэтага былі прыдуманыя калісьці правілы і законы, і людзі дамовіліся паміж сабой іх выконваць, каб можна было не проста неяк жыць, але каб жыццё сваё рабіць лепшым: больш бяспечным, здаровым, багатым і шчаслівым. Прымірыць інтарэсы розных бакоў з дапамогай законаў не проста, бо штодзённасць значна багацейшая за любыя прапісаныя нормы і вельмі зменлівая. Таму законы ўвесь час абнаўляюцца, карэктуюцца, ствараюцца новыя – працэс жывы, творчы і бясконцы. Адно з апошніх пасяджэнняў шостай сесіі шостага склікання Савета Рэспублікі гэта чарговы раз прадэманстравала. Сенатары разгледзелі 24 пытанні, сярод якіх карэкціроўкі ў законы аб аўтарскім праве і сумежных правах, аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва, аб дзяржаўна-экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і іншыя.

Заседание шестой сессии Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва

Паміж бізнесам і прыродай

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе» сенатарам прадставіў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй ХУДЫК.

«Перш за ўсё законапраект нацэлены на тое, каб прывесці ў адпаведнасць з палажэннямі Дэкрэта № 7 Прэзідэнта Беларусі «Аб развіцці прадпрымальніцтва» нормы закона «Аб экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», – пракаментаваў ён дакумент журналістам. У закон унесеныя прынцыпы лібералізацыі эканомікі: значна зменшылася колькасць праектаў, для якіх прадугледжана абавязковая дзяржаўная экалагічная экспертыза. Для праектаў, якім патрабуецца такая экспертыза, прадугледжана перадпраектная інвестыцыйная дакументацыя. Гэта дазволіць на ранніх стадыях вызначыць магчымасць размяшчэння таго або іншага аб'екта на тым або іншым зямельным участку. У выніку бізнес сэканоміць час і фінансы».

Законапраектам пашыраны правы грамадзян. Па заяве як юрыдычных, так і фізічных асоб заказчык абавязаны азнаёміць іх з інфармацыяй пра дзяржаўную экалагічную экспертызу. «Гэта дазволіць нашаму ведамству і ў цэлым краіне больш поўна выконваць палажэнні Орхускай канвенцыі («Аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што датычацца навакольнага асяроддзя». «Зв.»), удзельнікам якой мы з'яўляемся», – заўважыў кіраўнік ведамства.

Андрэй Худык запэўніў, што нормы, якія закладзены ў дакумент, дазваляюць на досыць высокім узроўні кантраляваць захаванне прыродаахоўнага заканадаўства і не дапусціць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі ў краіне. «Лібералізацыя бізнесу не павінна прывесці да негатыўнага ўплыву на прыроду. У гэтым законапраекце знойдзены баланс»,  – сказаў ён.

Адказваючы на пытанні журналістаў пра сітуацыю з акумулятарным заводам у Брэсце, Міністр пацвердзіў, што ўсе работы на згаданым аб'екце пакуль спыненыя. Разам з тым па рэкамендацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прадпрыемства выконвае мерапрыемствы па дасягненні параметраў праектных работ, бо адна з крыніц забруджвання не адпавядала ім. «Пасля гэтага мы будзем разглядаць усе заявы ад прадпрыемства», – сказаў ён.

Паміж аўтарам і грамадствам

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА далажыла калегам пра вынікі работы над законапраектам «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».

Указам кіраўніка дзяржавы было вызначана, што адказным за распрацоўку гэтага дакумента будзе Савет Рэспублікі, нагадала яна. «З таго моманту ў Савеце Рэспублікі пачалася актыўная работа над дакументам, была створана рабочая група, якая збіралася не менш за 40 разоў для абмеркавання актуальных пытанняў, якія датычацца законапраекта, – паведаміла сенатар журналістам. – У выніку мы распрацавалі законапраект, і ён быў унесены ў Палату прадстаўнікоў ва ўстаноўленыя тэрміны. Там работа прадоўжылася, было яшчэ больш за 30 пасяджэнняў рабочай групы, асобныя пытанні абмяркоўваліся на ўзроўні Савета Міністраў. Акрамя таго, законапраект праз Міністэрства замежных спраў паступаў у Сусветную гандлёвую арганізацыю, дзе абмяркоўваліся пытанні абароны інтэлектуальнай уласнасці. Заўваг адтуль не паступіла».

Законапраект змяшчае важныя навелы, якія датычацца «адкрытых ліцэнзій». Апошнія дазваляюць праваўладальніку пры выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій у спрошчаным парадку ўступаць у дагаворныя адносіны з неабмежаванай колькасцю асоб, якія зацікаўленыя ў выкарыстанні яго твора. З дапамогай такіх ліцэнзій аўтары атрымаюць магчымасць дэлегаваць частку сваіх правамоцтваў у рамках выключнага права на твор неабмежаванай колькасці карыстальнікаў.

«Па сутнасці, гэтая ліцэнзія з'яўляецца прамежнай паміж агульнаўстаноўленым паняццем ліцэнзіі, якая цалкам абараняе права інтэлектуальнай уласнасці, аўтарскае права, і свабодным выкарыстаннем твора  – у якасці грамадскага набытку», – растлумачыла парламентарый.

Яшчэ адна важная навела дазваляе пры выданні вучэбных дапаможнікаў выкарыстоўваць малааб'ёмныя творы або часткі правамерна абнародаваных твораў у аб'ёме, апраўданым адукацыйнай мэтай.

