/ / Общественно-политические
08.02.2019

Ліміт страхавых выплат и складанасці пры запаўненні бланка: што бянтэжыць нашых кіроўцаў у еўрапратаколе?

Вечар. Мінск. Праспект Незалежнасці. Некалькі кварталаў стаяць у заторы. Спазняюцца і нервуюцца сотні гараджан. Неўзабаве высвятляецца прычына: дзве легкавушкі сутыкнуліся бамперамі. Вадзіцелі чакаюць інспектараў ДАІ, хоць маглі б запоўніць еўрапратакол. Спрошчаная схема афармлення ДТЗ, здавалася б, выгадная для ўсіх. Вадзіцелям не трэба гадзінамі чакаць ДАІ, інспектары не марнуюць час на «дробязі», а заторы з-за аварыі знікаюць хутчэй. Карэспандэнт «Р» з экіпажам ДАІ пабывала на некалькіх аварыях і даведалася, што бянтэжыць вадзіцеляў у еўрапратаколе.

Еўрапратакол

Маю права

Нашы вадзіцелі сёмы год карыстаюцца правам самастойна афармляць ДТЗ без выкліку ДАІ. Па гэтай спрошчанай схеме можна аформіць не кожную аварыю. Пакуль патрулюем мінскія вуліцы ў чаканні выкліку, старшы інспектар ДПС аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандр Дашыневіч пералічвае ўмовы, пры якіх можна скарыстацца еўрапратаколам:

– Сутыкнуліся не больш за два аўтамабілі. У аварыі ніхто не загінуў і не пацярпеў. Іншая маёмасць, акрамя двух аўтамабіляў-удзельнікаў, не пацярпела. Гэта значыць, калі ў выніку аварыі пашкодзіліся, скажам, святлафор ці адбойнік, то без выкліку ДАІ не абысціся...

Акрамя вышэйпералічанага, інспектар назваў яшчэ некалькі важных момантаў. А менавіта: абодва вадзіцелі павінны згадзіцца з абставінамі і прычынамі аварыі. У абодвух павінны быць вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі і дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці.

Складанасцей з запаўненнем еўрапратакола быць не павінна: на адваротным баку бланка можна знайсці падрабязную інструкцыю. Аднак, знаходзячыся ў стрэсавым стане, можна памыліцца ў запаўненні паведамлення і атрымаць масу праблем. Вось некаторыя вадзіцелі і перастрахоўваюцца, маўляў, лепш я дачакаюся інспектара, які ўсё зробіць за мяне і не памыліцца.

Першы выклік. На вуліцы Чырвонай сутыкнуліся Peugeot і Opel. Сітуацыя банальная. Peugeot падрэзалі, вадзіцель прытармазіў, Opel, які ехаў ззаду, не вытрымаў дыстанцыю і стукнуў у задні бампер...

Аўталедзі паказвае на ўвагнутасць на заднім бамперы свайго Peugeot і тлумачыць, чаму яна настаяла на выкліку ДАІ:

– А калі там нябачныя воку дэфекты? Сума шкоды можа перавысіць 400 еўра (па ўмовах еўрапратакола шкода, прычыненая маёмасці кожнага з удзельнікаў, не павінна перавышаць 400 еўра па курсе Нацбанка. – Аўт.). Калі мне апошні раз так заехалі, рамонт пацягнуў на дзве з паловай тысячы...

Другі ўдзельнік аварыі Аляксей з еўрапратаколам аказаўся знаёмы. Адзін бланк нават знайшоўся ў ягоным Opel:

– Аднойчы прыйшлося запаўняць такі бланк. Каб перастрахавацца, выклікалі ДАІ. Інспектар пад’ехаў, усё праверыў, і мы раз’ехаліся хвілін за дзесяць. Ніякіх праблем са страхавымі выплатамі не было.

Бланкі павінен выдаваць страхоўшчык пасля заключэння дагавора. Іх таксама можна бясплатна ўзяць амаль на ўсіх аўтамабільных запраўках.

Каб разгледзець увагнутасці на бамперах легкавушак, давялося пастарацца: пашкоджанні мінімальныя. Вырашаем правесці невялікі эксперымент і параўнаць час, які пойдзе на запаўненне еўрапратакола і пратакола ДАІ... З моманту выкліку інспектараў прайшло паўтары гадзіны, а супрацоўнік ДАІ яшчэ запаўняе дакументы. Мы тым часам запаўняем еўрапратакол – праз дзесяць хвілін усё гатова!

