/ / Общественно-политические
17.01.2019

Як атрымаць адтэрміноўку ад прызыву – кансультацыя юрыста

Паўтара года назад мы з жонкай пабраліся шлюбам, абодва ўпершыню. Нядаўна нашай дачцэ споўніўся год, а ў мяне скончылася адтэрміноўка ад службы ў арміі ў сувязі са станам здароўя. Ці маю я права цяпер не пайсці ў войска з прычыны нараджэння дачкі і на які час? Мае бацькі, дарэчы, пенсіянеры, аднак у іх, акрамя мяне, ёсць яшчэ паўналетнія сын і дачка. Ці магу я атрымаць адтэрміноўку як кармілец сваіх родных?
Л. Г., г. Мінск

Военная служба

На пытанне адказвае Дар’я ГРЫЦКЕВІЧ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Падставы, па якіх даецца адтэрміноўка ад прызыву грамадзян на ваенную службу, службу ў рэзерве, вызначаны артыкулам 32 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» (далей – Закон). Для вас прычынай адтэрміноўкі будзе з'яўляцца ўтрыманне жонкі і дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Пры гэтым тэрмін дзеяння адтэрміноўкі скончыцца, калі малой споўніцца тры гады.

Адтэрміноўкай ад прызыву ў армію, згодна з Законам, могуць стаць наступныя прычыны:

  • па стане здароўя;
  • для працягу адукацыі;
  • для праходжання інтэрнатуры і здачы кваліфікацыйнага экзамену па спецыяльнасці інтэрнатуры;
  • па сямейным становішчы;
  • для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў;
  • у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў;
  • на падставе ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўствам вызначана, што адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, па сямейным становішчы даецца грамадзяніну, які мае:

  • жонку падчас цяжарнасці – пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў;
  • жонку і дзіця ва ўзросце да трох гадоў;
  • двух дзяцей;
  • непрацаздольных бацькоў або іншых членаў сям»і, якія адчуваюць патрэбу па стане здароўя ў адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай (рэабілітацыйнай экспертнай) камісіі ў чужым пастаянным доглядзе, і не знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні.

Апошні пункт мае сілу як падстава для адтэрміноўкі ад арміі, калі ў непрацаздольных старых адсутнічаюць іншыя працаздольныя асобы, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі і абавязаны ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны ўтрымліваць названых членаў сям’і і клапаціцца пра іх незалежна ад таго, пражываюць яны разам або асобна. Або калі працаздольныя асобы ёсць, аднак яны праходзяць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, альтэрнатыўную службу.

У вашым выпадку тое, што вы клапоціцеся пра двух непрацаздольных бацькоў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, не можа стаць безумоўнай прычынай для адтэрміноўкі па сямейным становішчы. Нават калі ўрачэбна-кансультацыйная (рэабілітацыйная экспертная) камісія прыме рашэнне аб іх патрэбнасці ў пастаянным чужым доглядзе і яны не знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, вы маеце паўналетніх брата і сястру, якія таксама абавязаны ўтрымліваць непрацаздольных членаў сям'і, дасягнуўшых пенсійнага ўзросту.

Звяртаю вашу ўвагу, што рашэнне аб прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прымаецца раённай (гарадской) прызыўной камісіяй.

Па інфармацыі «Звязда», 17 студзеня 2019 г.