/ / Общественно-политические
29.01.2019

У Палаце прадстаўнікоў прэзентавалі змяненні ў Закон «Аб ахове працы»

Згодна са статыстыкай цягам апошніх гадоў колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці зніжаецца. Тым не менш, па аператыўных даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, у 2018 годзе ў краіне на вытворчасці загінула 149 работнікаў, з якіх 24 чалавекі ў момант атрымання траўмы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Гэта сведчыць пра тое, што тэма аховы працы застаецца актуальнай. Да таго ж апошняя карэкціроўка адпаведнага закона праводзілася шэсць гадоў таму. Цяпер прапануецца змяніць 34 артыкулы з 44. Законапраект паступіў у ніжнюю палату парламента напрыканцы мінулага года.

Парламент

«Змяненні не носяць канцэптуальнага характару, у большасці яны карэктуюць паняційны апарат, дадаюць шэраг новых паняццяў, – пракаментавала дакумент намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях і кіраўнік рабочай групы па разглядзе згаданага законапраекта Людміла Канановіч. – Пры гэтым тры новыя артыкулы вельмі важныя. Адзін з іх датычыцца дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы. Ён рэгламентуе новы падыход: не столькі праверка, колькі вызначэнне адпаведнасці ўмоў працы, якую адносяць да небяспечнай. Яшчэ два вельмі важныя артыкулы датычацца аховы працы работнікаў, якія працуюць дома. Гэта абумоўлена змяненнямі ў Працоўным кодэксе, дзе дадаецца новы раздзел, які будзе рэгламентаваць працу тых, хто выконвае работу дыстанцыйна».

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў растлумачыў парламентарыям, што да неабходнасці ўносіць пэўныя змяненні ў закон падштурхнулі два асноўныя дакументы: Указ 2015 года, якім унесены змяненні ў Дырэктыву № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і кардынальныя змяненні ў 2017 годзе Указа № 510, які датычыцца кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

«У новай рэдакцыі Дырэктыва № 1 у значнай ступені павышае адказнасць службовых асоб, непасрэдна наймальнікаў за гарантаванне бяспекі сваіх работнікаў», – сказаў Ігар Старавойтаў.

Акцэнт нагляднай дзейнасці, згодна з законапраектам, змяшчаецца ў бок прафілактыкі. Кантроль за стварэннем бяспечных умоў працы ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі. Распрацоўшчыкі законапраекта разлічваюць на тое, што і наймальнік, і самі работнікі павінны несці адказнасць на сваім прадпрыемстве за стварэнне такіх умоў і за выкананне неабходных патрабаванняў супрацоўнікамі.

Адна з прапанаваных нормаў дае права Міністэрству аховы здароўя і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны насельніцтва распрацоўваць тыпавы пералік работ і прафесій, якія будуць адносіцца да небяспечных. Тыпавы пералік не з'яўляецца вычарпальным, і наймальнікі змогуць уносіць у яго змены з улікам спецыфікі работы свайго прадпрыемства.

«Законапраект выключае з абавязкаў наймальніка правядзенне пашпартызацыі санітарна-тэхнічнага стану ўмоў працы, але дадае шэраг новых функцый, – расказаў начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Карчэўскі. – У прыватнасці, дадае ў яго абавязкі прадастаўленне па запыце ўпаўнаважаных кантрольных і наглядных органаў неабходнай інфармацыі, якая датычыцца захавання заканадаўства па ахове працы». Цяпер такую інфармацыю наймальнік абавязаны даваць па запыце суда.

Аўтары законапраекта прапісалі норму, якая дзейнічае, але не заўсёды выконваецца: правядзенне папярэдніх медыцынскіх аглядаў выключна за кошт сродкаў наймальніка. «На практыцы здараецца, што будучы работнік аплачвае медыцынскі агляд, а наймальнік гэтыя выдаткі потым не кампенсуе. Аднак папярэдні медыцынскі агляд – гэта абарона наймальніка ад прыёму на работу чалавека, які потым можа пагоршыць сваё здароўе або стаць прычынай негатыўных наступстваў», – падкрэсліў Іван Карчэўскі.

Праект закона канкрэтызуе адказнасць за стан абсталявання, збудаванняў і будынкаў, якія выкарыстоўваюцца рознымі арганізацыямі. Напрыклад, сёння будаўнічая арганізацыя, якая арандуе на дзень-два будаўнічую вышку для правядзення рамонтных работ, павінна спачатку правесці яе тэхнічны агляд, які доўжыцца каля месяца. У праекце закона ўтрымліваецца норма пра тое, што пры эксплуатацыі абсталявання, збудаванняў і будынкаў за іх стан нясе адказнасць уласнік, калі іншае не ўсталявана адпаведным дагаворам.

Яшчэ адна змена датычыцца расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. Законапраект устанаўлівае дасудовы парадак разгляду скаргаў работніка ў выпадку яго нязгоды з вынікамі расследавання або ў выпадку адмовы наймальніка ў правядзенні расследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці. Дзеючая рэдакцыя Закона прадугледжвае толькі судовы разбор такіх пытанняў. Такім чынам у работніка з'явіцца выбар: звяртацца або ў інспекцыю працы, або ў суд.

Законапраект плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі.

Вольга Мядзведзева«Звязда», 29 студзеня 2019 г.