«Важнае пытанне, якое абмяркоўвалася, пра дзейнасць кабельных аператараў», – дадала сенатар. Размова ідзе пра захаванне аўтарскіх і сумежных правоў пры трансляцыі тэлевізійных праграм, якія ўключаны ў абавязковы пакет. Аператары электрасувязі ў сілу закона «Аб сродках масавай інфармацыі» абавязаны забяспечыць распаўсюджванне ў сваіх сетках такіх тэлепраграм. Пры гэтым яны не маюць права ўносіць якія-небудзь змены ў іх змест. У той жа час дзейнасць аператараў з пункту гледжання нормаў Закона разглядаецца як самастойны спосаб выкарыстання твораў. Адпаведна, ім трэба атрымліваць асобны дазвол ад праваўладальніка і выплачваць яму дадатковае ўзнагароджанне.

Пытанне, якое абмяркоўвалася: «Ці неабходна за рэтрансляцыю выплачваць грошы?» У адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі, напрыклад Бернскай канвенцыяй (па ахове літаратурных і мастацкіх твораў. — «Зв.»), да якой мы далучыліся, і ў выніку шматлікіх узгадненняў з міжнароднымі экспертамі было прынятае рашэнне пра тое, што гэты спосаб выкарыстання твораў патрабуе ўзнагароджання, – расказала парламентарый.

Здавалася, праблема магла быць вырашана шляхам заключэння дагавораў з арганізацыяй па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі (Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці), але некаторыя аўтары свядома на час спынялі дагаворныя адносіны з НЦІУ і звярталіся ў суд з мэтай спагнання кампенсацыі.

У выніку аператары электрасувязі, якія выконваюць патрабаванне закона аб СМІ і распаўсюджваюць тэлепраграмы, уключаныя ў абавязковы агульнадаступны пакет, неслі значныя матэрыяльныя страты. У законапраекце прапануецца ўвесці неабходнасць папярэджання за шэсць месяцаў аб намеры выхаду аўтара з арганізацыі калектыўнага кіравання. Дакумент таксама прапануе вызваліць кабельнага аператара ад выплаты кампенсацыі за выкарыстанне агульнадаступнага абавязковага пакета. Акрамя таго, да адной базавай зніжаецца велічыня мінімальнага памеру кампенсацыі, якая можа быць спагнаная па рашэнні суда з парушальніка выключнага аўтарскага права або сумежных правоў замест пакрыцця страт, прычыненых такім парушэннем. Пры гэтым аўтар, які дакажа ў судзе страты з-за парушэння яго аўтарскіх правоў, можа разлічваць на іх пакрыццё, заўважыла кіраўнік рабочай групы па распрацоўцы законапраекта.

Член Савета Рэспублікі Генадзь Давыдзька выказаў меркаванне, што прапанаваная законапраектам мера з'яўляецца прамежкавай. «А што датычыцца Бернскай канвенцыі, ні для каго не сакрэт, што на нашым відэарынку квітнее «пірацтва». І прыватныя тэлеканалы, большасць тэлеканалаў проста крадуць фільмы, карыстаючыся тым, што па нашым заканадаўстве толькі праваўладальнік можа падаць у суд і спаганяць з транслятара, а ў Галівудзе ўсё роўна, што транслюе адзін з маленькіх каналаў. У азначаным законапраекце, па-мойму гэта не адлюстравана», – сказаў ён.

Генадзь Давыдзька растлумачыў, што звярнуў на гэты аспект увагу з-за таго, што дзяржаўныя тэлеканалы, якія вымушаны купляць фільмы, не вытрымліваюць канкурэнцыю з прыватнымі, якія дэманструюць «украдзеныя» блокбастары. На што дакладчыца па законапраекце заўважыла: дзяржаўныя тэлеканалы таксама могуць звярнуцца ў суд.

Паміж вучоным і дзяржавай

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на іншую сферу, дзе аўтарскае права, на яго погляд, недастаткова абароненае: «Мне здаецца, што пытанні абароны аўтарскіх правоў вучоных, навуковай супольнасці могуць прэтэндаваць на тое, каб яшчэ раз паглядзець, ці ўсё ў нас тут урэгулявана. Асабліва тое, што датычыцца патэнтна-ліцэнзійнай дзейнасці. Але гэта ўжо не столькі норма закона як публічнага права, а ўзаемаадносіны дзяржавы і вучонага, які працуе ў дзяржаўнай навуковай установе. Сёння існуе рашэнне: тыя распрацоўкі, рэзультаты навуковых даследаванняў, якія атрыманы ў выніку выканання навуковых заданняў у дзяржаўных навуковых арганізацыях, належаць дзяржаве, а не аўтару».

Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліў: «Маё суб'ектыўнае меркаванне: калі мы ўсё ж такі хочам матываваць вучонага на адкрыццё, на больш высокі ўзровень і глыбіню навуковых даследаванняў, думаю, што менавіта вучоны, як носьбіт ведаў, мае права таксама прэтэндаваць хоць бы на частку рэзультатаў свайго навуковага даследавання».

Цяпер на навуковае дасягненне неабходна атрымаць патэнт, і калі яно будзе ўкаранёнае, уладальнік патэнта мае права на атрыманне долі прыбытку ад арганізацыі, якая яго ўкараніла, растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. «Дастаткова складаны, цярністы і не заўсёды паспяховы шлях, – сказаў ён. Але над гэтым трэба думаць. Гэта як бы дамашняе заданне». Праблема датычыцца беларускіх медыкаў, якія робяць унікальныя аперацыі і распрацоўваюць унікальныя тэхналогіі і, на жаль, не ўсе абароненыя адпаведнымі патэнтамі, дадаў старшыня верхняй палаты. «Сёння за мяжой ужо ёсць цэлыя арганізацыі, якія крадуць дасягненні навукі, медыцынскай практыкі, навукаёмістых галін», – канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 5 ліпеня 2019 г.
(фота – афіцыйны сайт Савета Рэспублікі)