/ / Общественно-политические
11.01.2019

Як правільна кіраваць зберажэннямі

Як толькі ў нас з'яўляюцца лішнія грошы, то адразу ўзнікае пытанне, куды іх укласці, каб яны прынеслі нейкі дадатковы прыбытак. У фінансістаў наконт гэтага прапаноў хапае. Аналітыкі ўпэўненыя, што грошы павінны працаваць нават тады, калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць – тут кожны выбірае свой алгарытм.

Сбережения

Лепш усё-такі безадзыўны...

Варыянтаў мноства, але яны залежаць ад сумы вашых накапленняў. Самы першы, які прыходзіць у галаву большасці і даступны ўсім, – адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі змяняюцца. Давайце разбярэмся, якія бываюць банкаўскія ўклады і колькі можна на гэтым зарабіць.

Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі – адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы – цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі. Самы выгадны адзыўны дэпазіт на пяць месяцаў прадугледжвае 7-8 % гадавых. Гэта дзесьці на 2-2,5 % менш, чым па стаўцы безадзыўнага ўкладу.

Калі вы здымаеце грошы датэрмінова, то працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Зараз умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Дапусцім, ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць ўсяго адзін працэнт даходу. Калі зберажэнні праляжаць два месяцы – атрымаеце 3 %, тры месяцы – 5 %, чатыры месяцы – 6 %.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі пасля заканчэння таго тэрміну, які ўказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабныя і вышэйшыя. Давайце параўнаем: гадавая стаўка банка адзыўнага ўкладу на 4 месяцы – 6 %, безадзыўнага – ужо 9,2 %. Адрозненні будуць заўсёды, незалежна ад тэрміну, на які вы кладзяце свае грошы ў банк.

Каб прыцягнуць кліентаў, банкі сёння прапануюць нядрэнныя працэнты на безадзыўныя ўклады нават на кароткія тэрміны. Стаўкі памерам 9-9,2 % гадавых цяпер можна знайсці на дэпазіце на тэрмін 35, 65 і 95 дзён. Таксама 9,2 % гадавых можна атрымаць за ўклад на тэрмін у тры ці чатыры месяцы. А вось за дэпазіт на 190 дзён банкіры дадуць 10,3 % гадавых. Самая добрая стаўка, якая роўная 12,5 % гадавых, прадугледжана за безадзыўны ўклад на тэрмін 14 месяцаў і больш.

Стаўка фіксаваная, але ёсць нюансы

Большасць дэпазітаў, асабліва з невялікімі тэрмінамі, маюць пастаянную працэнтную стаўку, якая самастойна банкамі мяняцца ўжо не можа. Наогул, банкі цяпер не могуць памяншаць стаўкі па дэпазітах у аднабаковым парадку. Гэта стала правілам, якое зафіксаваў рэгулятар яшчэ ў лістападзе мінулага года, але...

З названага правіла маецца выключэнне: дагаворы са зменнай стаўкай, што залежыць ад паказчыка, змяненне якога адбываецца незалежна ад банка. У прыватнасці, такім параметрам можа быць стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка. Таму некаторыя банкі, апісваючы стаўку на працяглыя тэрміны, адзначаюць, што яна роўная стаўцы рэфінансавання плюс-мінус нейкі працэнт.

Акрамя таго, банкі пазбавіліся магчымасці зарабляць сродкі яшчэ некалькімі спосабамі, якія ў Нацыянальным банку палічылі непрымальнымі. У прыватнасці, ім забаронена браць грошы за інфармацыю аб умовах крэдытавання і разгляд заявы аб выдачы крэдыту, а таксама за адкрыццё банкаўскага рахунку і залічэнне на яго крэдыту.

Валюта зімой не каціруецца

Традыцыйна ўклады дзеляцца і па тыпе валюты: можна адкрыць рублёвы або валютны дэпазіт. Натуральна, стаўкі па першым заўсёды вышэйшыя. Напрыклад, максімальная стаўка, якую можна знайсці на ўклад у беларускіх рублях, – 12,5 % гадавых.

Калі грошы вы збіраеце на працягу года для мэтавай пакупкі ў айчыннай валюце, то лепш аддаваць перавагу рублям. Чаму? Наш рубель таннее ў адносінах да долара ў сярэднім на 5-6 % у год. Пакуль гэта было так, ва ўсякім выпадку, у апошнія два гады дакладна. Возьмем па максімуме 6 % і адымем ад нашых 12,5 %. Атрымліваем рэальных 6,5 % з пераводам у валюту. Узяць большы працэнт ад укладу ў валюце можна толькі, калі вы маеце смеласць «гуляць» у карпаратыўныя валютныя аблігацыі. Дарэчы, з сакавіка і іх ужо не будзе.

Зусім іншы варыянт атрымліваецца, калі вы плануеце паехаць летам за мяжу ці ўжо доўгі час збіраеце грошы на нерухомасць. У гэтым выпадку вам лепш, відаць, выбраць валютны ўклад, тут ваш выбар залежыць ад актуальнай на сёння доларавай інфляцыі. Працэнты па валютным укладзе невялікія – максімум 2 % гадавых. Сярэдняя стаўка па доўгатэрміновых укладах складае ад 1 % да 1,5 %.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 11 студзеня 2019 г.