/ / Общественно-политические
22.08.2019

Як не купіць «адноўлены» айфон – Мінскае таварыства спажыўцоў

У Мінскае таварыства спажыўцоў звярнулася жанчына, якая заказвала праз інтэрнэт мабільны тэлефон, а ёй даставілі зусім не тое, на што яна разлічвала. Высветлілася, што тавар з’яўляецца адноўленым і да таго ж не выраблены кампаніяй АррІе, а сабраны з камплектуючых іншых пастаўшчыкоў. Жанчына звярнулася ў суд з патрабаваннем скасаваць дагавор. Ні на сайце, ні пры дастаўцы ад кур’ера яна не пачула, што замоўлены тэлефон – не новы. Праўда, на чэку вельмі дробным шрыфтам было напісана, што тавар адноўлены, але проста на гэтым надпісе стаяла тлустая пячатка і разабраць словы, якія яна закрывала, было практычна немагчыма. У выніку ўдалося даказаць, што належнай інфармацыі пра пакупку жанчына не атрымала...

Мобильный телефон

Сёння многія скаргі аматараў інтэрнэт-пакупак звязаныя з тым, што людзям замест «свежанькіх» гаджэтаў вядомых гандлёвых марак (напрыклад, тых жа айфонаў ці іншай тэхнікі) сплаўляюць адноўленыя тавары, а інфармацыя пра тое, што рэч была ва ўжыванні альбо ў ёй прыбіраліся недахопы, спажыўцу не даецца, хоць прадавец па законе аб правах спажыўцоў абавязаны гэта рабіць. Шмат прыходзіць прэтэнзій і ад людзей, што набылі так званыя велагібрыды. Скаргі ад уладальнікаў падобных сродкаў перасоўвання могуць быць самыя розныя – ад недакладна ўказанай емістасці электрабатарэі да тэхнічных праблем.

– Многія арганізацыі па продажы запатрабаваных тавараў працяглага карыстання, напрыклад, такіх як электрасамакаты, пасля таго як прадаюць пэўную партыю тавараў неналежнай якасці, імкнуцца сысці ў ліквідацыю да таго часу, пакуль ім не прад’явілі судовага іску, – дзеліцца юрыст грамадскага аб’яднання «Мінскае таварыства спажыўцоў» Вадзім Мазго. – Другі спосаб пазбегнуць адказнасці ў сувязі з парушэннем правоў спажыўца – сысці ў рэарганізацыю.

Пытанні «на засыпку»?

Натуральна, каб не атрымаць праблемную рэч пры заказе праз інтэрнэт, лепш перастрахавацца яшчэ да таго, як вы станеце яе ўладальнікам. Нават калі вы ўжо ўнеслі грошы і кур’ер прывёз заказаную рэч, вы яшчэ можаце адмовіцца ад здзелкі, калі вас нешта насцярожвае. Прычынай для скасавання дагавору можа быць нават тое, што пры дастаўцы тавару вы запыталі дадатковую інфармацыю, напрыклад аб правілах карыстання і догляду за таварам, і не атрымалі адказаў на свае пытанні. Абавязкова глядзіце, якія паперкі вам падсоўваюць на подпіс быццам за дастаўку, разбірайце ўсе дробныя і падазроныя надпісы. Не варта пакідаць свой аўтограф на дакументах, дзе пазначана, што пакупнік атрымаў усю неабходную інфармацыю пра тавар, – такім чынам прадаўцы страхуюцца. Даказаць пасля, што, напрыклад, замоўлены гаджэт мае недахопы ці не спраўдзіў вашы чаканні, будзе складаней. Наогул, усе пытанні адносна тавару, у тым ліку пра яго якасць, наяўнасць пэўных функцый, умовы эксплуатацыі і захоўвання трэба задаць да таго, як тавар будзе перададзены вам у рукі. Не забудзьцеся папрасіць прадэманстраваць гаджэт у дзеянні – няхай кур’ер сам уключыць тэлефон, фотаапарат, тэлевізар. Калі ж вы ўжо забралі рэч і пасля выявілі ў ёй недахопы, для вырашэння праблемы спатрэбіцца час, цярпенне і, натуральна, веданне закона аб правах спажыўцоў.

