/ / Общественно-политические
17.12.2019

Зацверджаны спіс работ па цепламадэрнізацыі дома, кошт якіх напалову аплачваюць жыхары

Спіс работ па цепламадэрнізацыі дома, кошт якіх напалову аплачваюць жыхары, зацверджаны пастановай № 839 Саўміна. У дакуменце прапісаны таксама парадак правядзення энергаэфектыўных мерапрыемстваў, пакрыцця затрат на іх рэалізацыю і тыпавая форма дагавора з жыхарамі.

Дамы, у якіх запланаваны не толькі капрамонт, але і мерапрыемствы па ўцяпленні фасада ды рэканструкцыі сістэм ацяплення (са згоды ўласнікаў), будуць мадэрнізаваць у першую чаргу.

Беларусам прапануецца на пяцьдзясят працэнтаў прафінансаваць наступныя работы:

1. Уцяпленне канструктыўных элементаў будынка: сцен, даху, перакрыццяў гарышча ці падвала.

2. Рэканструкцыя і мадэрнізацыя сістэмы ацяплення і гарачага водазабеспячэння: замена самой сістэмы, устаноўка радыятараў замест батарэй у сценах «панэлек», тэрмастатычных і балансіровачных прылад сістэмы ацяплення, наладка цыркуляцыйнага трубаправода ў сістэме гарачага водазабеспячэння.

3. Устаноўка прыбораў індывідуальнага ўліку і рэгулявання цеплаэнергіі (ІПУ).

4. Устаноўка індывідуальных цеплапунктаў: устаноўка або замена цеплаабменнікаў, групавых прыбораў камерцыйнага ўліку, сістэм аўтаматычнага рэгулявання расходу цеплаэнергіі, наладка сістэм дыспетчарызацыі, устаноўка цыркуляцыйных помпаў з частотным рэгуляваннем.

5. Наладка работы сістэмы дыстанцыйнага здымання паказчыкаў і іх элементаў з ІПУ.

6. Устаноўка новых вокнаў у месцах агульнага карыстання з давядзеннем канструкцый да нарматыўных паказчыкаў супраціўлення цеплаперадачы.

7. Замена дзвярэй у дапаможных памяшканнях, уцяпленне тамбураў і вентыляцыйных шахтаў.

8. Наладка сістэмы рэкуперацыі цеплавой энергіі.

З гэтага пераліку людзі самі выбіраюць работы, якія хочуць бачыць у сваім доме і кватэры і якія можна рэалізаваць на практыцы. Для іх зацвярджэння патрэбна згода дзвюх трацін кватэраўласнікаў. Плаціць за мадэрнізацыю мяркуецца штомесяц на працягу дзесяці гадоў, без індэксацыі сум. А льготным катэгорыям грамадзян растэрміноўка можа павялічвацца да 15 гадоў.

Ірына Сідарок, «Звязда», 14 снежня 2019 г.