/ / Общественно-политические
24.01.2019

Самавольная перапланіроўка кватэр. Чым яна можа абярнуцца?

Кухня ў гасцінай, санвузел у кладоўцы, а халадзільнік у вентыляцыйнай шахце лiфта. Гэта не паралельная рэальнасць. А вострае жаданне некаторых грамадзян перабудаваць асобна ўзятую кватэру пад свой густ i патрэбы. Часам гэта робiцца незаконна. І нават з небяспекай для суседзяў. Самавольная перапланіроўка кватэр – з’ява, якую, здаецца, цяжка выкараніць. Толькі ў Мінску кожны год каля паўтары тысячы ўласнікаў вымушаныя ўзгадняць і ўзаконьваць змены ў сваiм жыллi або вяртаць яго ў першапачатковы выгляд. Чым можа абярнуцца самавольная перабудова, даведвалася карэспандэнт «Р».

Перепланировка

За пяць сантыметраў ад закона

Мінчане Святлана і Аляксей вырашылі, што асобныя ванная і санвузел іх сціпламу жыллю не перашкодзяць. Выклікалі майстра, той узвёў раздзяляльную сцяну, атрымаліся фактычна два паўнавартасныя памяшканні. А вось па тэхпашпарце нешта не сышлося. Таму што ў маладой сям’і не атрымалася зарэгістраваць сваё тварэнне. І што крыўдна – ад запаветнай рэгістрацыі іх аддзялялі ўсяго 5 сантыметраў. Менавіта столькі не хапала даўжынi аднаму з пакояў, каб упісацца ў тэхнічныя патрабаванні. У выніку сцяну вырашылі пакінуць. Тым больш яна не пагоршыла якасць жыцця ні маладых мінчан, ні іх суседзяў.

А вось іншыя віды перапланіроўкі не такія бяскрыўдныя, як здаюцца. Новыя радыятары ацяплення з дзесяццю рэбрамі замест трох забіраюць цяпло з суседніх кватэр. Пераабсталяваная пад нішу для халадзільніка вентыляцыйная шахта – гэта парушэнне сістэмы вентыляцыі. І ў якім выглядзе яно «стрэліць», сказаць складана. Аб’яднаная з пакоем лоджыя – парушэнне канструктыўных элементаў шматкватэрнага дома. Гэтак жа як і далучаны да ўласнага калідора тамбур. Або сучасная сушылка для ручнікоў у ваннай, пры ўсталяванні якой завужаюць дыяметр трубаправода гарачай вады. Усе пералічаныя парушэнні сустракаюцца ў кватэрах мінчан часцей за ўсё, кажуць спецыялісты.

Часцей за ўсё мiнчане пераабсталююць сістэмы гарачага водазабеспячэння і вентшахты, дэманціруюць перагародкі, далучаюць тамбур і замяняюць ацяпляльныя прыборы

Без шкоды для здароўя

А каб самавольныя перапланіроўкі не наносілі шкоду жыхарам, іх адсочваюць камунальныя службы. Для забеспячэння захаванасці, эксплуатацыйнай надзейнасці і бяспекі жыллёвага фонду, удакладняе Таццяна Змачынская, намеснік начальніка вытворчага аддзела ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». Так, у мінулым годзе камунальныя службы горада цэлы месяц (з 10 верасня па 9 кастрычніка) выяўлялі самавольныя перапланіроўкі і пераабсталяванні. Вынік, прызнацца, уражвае. Спецыяльныя камісіі выявілі парушэннi ў 590 жылых памяшканнях. Парушальнікі атрымалі прадпісанні на аднаўленне самавольных перапланіровак і пераабсталяванняў у адпаведнасці з праектным станам. У першапачатковы стан ужо прыведзена 489 самавольных перапланіровак, 15 чалавек іх узгаднілі. Уласнікі 86 кватэр атрымалі прадпісанні на аднаўленне будаўнічых канструкцый і інжынерных сістэм. На ўласнікаў шасці жылых памяшканняў накіраваны справы ў суд.

Без штрафу i папроку?

Калі казаць у цэлым, то кожны год у Мінску выяўляюць каля 1500 выпадкаў незаконнай перапланіроўкі. Не спыняе гаспадароў жылля нават даволі вялікі штраф. За самавольную перабудову ці перапланіроўку жылых або нежылых памяшканняў, у тым ліку інжынерных сістэм, без змены апорнай здольнасці канструкцый прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад 30 да 50 базавых велічынь. Калі закранута апорная канструкцыя, а таксама пераабсталяваны вентыляцыйныя шахты і каналы, то фізічная асоба раскашэліцца на суму ад 30 да 50 базавых велічынь, юрыдычная – ад 50 да 70 базавых велічынь. Сёння базавая велічыня – 25,5 рубля. Лічым. Атрымліваецца да 765 рублёў, а таксама ад 765 да 1785 рублёў. Прыкладна за такія грошы прыватныя кампаніі бяруцца дапамагчы ўзаконіць новае ў кватэры. Абяцаюць, што ў азначаную суму ўжо ўключаны выдаткі на штраф і тэхзаключэнне.

Так, узаконіць самавольную перапланіроўку можна. Калі яна не ўплывае на бяспеку будынка і ёсць тэхнічнае заключэнне, то дазвол на самавольную перапланіроўку можна атрымаць у адміністрацыі раёна. Калі ўзаконіць яе нельга (напрыклад, аб’яднанне лоджыі з пакоем ці пераабсталяванне вентшахты), то «самавольшчык» абавязан вярнуць кватэру ў стан, які быў да рамонту. Калі гаспадары кватэр ніяк не адрэагавалі – нічога не ліквідавалі, не ўзаконілі, – то іх выклікаюць у суд, удакладняе нюансы Таццяна Змачынская.

Аднак ці варта даводзіць справу да суда? І яшчэ. Аб незаконнай перапланіроўцы даведацца нескладана. Яе выяўляюць работнікі камунальных службаў пры планавых аглядах, пры выкананні работ па заяўках і пры абследаванні кватэр па пытаннях, не звязаных з перапланіроўкай. Аб магчымай перапланіроўцы могуць папярэдзіць і пільныя суседзі. Напрыклад, толькi за апошнi месяц ад мінчан на тэлефонныя гарачыя лініі паступіла 14 такiх зваротаў. Чаго не зробіш дзеля ўласнай бяспекі.

Алена Міснік, «Рэспубліка», 24 студзеня 2019 г.