«Дасье» на пакупку

«Законам аб абароне правоў спажыўцоў устаноўлены абавязковы пералік інфармацыі, якая павінна быць указана на інтэрнэт-сайце прадаўца. Акрамя закона ёсць яшчэ пастанова Савета Міністраў РБ аб зацвярджэнні правіл продажу тавараў пры здзяйсненні рознічнага гандлю па ўзорах, які ўстанаўлівае дадатковыя патрабаванні да інфармацыі, што прадстаўляецца спажыўцу пры здзяйсненні пакупкі праз інтэрнэт», – тлумачыць Вадзім Раманавіч. Пазнаёміцца з гэтымі дакументамі можна і ў сеціве.

Пералік інфармацыі аб таварах, работах і паслугах, якую вытворца, прадавец, пастаўшчык, выканаўца абавязаны своечасова падаць спажыўцу, сапраўды ўнушальны. Тут акрамя наймення, відаў і асаблівасцяў прапанаваных работ і паслуг, спасылак на нарматыўныя акты, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да якасці, звестак аб спажывецкіх уласцівасцях тавараў, вынікаў работ і паслуг, утрымліваецца яшчэ многа іншага. Так, спажывец павінен ведаць усё пра харчовы тавар – яго склад, харчовую каштоўнасць, каларыйнасць, ці з’яўляецца ён генетычна мадыфікаваным (калі ў ім утрымліваюцца такія складнікі і кампаненты), звесткі аб спецыяльных заяўленых уласцівасцях харчовых прадуктаў (пры наяўнасці дакументаў, якія гэта пацвярджаюць). Да таго ж пакупнік павінен быць праінфармаваны пра кошт і ўмовы аплаты работ, паслуг, тавараў, калі гэтыя ўмовы адрозніваюцца ад звычайных.

Спажывец таксама павінен атрымаць рэкамендацыі ці абмежаванні па выкарыстанні (у тым ліку па прыгатаванні) харчовых прадуктаў пры ўмове, што іх выкарыстанне без гэтых рэкамендацый, абмежаванняў ускладняецца альбо можа прычыніць шкоду пакупніку ці яго маёмасці і прывесці да зніжэння альбо страты смакавых уласцівасцяў харчовых прадуктаў.

Натуральна, калі ўстаноўлены гарантыйны тэрмін, гэта таксама ўказваецца, як і дата вырабу (калі іншае не прадугледжана заканадаўствам, тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза), звесткі пра тэрмін службы, прыдатнасці, захоўвання тавараў і вынікаў работ і паслуг (калі яны адрозніваюцца ад умоў захоўвання адпаведных тавараў, работ, паслуг ці патрабуюць спецыяльных умоў захоўвання), а таксама пра неабходныя дзеянні спажыўца па заканчэнні ўказаных тэрмінаў (прыдатнасці, службы ці захоўвання) і магчымыя наступствы іх невыконвання, калі яны ўяўляюць небяспеку для жыцця, здароўя, спадчыннасці, маёмасці або навакольнага асяроддзя.

Сярод абавязковай інфармацыі – спасылкі на краіну, адкуль паходзіць тавар, указанні на канкрэтную асобу, якая будзе выконваць работы і паслугі, і інфармацыя пра яе (калі гэта мае значэнне зыходзячы з характару работ), колькасць і камплектнасць тавару, звесткі аб класе энергаэфектыўнасці, калі яго ўстанаўленне прадугледжана заканадаўствам, і г. д.

Акрамя таго, калі здзяйсняецца продаж праз інтэрнэт па ўзорах, спажывец можа запрасіць яшчэ і дадатковыя звесткі.

Дарэчы, падобнае «дасье» на тавар павінна быць пададзена на рускай ці беларускай мовах, якія з’яўляюцца дзяржаўнымі ў нашай краіне; дапускаецца прадстаўленне гэтай інфармацыі на іншых мовах пры ўмове, што гэта запрасіў сам спажывец.

Вашы правы

– Калі мы набылі праблемны тавар, атрымліваецца, што можам яго вярнуць, нават спасылаючыся толькі на тое, што нас не забяспечылі неабходнай інфармацыяй?

– Спажывец у судзе павінен яшчэ даказаць, што ён не атрымаў усю належную інфармацыю (на падставе чаго суд зможа прыняць рашэнне аб скасаванні дагавору), але, не маючы юрыдычных ведаў, для яго гэта можа быць даволі складана. Калі ж вы набылі тавар неналежнай якасці, тут ужо прадаўцу ў судзе давядзецца даказваць, ці так гэта.