Што да дробных памылак накшталт недакладна названага нумара дакумента ці аўтамабіля, то страхавыя кампаніі да іх ставяцца лаяльна: копіі дакументаў ёсць у базе. У крайнім выпадку паведамленне можна перапісаць разам з другім удзельнікам аварыі. Галоўнае, каб ён аказаўся свядомым і не адмовіўся.

Дробязі жыцця

– На афармленне такіх вось нязначных здарэнняў у нас траціцца ў сярэднім каля гадзіны, – падлічвае інспектар. – Складаем схему ДТЗ, здымаем памеры праезнай часткі, запісваем пашкоджанні аўтамабіляў, апытваем вадзіцеляў і відавочцаў. Потым пішам разгорнутую даведку для пацярпелага боку.

Яшчэ адзін плюс еўрапратакола – пратакол ДАІ не складаецца. Гэта важна для тых, у каго прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці можа адбіцца на кар’еры. Дапусцім, у аднаго з вадзіцеляў не пройдзены тэхагляд ці пратэрмінавана вадзіцельскае пасведчанне. Пры складанні стандартнага пратакола інспектар ДАІ гэта высветліць і выпіша штраф. У выніку пацярпелы вадзіцель, калі ў яго не ўсё ў парадку з дакументамі, можа заплаціць большую суму, чым вінаваты ў аварыі.

– А калі за рулём аднаго з аўтамабіляў быў не ўладальнік, а жонка ці сын? – па дарозе на наступны выклік пытаюся ў інспектара.

– У такім выпадку падпісаць паведамленне без ягонай згоды немагчыма, – папярэдзіў Аляксандр Дашыневіч. – Трэба праінфармаваць уласніка машыны пра аварыю і пра запаўненне такога паведамлення.

На праспекце Машэрава сітуацыя як пад капірку. Адна машына ўдарыла другую. Інспектар Дашыневіч прапануе ўдзельнікам абысціся еўрапратаколам, і абодва згаджаюцца, бо спяшаюцца на працу. Калі ўсе моманты ўзгодненыя, вадзіцелі падпісваюць дакумент. Арыгінал застаецца ў пацярпелага, копію забірае віноўнік. На ўсё пра ўсё 15 хвілін. Большая частка часу патрачана на тое, каб схематычна замаляваць становішча аўтамабіляў на праезнай частцы і стрэлачкамі пазначыць іх кірунак руху.

Па словах інспектара, інфармацыю аб тым, што пры аварыі ёсць варыянт раз’ехацца без ДАІ, вадзіцелі прапускаюць міма вушэй і дзейнічаюць па-старому. Гэта пацвярджаецца і на практыцы: спыніўшы дзесяць машын, мы пацікавіліся ў вадзіцеляў, ці знаёмыя яны з еўрапратаколам. Усяго шасцёра пра яго чулі, і толькі ў траіх бланк аказаўся пры сабе. Прытым што спрошчаны парадак афармлення аварыі дзейнічае ў краіне ажно з 2011 года.

Многія апытаныя намі вадзіцелі прызналіся, што еўрапратаколам не карыстаюцца з-за ліміту страхавых выплат. Бо на вока ў стрэсавай сітуацыі не вызначыш дакладную суму шкоды. Хтосьці наогул не разбіраецца ў коште запчастак. Часам пашкоджанні, рамонт якіх перавышае 400 еўра, можна ўбачыць толькі пастфактум на СТА. Вось вадзіцелі і чакаюць інспектара, каб не патрапіць у няёмкае становішча.

Перастрахаваліся

– Часта чую ад аўтаўладальнікаў: «Я патэлефанаваў у салон, і мне сказалі, што дэталь каштуе 500 еўра». Магчыма, але гэта кошт новага элемента для новай машыны. А калі вашаму аўто ўжо гадоў 10-15? Ад цаны дэталяў страхоўшчык будзе мінусаваць іх знос, – акцэнтаваў увагу Аляксандр Дашыневіч.

Страхавальнікі таксама адзначаюць, што пры павышэнні сумы страхавой выплаты колькасць аварый, аформленых па еўрапратаколе, расце. Так было ў 2014 годзе, калі сума выплаты з 200 еўра падрасла да 400 еўра. Зараз разглядаецца пытанне павелічэння сумы выплаты да 600 еўра.

Сёння ў многіх краінах Еўрапейскага саюза ўся «дробязь» афармляецца па еўрапратаколе. У нас жа спрацоўвае прынцып: «Раптам я што-небудзь наблытаю, лепш патэлефаную ў ДАІ». А пакуль інспектары афармляюць драпіны на бамперах, нярэдка здараюцца сур’ёзныя ДТЗ.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 8 лютага 2019 г.