– Ці трэба страхавацца? Напрыклад, калі кур’ер прывёз тавар, рабіць запіс, што ён казаў, як перадаў рэч. Ці будзе гэта ўлічвацца ў судзе, калі раптам узнікнуць праблемы з таварам?

– У судах грамадзянскай інстанцыі відэазапіс не з’яўляецца менавіта доказам, але суд можа прыняць да ведама гэту інфармацыю. Калі вы набылі тавар неналежнай якасці, самае важнае – абавязкова ў пісьмовай форме (а не праз інтэрнэт!) падаць скаргу прадаўцу – лепш заказным лістом з паведамленнем, тады будзе пазначана дата дастаўкі. Можна пад’ехаць і ў пункт прыёму тавараў, запрасіць кнігу скаргаў і прапаноў і пакінуць там свае прэтэнзіі. Калі пасля вашай заявы па заканчэнні 7-дзённага перыяду прадавец не праводзіць праверкі якасці тавару і паслугі, то ў спажыўца ўзнікае падстава патрабаваць 1 працэнт за кожны дзень пратэрміноўкі, які вылічваецца ад кошту тавару альбо работы ці паслугі, якую ён набыў праз інтэрнэт. Накіроўваць прэтэнзіі трэба на адрас, указаны на галоўнай старонцы сайта. Паводле заканадаўства спажывец абавязкова павінен атрымліваць інфармацыю пра месцазнаходжанне вытворцы, прадаўца, выканаўцы, а таксама пры наяўнасці арганізацыі, якая ажыццяўляе дзейнасць па ўвозе тавару на тэрыторыю краіны, прадстаўніка рамонтнай арганізацыі і – калі вытворцам з»яўляецца індывідуальны прадпрымальнік альбо ўвоз тавару на тэрыторыю РБ для яго наступнай рэалізацыі быў здзейснены індывідуальным прадпрымальнікам – прозвішча, імя, імя па бацьку (калі ёсць) і месца жыхарства індывідуальнага прадпрымальніка.

– Ці ёсць патрабаванні да тэрміну дастаўкі тавараў? Напрыклад, людзі замаўлялі падарункі да свята (Новага года ці дня нараджэння), а атрымаць у тэрмін іх не змаглі...

– Пры рэалізацыі спажыўцу тавараў, выкананні работ, паслуг па ўзорах прадавец, (выканаўца) павінен даць спажыўцу да моманту заключэння дагавора інфармацыю пра тэрміны дастаўкі тавару, аказання работ і паслуг, кошт і ўмовы аплаты дастаўкі. Пры парушэнні тэрмінаў пастаўкі спажывец можа патрабаваць няўстойку за кожны дзень пратэрміноўкі.

– Паводле закона спажывец павінен атрымаць інфармацыю і пра спажывецкія якасці тавараў, але дзе яны павінны быць прапісаны? І ці магчыма даказаць, што набыты тавар не мае пэўных функцый, на якія разлічваў пакупнік? Альбо што, напрыклад, гук плэера недастаткова магутны...

– Пералік функцый павінен быць прадстаўлены на сайце ці ў рэкламным буклеце, па якім прадавец здзяйсняе продаж. Для складанатэхнічных тавараў указваецца адпаведны дыяпазон частот, у межах якога прайграецца гук. Ён павінен адпавядаць тым тэхнічным нарматыўным прававым актам, якія выдадзены ў РБ ці ўстаноўлены тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза або Еўразійскага эканамічнага саюза. Калі спажывец лічыць, што дыяпазон частот недастатковы, спрэчку з прадаўцом можна вырашыць толькі шляхам спецыялізаванай экспертызы. Калі казаць пра складаную дарагую тэхніку, у пашпарце вырабу ці на сайце можа быць указаны дыяпазон частот, і калі ён не пацвердзіцца экспертызай, гэта будзе падставай для скасавання дагавора. Часам прадаўцы ўхіляюцца ад правядзення экспертызы. Яны таксама маглі не прадстаўляць інфармацыю аб дыяпазоне частот, і калі такіх звестак няма і ў пашпарце вырабу, дык скарга на тое, што гук недастаткова добры, не будзе падставай для скасавання дагавора (за выключэннем, калі падобныя выпрабаванні прадугледжаны нарматыўна-прававымі актамі).

– Што можна патрабаваць, калі спажывец атрымаў тавар неналежнай якасці?

– Калі гэта тавар дарагі ці складанатэхнічны (у тым ліку мабільныя тэлефоны, планшэты, камп'ютары і іншая тэхніка), у 30-дзённы тэрмін вы маеце права вярнуць яго прадаўцу, скасаваць дагавор і патрабаваць выплачаных грошай. Па заканчэнні 30-дзённага тэрміну для гэтай катэгорыі скасаваць дагавор можна толькі ў выпадку, калі тавар мае істотны недахоп (кошт рамонту – 30 і больш працэнтаў ад цаны тавару) альбо працягласць рамонту перавышае тэрмін, устаноўлены заканадаўцам. Часта прадаўцы адпраўляюць тавар у Расію, дзе праводзіцца рамонт, і тэрміны яго могуць зацягвацца. Тэрмін, які перавышае 14 дзён без згоды спажыўца ці 30 са згоды спажыўца, – падстава для скасавання дагавора куплі-продажу.

Што датычыцца другой групы тавараў (нескладанатэхнічных і недарагіх), то, калі ў іх няма нейкіх функцый ці яны няспраўныя, спажывец можа патрабаваць замены тавараў неналежнай якасці, адпаведнага памяншэння пакупнога кошту, неадкладнай бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў альбо пакрыцця выдаткаў па давядзенні тавару да ладу, калі пакупнік гэта зрабіў за свой кошт.

Калі выяўлены ўласцівасці тавару, якія не дазваляюць ліквідаваць недахопы, – напрыклад, у харчовых прадуктах, таварах бытавой хіміі, – спажывец мае права патрабаваць яго замены. Акрамя таго, ён можа скасаваць дагавор і патрабаваць вяртання выплачанай грашовай сумы, пры гэтым вярнуць тавар неналежнай якасці, прычым нават без упакоўкі. Адсутнасць у яго дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, – яшчэ не падстава для прадаўца, каб адмовіць у скарзе. У такіх выпадках, калі адсутнічае дакумент аб набыцці, мэтазгодна захоўваць біркі, упакоўкі, каб даказаць, што тавар набыты ў канкрэтным месцы.

Калі вы вяртаеце прадаўцу тавар, ён абавязаны ў 7-дзённы тэрмін правесці праверку якасці, а калі вы не згодныя з яго вынікамі, то яшчэ ў 7-дзённы тэрмін – экспертызу. Пры гэтым прадавец абавязаны праінфармаваць спажыўца аб яго праве на ўдзел у правядзенні праверкі якасці тавару і, калі гэта не робіцца адразу, пра час і месца, дзе яна будзе адбывацца.

Спажывец можа не пагадзіцца з экспертызай прадаўца і патрабаваць новай – у незалежнай ад прадаўца арганізацыі.

Вяртанне буйнагабарытных тавараў ці тавараў неналежнай якасці вагой больш за 5 кілаграмаў, а таксама дастаўка такіх тавараў для бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў здзяйсняецца за кошт прадаўца. Калі той адмаўляецца самастойна забраць праблемную рэч, пакупнік здзяйсняе дастаўку за свой кошт і можа патрабаваць пакрыць выдаткі, звязаныя з дастаўкай, вяртаннем тавару. Трэба толькі захаваць дакументы, якія пацвярджаюць, што вы трацілі ўласныя сродкі. Напрыклад, чэк за бензін – дастатковы доказ.

Калі віна прадаўца даказана, ён павінен вярнуць грошы і за тавар, і за праведзеную экспертызу. Калі ж высветліцца, што спажывец не мае рацыі, недахопы тавару адсутнічаюць альбо ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу ў выніку парушэння ім правіл карыстання, захоўвання ці транспарціроўкі, дзеянняў трэціх асоб альбо непрадбачаных абставін, тут ужо спажывец павінен пакрыць прадаўцу выдаткі на правядзенне экспертызы, а таксама на звязаную з ёй транспарціроўку тавару.

Алена Дзядзюля, «Звязда», 22 жніўня 2019 г.